Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 60.

Шрифт
Фон

 Надта далікатныя ў цябе нервы,  сказаў доктар,  калі абураешся на людзей легкадумных; я, седзячы тут ды слухаючы, як яны перамывалі языкамі сваіх знаёмых, добра зразумеў, што гэта за людзі.

 Калісьці я быў зусім іншы, абыякава слухаў і смех і енк, нішто не кранала мяне валасы, валасы парушылі ўсю маю натуру!

Змоўк, нібыта прыслухоўваўся да нечага і раптам, паказваючы на свае валасы, сказаў:

 Вось адзін заспяваў і іншыя заварушыліся хутка закрычаць усе разам. Вы не бачыце, што робіцца на маёй галаве!

Тут ён схапіў шклянку, каб выпіць рэшткі рому.

 Паслухай мяне,  прамовіў доктар.  Папрасі прынесці вады і цукру; змяшай іх з ромам, прынамсі, будзе менш шкоды, ды я раіў бы табе зусім адмовіцца ад такіх лекаў.

Генрык узяў шклянку, стаў перад люстэркам, памацаў рукою валасы, сцепануў плячыма; пасля павярнуўся да доктара, паглядзеў на яго неспакойна і кажа:

 Адмоўлюся, калі вынайдзеш лепшыя лекі, а першую параду прымаю.

І, папрасіўшы падаць вады, выпіў шклянку пуншу.

 Раскажы мне пра сваё жыццё; калі б я ведаў прычыну тваіх пакутаў, мо прыдумаў бы, чым табе дапамагчы.

 Раскажы мне пра сваё жыццё; калі б я ведаў прычыну тваіх пакутаў, мо прыдумаў бы, чым табе дапамагчы.

 Можа, ведаеш, як вярнуць назад мінулае?

 Мінулае вучыць нас, як жыць сёння.

 Мая хвароба новая, ані простыя людзі інстынктыўна, ані медыкі навукова не знайшлі зёлак, каб яе вылечыць; аднак бачу, што ты шчыра хочаш, каб я ачуняў; дык раскажу пра тое, што выпала мне перажыць.

Адзін я быў у бацькоў; усе мае жадункі былі законам, лёкаі кожнага слова майго слухаліся, хатні настаўнік выкладаў французскую мову такім чынам, каб я, займаючыся адну гадзіну, не зазнаў ніякае прыкрасці і не затлуміў у сабе вясёлых думак, якія цэняць у свеце больш за адукаванасць.

У пятнаццаць гадоў бацька завёз мяне на адзін год у Рыгу, каб я там вывучаў нямецкую і французскую мовы ў лепшых настаўнікаў ды каб пабачыў і даведаўся ўсё тое, што спатрэбіцца мне сярод людзей, пра якіх ідзе слава ў свецкіх салонах.

Грошай бацька пакінуў больш, чым вымагалі мае патрэбы, і я збіраў там толькі кветкі вясёлага жыцця, ніхто мне не нагадваў, што ўсё незваротна мінецца, чалавечае здароўе слабое і зменлівае, а весялосць шчаслівых гадоў нагадвае мроі.

Калі вярнуўся з горада дадому, ад раніцы да вечара бавіў час на ловах. Мой бацька не шкадаваў сродкаў на паляўнічых, хартоў і ганчакоў; мне было дазволена трымаць столькі лёкаяў, колькі захачу; былі ў мяне добрыя коні, выпісваў модныя карэты.

Праз некалькі гадоў мяне выбралі ў павятовую ўправу. У горадзе знайшоў шмат прыяцеляў; часта ладзіў у сваім доме вясёлыя забавы, сустракаючы з гасцямі ўзыход сонца пры віне або за картамі.

Прайшло чатыры гады. Бацькі мае пакінулі гэты свет, і я вярнуўся дадому з намерам заняцца гаспадаркаю. Маёнтак быў увесь у даўгах. Зязджаліся да мяне бацькавы крэдыторы і з пагрозамі нагадвалі пра пазыкі, суд вымагаў незаплачаныя скарбовыя падаткі за колькі гадоў. Я адчуў небяспеку і тады ўпершыню задумаўся пра страшную будучыню.

 Трэба табе жаніцца,  сказаў мне сусед.  Панна Амелія, дачка камісара, які цяпер кіруе маёнткамі пана Г., дзяўчына прыгожая, добра выхаваная, да таго ж я чуў, што мае ў пасаг больш за дзесяць тысяч срэбных рублёў: бацька яе назапасіў ніштаваты капітал, займаючы пасаду камісара і ўпаўнаважанага, а што не ў сваяцтве з тутэйшымі яснавяльможнымі панамі, якія робяць што хочуць падчас выбараў мясцовых чыноўнікаў[158], ты на гэта не зважай. У тваім становішчы трэба грошы, а не фамільныя сувязі, якія на маю думку табе не прыдадуцца. Бачу: парада майго суседа ад сэрца. Я згадзіўся з гэтай прапановаю і папрасіў яго дапамагчы. Дзесяці тысяч срэбных рублёў (а мо крыху менш) было б даволі, каб вызваліць ад прыкрых дамаганняў мой маёнтак. А да таго ж пра вартасці камісаравае дачкі я і раней шмат ад каго чуў. Карацей, паехалі мы з суседам да яе бацькоў.

Сустрэўшы першы раз Амелію, сапраўды ўбачыў яе цудоўныя вартасці: стройны стан (мастак мог бы напісаць з яе найпрыгажэйшы абраз), твар сведчыць пра лагодны характар, у блакітных вачах ціхая меланхолія і нейкія чароўныя мроі.

Размаўляючы з ёю пра будучыню і пра зменлівае шчасце гэтага свету, даведаўся: выхавалі яе так, што пакорліва верыла ў прадчуванні і ў неразгаданыя таямніцы прыроды. Мой сусед адкрыта расказаў яе маці і бацьку пра ўсе патрэбы майго маёнтка; згадзіліся і бацькі, і дачка. Пасля вяселля я быў найшчаслівейшы з людзей: прывёз жонку дадому і заплаціў усе пазыкі.

Ах! Чаму я не даваў веры прадчуванням! Доктар, ці згодзішся з тым, што чулая чалавечая душа чуе ў ціхім голасе анёла перасцярогу нашмат лепей, чым навукаю і вопытам набытая мудрасць?

 Заўважаў гэта і я,  сказаў доктар,  але такі інстынкт бывае не ва ўсіх людзей.

 Чаму ж я не хацеў верыць сэрцу чулае Амеліі?

 У якіх выпадках? І чым гэта ўсё скончылася?

 Тры гады мы былі шчаслівыя абое, хоць розніца асобных нашых думак і ўяўленняў і нараджала часам спрэчкі, аднак заўсёды ўсё канчалася спакойна. Амелія, бачачы маю ўпартасць, хутка знаходзіла іншую тэму, абы толькі ўнікнуць нязгоды.

Аднойчы ўвесну, у пагодны вечар мы выйшлі на праходку да блізкага лесу; вакол чуваць былі птушыныя спевы. Амелія па дарозе часта замаўкала і нібыта аддавалася нейкім сумным марам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3