Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 75.

Шрифт
Фон

Даймалі пана праз суд крэдыторы, вымагаў нясплочаныя за колькі гадоў падаткі ўрад. Суд апісаў маёнтак і перадаў яго апекуну, а пану З. дазволілі мець пры сабе да паслуг адно лёкаяў. Сярод іх быў тады і я. Мы жылі ў далёкім фальварку; пан быў самотны. Праз колькі месяцаў я заўважыў у ім дзіўныя перамены. Почасту ён гадзінамі сядзеў моўчкі на адным месцы, часта задуманы, нібыта ў роспачы, хапаўся за галаву і размаўляў сам з сабою, ходзячы па пакоі, не спаў ад захаду да ўсходу сонца.

Аднаго разу акурат апоўначы пачуў я панаў голас, убачыў агонь у вакне; падумаў: кліча каго-небудзь з нас і заходжу ў пакой. Пан гаворыць сам з сабою так гучна, быццам з некім спрачаецца. Здзіўлены, я доўга глядзеў на яго, а ён мяне не заўважаў. Нарэшце я сказаў:

 Пачуў панскі голас і падумаў, што клічаш каго з нас, а пан быў самотны і размаўляў сам з сабою.

Ён зірнуў на мяне неспакойным вокам і сказаў, паказваючы рукою на сцяну:

 Самотны? А гэта хто?

Бачу: на сцяне цень у рост чалавека, нос доўгі, валасы натапыраныя пазнаю чорнага госця. Апанаваў мяне страх, дрыготка скаланула цела, стаю на месцы, як скамянелы, а цень той пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік.

 Пайшоў. Не дае мне спакою,  сказаў пан,  а ты ідзі, няма табе тут чаго рабіць.

Я выйшаў адтуль, увесь агорнуты страхам; здавалася, што той страшны цень стаіць перада мною, і я ўсю ноч не мог заснуць. А калі апавядаў іншым пра той жахлівы прывід, ніхто мне не верыў, усе смяяліся, кажучы, што я перапалохаўся свайго ценю, але я думаў іначай і забыць гэтага не мог.

Прайшло колькі тыдняў. Пан заўсёды быў самотны і неспакойны. Аднаго разу ўвечары ён сказаў мне:

 Сёння я блага пачуваюся. Пасля вячэры адразу прыходзь і будзеш спаць тут, бо, можа, здарыцца якая патрэба, а ты ў сваім пакоі моцна заснеш і мяне не пачуеш.

Я паслаў сабе пасцель на падлозе, патушыў агонь. Ноч была ціхая і ясная, свяціў месяц. Пан не мог заснуць: уздыхаў, уставаў, сядаў і зноў клаўся. Доўга я чуў кожны яго рух і толькі заснуў моцны голас абудзіў мяне. Усхопліваюся і бачу: пан, седзячы на ложку, гучна гаворыць як бы сам з сабою, але я той гаворкі зразумець не мог. Поўня свяціла ў самае вакно, бледнае святло разлівалася па ўсім пакоі так, што ўсе рэчы можна было добра бачыць. Раптам я заўважыў жахлівы цень у рост чалавека, што быў на сцяне насупраць самага ложка і, павярнуўшыся тварам да вакна, рухаўся, нібы жывы. Нос доўгі, валасы натапыраныя пазнаў чорнага госця. Ахапіў мяне люты страх і я, як непрытомны, ускочыў з месца і закрычаў:

 Кажы, пане, запаліць агонь!

 Навошта запальваць агонь,  сказаў пан.  Цяпер яшчэ толькі поўнач.

 Гэты жахлівы цень палохае мяне,  адказваю.

 Не табе, а мне не дае ён спакою.

Сказаўшы гэта, ён устаў з ложка і паходжваў па пакоі, а мне загадаў не сыходзіць з месца. Тут заспяваў певень. Цень пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік. Пан сядзеў нерухомы, як камень. Я лёг на сваё месца і пазіраў на яго; дрыжыкі прабягалі па маім целе, і да самага світання я ўжо не заснуў.

Аднаго разу той жахлівы цень зявіўся на сцяне апоўдні пры ясным сонцы. Я заўважыў на твары ў пана страшную перамену: ён быў бледны, як навец, і, шпарка ходзячы, казаў нейкія няўцямныя словы.

Я, перапалоханы, ледзь змог прамовіць:

 Загадай, пане, паклікаць ксяндза, каб прачытаў малітвы і свянцонаю вадою пакрапіў сцены. Відаць, гэты дом доўга стаяў пусты, вось нячысцік тут і пасяліўся. Або нейкі чарнакніжнік выклікаў яго сюды, каб ён нас мучыў не толькі ўначы, але і ўдзень.

Пан здзекліва глянуў на мяне і сказаў:

 Стары дом, можа, няраз ужо крапілі свянцонаю вадою. Не з тваім розумам сюды лезці.

Неяк, калі заходзіла ўжо сонца, пан, вярнуўшыся смутны са шпацыру, зайшоў у пакой, сеў і ашчаперыў рукамі галаву.

 Пэўна, у пана моцна галава забалела?  пытаюся.

 Так шуміць у галаве,  сказаў ён,  што даўно ўжо ніякага паратунку няма.

 Параіў бы пану, як вылечыцца, ды не ведаю, ці паслухае мяне пан.

 Паслухаю, калі што добрае скажаш.

 Кажуць, што калі мучыць шум у галаве, найлепей пастаяць ля самае званіцы, паслухаць касцельных званоў, як на імшу звоняць, потым зайсці ў святыню, укленчыць перад алтаром, шчыра памаліцца і паслухаць святую імшу. Такім чынам шмат хто вылечыўся. Няхай і пан паспрабуе[169].

Ён глянуў на мяне, і здзеклівая ўсмешка зявілася на хваравітым твары.

 Табе гэтыя лекі, можа, і дапамаглі б, а мяне касцельныя званы не вылечаць.

 Я шмат бачыў няшчасцяў і страшных дзіваў, жывучы на гэтым свеце,  сказаў стары.  Але гэтае самае жахлівейшае. Не вытрымаў пан, памёр ад несупынных пакутаў.

Сказаўшы гэта, ён схіліўся перад абразом Божай Маці і ціха маліўся, а ўсе госці моўчкі глядзелі на яго.

Ужо вечар. Сонца схавалася за лесам. Гараська, закончыўшы малітву, глянуў у вакно: на небе свяцілася адна вячэрняя зорка. Ён нейкі час сачыў за ёю. Сляза пакацілася па Гараськавым твары. Нарэшце, павярнуўшыся да гасцей, сказаў:

 Хутка ляціць час у размовах з добрымі сябрамі. Так і ўсё жыццё наша мінаецца. Колісь у маладыя гады любіў я глядзець на гэтую вячэрнюю зорку, там шукаў у смутку надзеі і ўцехі.

Ён запаліў васковую свечку, паставіў яе ля труны і казаў далей:

 Збудаваў сабе дамок без дзвярэй і без вокан. Тут адпачну спакойна, сон мой не перапыніць ні смутак, ні трывога, ні клопаты. На Бога мая надзея.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги