Здаралася, мне нават давалі зніжкі ў крамах за беларускую мову. Нечакана падзякавалі за добрае вымаўленне, калі станавіўся на ўлік у ваенкамаце ў Ленінскім раёне Менска. Сябры з Расеі, калі прыязджаюць, просяць больш размаўляць па-беларуску. Ім цікавыя нашыя мова і культура не ў іх падабенстве да расейскай, а ў адрозненнях. Аднаму з іх вельмі спадабалася слова «сябра», ён доўга адпрацоўваў яго вымаўленне і цяпер любіць прамаўляць пры кожнай сустрэчы.
Быць беларусам гэта быць як самім сабой, так і нашчадкам сваіх продкаў.
Зміцер Трафімчук: Стаў беларусам праз мову
Я стаў беларусам праз мову. Дзесьці цягам году пераконваў сябе, што варта пачаць размаўляць па-беларуску. І ўвесь гэты час займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў, знаёміўся з людзьмі, якія дапамагалі мне пераканацца, што абраны мной шлях правільны і па-беларуску размаўляць варта. І вось на працягу ўжо досыць доўгага часу я карыстаюся беларускай, што ніяк не замінае мне ў стасунках з іншымі людзьмі.
Мае бацькі калі і паўплывалі на маю беларускасць, то несвядома. Так бы мовіць, на генным узроўні. У атачэнні, дзе я рос, людзі размаўлялі на «лёгкай» (скажам так, каб не ўжываць больш грубых тэрмінаў) беларускай мове. А цяпер ужо хутчэй я на іх уплываю. Бо мая прафесія філолаг, і мой абавязак правільнае валоданне мовай.
Быць беларусам гэта найперш не саромецца таго, што ты беларус. Адказ абстрактны, але насамрэч ён адсылае да гісторыі нашай штодзённасці. Шмат якія людзі, пазіцыянуючы сябе беларусамі, не ведаюць элементарных беларускіх каштоўнасцяў, не валодаюць інфармацыяй, звязанай з гісторыяй Беларусі, бо не кожны можа дайсці да бібліятэкі. А калі б гэтая інфармацыя была паўсюль, перадусім на радыё і тэлебачанні, яна б, напэўна, шмат каго схіліла натхніцца беларушчынай. Як гэта было ў маім выпадку.
Дзяніс Голін: Найпершае ў пошуках і вызначэнні ідэнтычнасці гэта мова
Напэўна, мая беларускасць пачалася з зацікаўленасці гісторыяй. Не беларускай, а наогул. Гісторыяй старажытнага свету, Сярэднявечча Пасля надышоў час і гісторыі Беларусі, якую пачалі выкладаць у школе. Недзе тады трапіла мне ў рукі кніжка Вітаўта Чаропкі «Імя ў летапісе» і адкрыла вочы на выбітных асобаў роднай зямлі. Асабліва падабаліся нарысы пра барацьбу з крыжакамі.
Канчатковая ж мая «беларусізацыя» адбылася пасля першага курсу журфаку, калі з агульнай парады выкладчыка і «на злосць усім» я ўсё лета намагаўся думаць і размаўляць па-беларуску. Вярнуўся з вакацыяў іншым чалавекам. Дарэчы, бацькі паставіліся да гэтай метамарфозы як да зявы натуральнай.
Таму з уласнага досведу магу сказаць, што найпершае ў пошуках і вызначэнні сваёй ідэнтычнасці гэта мова. Яна робіць нас такімі, якімі мы ёсць. Памятаю часы, калі англійская была адзіна прымальнай у тутэйшай цяжкой музыцы. Але менавіта беларускамоўны праект, дзе я пачаў музычную творчасць, звярнуў на сябе ўсеагульную ўвагу.
Памятаеце прадмову да фільма Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі»? «Пяцьсот гадоў таму яны не ведалі, што яны беларусы, але іх дзяржава была найвялікшай у Еўропе. Калі яны даведаліся пра гэта, у іх ужо не было дзяржавы, і іншыя лічылі іх то недаробленымі рускімі, то непаўнавартаснымі палякамі. Але беларусы яшчэ былі. Нарэшце іх запісалі ў савецкі народ. А потым пачалася вайна і акупацыя. Пасля гэтага беларусаў засталося зусім мала. Цяпер у беларусаў ёсць дзяржава. Але іх саміх ужо не засталося».
Менавіта ад людзей, якія бяруць на сябе нялёгкі абавязак звацца беларусамі, залежыць, ці будуць беларусы. І якімі будуць.
Аляксандр Тамковіч: Сорамна перакладаць беларуса на беларускую мову
Я былы вайсковец, дакладней вайсковы журналіст. Вучыўся на факультэце журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Да гэтага скончыў «рускую» школу і адзін курс Ленінградскага тэхналагічнага інстытута халадзільнай прамысловасці. Зразумела, беларускую мову нідзе належным чынам не вывучаў. Таму, каб ніхто не смяяўся з памылак, пісаў на «великом и могучем».
Так было да траўня 2007 года, калі рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль прапанаваў мне зрабіць серыю нарысаў «Найноўшая гісторыя Беларусі ў асобах». З задавальненнем пагадзіўся, засмучаў толькі адзін момант газета на беларускай мове, а я пішу на расейскай. У адказ прагучала пішыце на расейскай, будзем перакладаць. І тут мне, шчыра кажучы, стала крыху сорамна ад таго, што хтосьці будзе перакладаць на беларускую мову беларуса
Як вядома, лета «мертвый сезон», таму мы вырашылі дачакацца восені. Першы нарыс на беларускай мове зявіўся 12 верасня 2007 года. Напісаны ён быў з дапамогай руска-беларускага слоўніка і кампютарнай праграмы «Літара», якая падкрэслівае чырвоным колерам памылкі і «русізмы». Зараз серыя нарысаў працягваецца, толькі абектам стаў «трэці сектар». У слоўнік я амаль не заглядваю. Няма такой неабходнасці.
Я родам з захаду Беларусі, а там раней панавалі дзве мовы мясцовая (беларуская) і польская. Толькі апошнім часам дадалася яшчэ і расейская. Па сутнасці, адбываецца тое, што і ўсюды, пасля таго як сюды прыйшлі «саветы». У маіх родных Ашмянах ніколі (адно выключэнне) не было «свайго» начальства. Іх заўсёды прысылалі з Усходу.