Неўпрыкмет міналі школьныя гады, і аднойчы я вырашыла, што хачу быць журналісткай. Атрымалася патрапіць на факультэт беларускай філалогіі і культуры ў БДПУ (Педагагічны ўніверсітэт), дзе я атрымлівала дзве спецыяльнасці журналістыка, пра якую марыла, і беларуская мова і літаратура так бы мовіць, пабочны эфект.
Тое, што пры паступленні падалося пабочным эфектам, змяніла мяне да непазнавальнасці. Менавіта ва ўніверсітэце я адкрыла для сябе Беларусь: літаратуру, мову, гісторыю, у тым ліку і гісторыю мовы, а таксама выкладчыкаў, якія апавядалі, хто такі Быкаў, што зрабіў Каліноўскі, як гучаць дыялекты нашай мовы ў розных раёнах. Беларусь для мяне набывала размаітыя колеры і адценні, рабілася больш прывабнай і ўтульнай.
Сёння здаецца, што на падсвядомым узроўні я заўсёды ведала сваю нацыянальнасць і ганарылася гэтым. Проста трэба было шмат перажыць, каб усвядоміць і ацаніць вартасць гэтых двух словаў: «Я беларуска».
Раман Бекарэвіч: Мой доўгі шлях, альбо Як я асэнсаваў сябе беларусам
Я нарадзіўся ў расейскамоўнай сямі, але ўсе мае родныя, акрамя бабулі па матчынай лініі, па пашпарце былі беларусамі. Першым штуршком да асэнсавання сябе беларусам, напэўна, былі мае школьныя падручнікі, што распавядалі пра паходжанне нашых нацыянальных сімвалаў (я пайшоў у школу акурат у 1991 годзе).
Гэтыя кнігі на ўсё жыццё прышчапілі любоў да бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні. І потым, у 1995 годзе, мне, дзіцяці, было вельмі цяжка зразумець, чаму ад іх адмовіліся? Чаму мы павінныя змяніць нашы сімвалы, якія мне вельмі падабаліся, на нешта іншае? Аднак мае бацькі растлумачылі мне, што наш сцяг падчас вайны выкарыстоўвалі фашысты, нагадалі пра майго дзядулю й прадзеда, якія змагаліся супраць захопнікаў пад чырвонымі сцягамі. І я з паразуменнем прыняў гэтае тлумачэнне.
Потым доўгі час я зусім не думаў ні пра тое, што такое быць беларусам, ні пра тое, чаму мы павінны бараніць нашу мову. Але ў школе мы шмат чыталі беларускую літаратуру. А настаўніца па гісторыі была вельмі строгая жанчына яшчэ савецкага гарту. Як у савецкія часы яна муштравала вучняў па гісторыі КПСС, так і мы былі вымушаны старанна вывучаць гісторыю ВКЛ і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. З таго часу ў мяне ўжо не было сумневу, што мы беларусы і ў нас ёсць шматвяковая культура. Аднак я не адчуваў сябе часткай гэтай культуры да сямнаццацігадовага ўзросту.
Менавіта тады я ўпершыню пабачыў сямейныя рэліквіі старадаўнія дакументы, якія сведчылі пра маю прыналежнасць да шляхецкага роду. З іх я і даведаўся, што мае продкі, пачынаючы з шаснаццатага стагоддзя, лілі кроў, абараняючы межы сваёй Бацькаўшчыны ад нападаў «вялікага ўсходняга суседа». Я пабачыў сваё генеалагічнае дрэва і тыя самыя шляхецкія граматы імператрыцы Кацярыны Другой, пра якія столькі чуў у школе.
Гэтыя старыя паперы зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне. Пасля чаго і адчыніліся таямнічыя дзверы ў маёй свядомасці. Я пачаў цікавіцца нашай гісторыяй, стаў чытаць шмат кніг на роднай мове і задаваць сабе пытанні, на якія няпроста знайсці адказ.
Апошнім крокам да майго самавызначэння як беларуса стала праца ў Расеі ў студэнцкія гады. Там мне было вельмі сорамна, што ні я, ні мае суайчыннікі не ведаем сваёй мовы. Але разам з тым менавіта там я зразумеў, што беларусы й расейцы зусім розныя, што мы нават метафарычна не можам называцца адзіным народам.
Я Беларус! І я ганаруся гэтым.
Генадзь Трахімавіч: Убачыў нешта новае здзівіся
Я нарадзіўся ў Заходняй Беларусі ў 1934 годзе ў Глыбокім. Для мяне беларушчына гэта найперш гісторыя.
Мае два сыны жывуць ва Ульянаўску. Калі яны прыязджаюць у Беларусь, я заводжу іх на могілкі і паказваю: тут у мяне з боку бацькі пахавана пяць пакаленняў; еду на другія могілкі і кажу, што тут пахавана шэсць пакаленняў з боку маткі. Адна нявестка спытала: ну і што? А другая сказала: калі каго народзіць прывязе ў гэтую царкву, у якой былі хрышчаныя шэсць пакаленняў нашых сваякоў. І вось маю ўнучку хрысцілі ў гэтай царкве, пабудаванай у 1642 годзе.
Да гісторыі Беларусі мяне прыахвоціў бацька. Яго выхаванне грунтавалася на такім прынцыпе: убачыў нешта новае здзівіся, раскрый рот і не закрывай да таго часу, пакуль не даведаешся, што гэта такое. А перастанеш здзіўляцца ты нябожчык.
Да гісторыі Беларусі мяне прыахвоціў бацька. Яго выхаванне грунтавалася на такім прынцыпе: убачыў нешта новае здзівіся, раскрый рот і не закрывай да таго часу, пакуль не даведаешся, што гэта такое. А перастанеш здзіўляцца ты нябожчык.
Я лічу, што калі не ведаеш сваіх каранёў, ты ўжо не беларус.
Андрэй Захарэвіч: Нам ёсць чым ганарыцца
У дзяцінстве я размаўляў па-беларуску ў асноўным з бабуляй і дзядулем, таму што маці ў мяне нарадзілася і нейкі час гадавалася ў Расеі дачка вайскоўца. Беларускую мову яна ўрэшце вывучыла, але вымаўленне такое, што часам і сёння яе цяжка зразумець.
Усё пачалося з таго, што я зацікавіўся гісторыяй. Але гісторыяй не ўвогуле, а свайго роднага краю. Праз некаторы час вырашыў перайсці на беларускую мову. Атрымалася не з першай спробы: псіхалагічна вельмі складана. Хаця жонка мяне адразу падтрымала. Яна сама з беларусаў, з тых, што калісьці паехалі на Урал паводле рэформы Сталыпіна. Знайшоў я жонку ў Кыргызстане.