Бачу, сказаў я, што нейкае прадчуванне шэпча табе на вуха, бо перапыняеш размову і акунаешся ў сумныя думкі.
Сапраўды, напаў на мяне нейкі смутак, не ведаю чаму.
Спевы салаўёў і зязюль дзейнічаюць на твае нервы.
Можа, і так, адказала яна ціхім голасам.
У гэты час бачу я, як злева, ідучы праз лес вузенькай сцежкаю, набліжаецца да нас нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў, за плячыма вісеў накрыты старой чорнаю сукманаю кош. Цікава было даведацца: хто гэты дзіўны чалавек і адкуль ідзе. Параўняўшыся з ім, я спытаўся:
Хто ты, дзеду, і адкуль ідзеш?
Ён, здымаючы з галавы стары пакамечаны капялюш і нізка кланяючыся, сказаў:
Жыву на цэлым свеце, шукаю ласкавых да мяне дабрадзеяў і заўсёды змагаюся з забабонамі і людскімі выдумкамі.
Гэты яго адказ мяне вельмі зацікавіў.
Як жа, кажу, пачалася тая вайна з забабонамі і людскімі выдумкамі?
Бо яны не зразумелі ні мяне, ні свае выгады. Я абышоў цэлы свет, ведаю ўсе чалавечыя патрэбы, дазнаўся пра самыя пакрыёмыя таямніцы прыроды, хацеў прынесці палёгку жыхарам гэтага неўраджайнага і ўбогага краю, але яны замест узнагароды засыпалі мяне праклёнамі, нідзе не даючы мне прытулку.
Што ўсё-такі чыніў ты жыхарам нашае зямлі?
Хацеў зрабіць дабро, але за дабрыню сваю два разы мусіў ратавацца ўцёкамі. Не магу забыць, хоць ужо прайшло каля дваццаці гадоў. Вынайшаў я спосаб здабываць золата, хацеў яго ўдасканаліць і адкрыць тутэйшым жыхарам. Пан ***, багаты чалавек, меў непадалёку ад Полацка маёнтак і дом у горадзе, дзе сам жыў, і мне адвёў маленькі пакойчык дзеля заняткаў і ўдасканалення мае навукі. Там са мною прычыніўся жудасны выпадак: выходзячы, я пакінуў незамкнёныя дзверы, а на стале ляжалі ў паперках белыя парашкі, патрэбныя мне ў маёй навуцы. Жонка пана *** зайшла ў мой пакойчык, узяла адну паперку з парашком, думаючы, што гэта лекі. Пакутуючы ад болю галавы, яна загадала падаць шклянку вады, усыпала туды парашок, выпіла і ўмомант памерла. Я не быў вінаваты, але, ратуючыся ад суда, мусіў уцякаць адтуль і шукаць прытулку ў іншым месцы.
Перабраўся да пана *** і хацеў паказаць яму свае таямніцы. Апоўначы на могілках была ў нас проба, але гэты пан і яго лёкай, які павінен быў дапамагаць, абодва, не маючы сіл вытрываць пробу вялікае справы, самлелі. Баючыся пераследу, пакінуў я іх там, на могілках; уцёк, ніколі ўжо не паказваўся ў тых мясцінах і вырашыў ніколі не адкрываць людзям сваіх таямніцаў.
Тут, перапыняючы апавяданне пана Сівохі, Завальня сказаў:
Памятаю, нядаўна адзін падарожны расказваў мне пра чарнакніжніка, які вучыў пана *** рабіць золата, а лёкай яго Карпа насіў пад пахаю яйка, знесенае пеўнем, і выгадаваў цмока; чарнакніжнік, відаць, той самы. Дык, калі ласка, апавядай далей, слухаем з цікавасцю.
Генрык, заўважыўшы, што мы з доктарам слухаем яго гісторыю, не зважаючы на карчомную прыслугу, што, стоячы паблізу, смяялася і пра нешта гаманіла, не ўставаў з месца і казаў далей.
А што там у цябе ў кашы пад сярмягаю? запытаўся я.
Трусоў, адказвае, нясу з сабою; калі які дабрадзей дазволіць мне заняць дзе-небудзь самотны дом, дык буду іх там гадаваць, яны хутка расплодзяцца, і я буду мець прыбытак з гэтае ўбогае гаспадаркі.
Адкрый кош і пакажы нам тваіх трусоў.
Ледзь адкрыў кош, як Амелія адступіла назад і закрычала ад спалоху:
Ах, ах! Якія жахлівыя кажаны! Схавай, схавай іх хутчэй, глядзець не магу на гэтых пачвараў!
Я глянуў на яе са здзіўленнем, бо сапраўды бачыў маладых чорных трусоў, і старац, хутка зірнуўшы на яе, сказаў:
Прыгледзься, пані, лепей: гэта маладыя чорныя трусы; адно што яшчэ малыя.
І, узяўшы першага-лепшага з іх за вушы, падняў з каша.
Ах, ах! Які страшны кажан, злітуйся, не паказвай, схавай яго ў кош, не хачу і не магу глядзець на такую брыдоту.
Думаючы, што прычына гэтага недарэчнага страху нейкі дзіўны капрыз і ўпартасць Амеліі, я загадаў старцу, каб ішоў і пераначаваў у фальварку, а раніцаю яму будзе выдзелены дом. Ён пакланіўся і пайшоў проста ў маёнтак.
З праходкі вярталіся дадому моўчкі. Амелія была надзвычай усхваляваная, бледная, са слязьмі на вачах. Я глядзеў на яе са здзіўленнем і думаў, чаму яна пярэчыла такой відавочнай праўдзе? Я ж на свае вочы бачыў маладых трусоў! Нарэшце, парушыўшы маўчанне, сказаў:
Дык што, Амелія, і цяпер яшчэ будзеш даводзіць, што той старац нёс у кашы кажаноў? Дзіўны капрыз прыйшоў табе ў галаву: здзекавацца са старога чалавека, абвінаваціць яго ў хлусні.
Не хацела я, кажа, вінаваціць яго, але хіба ж не даваць веры сваім вачам?
Прыкра мне, што ты засмуціла беднага старца, бо заўважыў па яго гаворцы, што гэты чалавек надзелены ад прыроды розумам і адукаваны, шкада толькі, што нешчаслівы.
Пагляд і твар страшныя Навошта было яго спыняць, няхай бы ішоў далей.
Дзівяць мяне твае сённяшнія нечаканыя ўчынкі. Затрымаў я гэтага чалавека не на кароткі час; дам прытулак беднаму, і будзе жыць у маім маёнтку, колькі захоча.
Амелія і слова на гэта не сказала. Скончылася наша спрэчка, і мы абое моўчкі вярнуліся дахаты.
Непадалёку ад маёнтка, ля рэчкі, стаяла ў яловым лесе самотная хаціна. Жыў там (яшчэ як мой бацька-нябожчык быў жывы) селянін, якому пазней я даў хату ў бліжэйшай вёсцы, а поле, якое ён урабляў, далучыў да свае зямлі. Наступнага дня я прачнуўся рана, прывёў старца ў тую хаціну, каб меў там прытулак на схіле сваіх гадоў. Ён падзякаваў мне і выпусціў з каша сваіх трусоў пасярод хаты.