Галоўнае любіць, мацаваць і бараніць сваю сямю, бо гэта падмурак усяго. Быць гаспадаром у сваёй хаце, сваім горадзе і сваёй краіне, бо калі ў хаце чыста і ладна, дык і з гасцей ніхто на стол брудныя боты не пакладзе. Любіць (ці прынамсі паважаць і шанаваць, калі любоў не склалася) свой край, мову, культуру, веру.
За мяжой я і школу скончыў. Таму калі прыехаў у Беларусь, дык толькі тады зразумеў вось гэта мой край. Увесь час, і ва ўніверсітэце, і там, дзе працаваў, побач заўсёды былі пераважна людзі разумныя, таму калі хто беларускасць і не падтрымліваў, дык і не ўспрымаў яе варожа.
Алесь Мазанік: Думаў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным
Я заўсёды вельмі шанаваў людзей, якія размаўлялі па-беларуску, нават да пэўнага часу меркаваў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным. Аднак пакрысе жыццё запэўніла мяне, што сама мова не робіць з чалавека анёла. Хаця мушу зазначыць, што сярод маіх беларускамоўных знаёмцаў куды больш адэкватных, чым сярод носьбітаў іншых моваў.
Калі мы з маці пайшлі ў менскі музей Янкі Купалы, мне было недзе каля дзевяці гадоў, я хадзіў у расейскамоўную школу, а дома мяне выхоўвалі ў духу інтэрнацыяналізму.
Заходзіў я ў музей адным чалавекам, а выйшаў іншым. Менавіта тады, прайшоўшы наскрозь невялікі двухпавярховы дамок, наслухаўшыся таленавітых экскурсаводаў, я адчуў подых беларушчыны, які й зараз мяне падтрымлівае, калі здараюцца «чорныя» дні календара.
Нашыя пісьменнікі, такія як Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Арлоў, Міхась Чарняўскі, Мікола Ермаловіч і, вядома ж, Янка Купала ды Якуб Колас, заўсёды былі, ёсць і будуць для мяне асабіста ды, хочацца спадзявацца, для ўсіх беларусаў прыкладамі адданасці свайму народу.
Жыць у Беларусі й звацца беларусам паводле пашпарту гэта не мой выбар.
Мой выбар быць Беларусам з вялікае літары, каб нашыя продкі, тыя людзі, што загінулі дзеля наступных пакаленняў, ганарыліся намі з нябёсаў, каб нашая мова й культура панавалі на айчынных прасторах.
Пры гэтым, як пісаў Уладзімір Арлоў, нашыя госці, прадстаўнікі іншых народаў, мусяць адчуваць сябе ў Беларусі ўтульна, але заўсёды памятаць, хто тут госць, а хто гаспадар!
«Быць беларусам што гэта значыць?» гэты ўрывак з песні Аляксандра Памідорава заўсёды грае ў мабільным, калі мне тэлефануе нехта з тых, хто, на мой погляд, варты «беларусам звацца».
Андрусь Такінданг: Пытанне выбару
У дзяцінстве мне вельмі падабалася маляваць, і бацькі вырашылі, што будзе слушна, калі я стану вучыцца па мастацкай спецыяльнасці. Так я пачаў займацца культурай у мастацкім каледжы.
Мая маці размаўляе па-беларуску, і, натуральна, гэтая мова для мяне сродак штодзённых зносін. Потым была Акадэмія мастацтваў, Універсітэт культуры і мастацтваў, а пасля музыка. Паколькі маёй мовай зносін была беларуская, то і песні таксама былі беларускамоўныя.
Па адной лініі мае бабулі-дзядулі беларусы, па другой паходзяць з Рэспублікі Чад. З гэтага як бы ўзнікае пытанне выбару. Але я выбару ніколі не рабіў, проста я жыву ў гэтай краіне, шаную сваю сямю і мне не абыякава, што тут адбываецца. Праблема выбару можа паўстаць, калі ў чалавека ёсць нейкія ваганні, а калі ён арганічна жыве, працуе і цалкам знаходзіць сябе на гэтай зямлі, дык што яму яшчэ выбіраць?
Я не магу ставіць іншым нейкія крытэры беларушчыны, бо кожны чалавек сам мусіць для сябе вырашыць, лічыць ён сябе беларусам ці не.
Ян Маркаў: Быць у гармоніі са сваёй краінай
Як ні дзіўна, асэнсаванае разуменне, што я беларус, менавіта беларус, а не расеец ці ўкраінец, прыйшло да мяне ў Маскве, падчас навучання ва ўніверсітэце.
Тады я сустрэў прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, перш за ўсё каларытных каўказцаў, якія, нягледзячы на маю правінцыйную ксенафобію, выклікалі цікавасць сваёй натуральнай нацыянальнай адметнасцю і ўпэўненасцю, што іх мова і культура калі не найлепшыя, то, прынамсі, самыя прыгожыя і багатыя.
Пасля было знаёмства з беларускамоўнай моладдзю Масквы. Многія з гэтых людзей потым сталі маімі сябрамі
Самыя першыя ўспаміны пра беларускасць звязаныя з бабуляй, якая з маленства лучыла мяне праз словы, прымаўкі з тым, што сёння я называю Беларуссю. Потым быў прадмет «Мая Радзіма Беларусь», які я вывучаў у пачатковай школе і які, як і ўсе, вельмі не любіў, таму што засвойваць яго даводзілася на незразумелай беларускай мове; першы канцэрт канцэрт NRM і першыя кнігі Мележа ды Караткевіча.
Быць беларусам для мяне гэта перш за ўсё быць у гармоніі са сваёй краінай; быць яе грамадзянінам, паважаць культуру, мову, звычаі свайго народа, ведаць гісторыю Карацей кажучы, любіць сваю краіну, але менавіта краіну, а не дзяржаву.
Зміцер Кісель: Я быў маладым злодзеем без нацыянальнасці
«Гэтая беларуская кроў проста мяне дабівае. Ну вось не дае мне гэтая беларускасць падмануць кагосьці, зрабіць камбінацыю. Хаця не, магу надурыць, але не скарыстаюся з гэтага», такой была выснова пасля маёй размовы са знаёмым, які да апошняга ўпэўнены, што не беларус я, хоць і іду беларускім шляхам.
Я на яго не крыўдую, бо чую канструктыўную крытыку, а часам і такія выразы, што хоць ты запісвай: «Кісель, калі ты здымаеш акуляры, то ты аферыст з Захаду, калі іх надзяваеш, то сімпатычны аферыст з Захаду, калі маўчыш, я думаю, што ты паляк, а калі гаворыш, разумею: гэта класічны беларус-еўрапеец-аферыст».