Сказаўшы гэта, паводле свае завядзёнкі, ён запаліў свечку, паставіў на падваконне і дадаў:
Знак, што гаспадар дома і запрашае ўсіх да сябе.
Сівоха паглядзеў у вакно:
Бясспрэчна, будзе хутка перамена надворя; аніводнае зоркі на небе, і я заўважыў, што ўлетку, калі певень праспявае, як сонца садзіцца, дык ужо назаўтра раніцою пасылай касцоў абавязкова дождж, а тады і тупая каса добра косіць.
Дасведчаны гаспадар на кожную рэч павінен зважаць, сказаў Латышэвіч. Калі напрыканцы снежня і пачатку студзеня бывае бура і снег глыбокі, дык улетку багата травы на лугах і буйное збожжа вырасце на ніве. Гэтая зіма павінна цешыць гаспадара, бо мароз і паўночны вецер пад глыбокім снегам жыта і пшаніцу не вымаразяць.
А ў мяне ўлетку пані Мальгрэта даведваецца пра перамену надворя, гледзячы на жывёлу, калі тая вяртаецца з пашы. Калі першая ідзе чорная карова, дык абавязкова будзе навальніца, калі ж белая яснае надворе.
У час гэтае размовы ў пакой зайшла пані Мальгрэта.
А гэта што такое? пытаецца, убачыўшы свечку на падваконні. Ноч ціхая, падарожныя не будуць блукаць па возеры.
Вашэць не чула, што нядаўна колькі разоў праспяваў певень; вецер можа нечакана перамесці дарогу ды так усхадзіцца, што за пяць крокаў нічога перад сабою не ўбачыш; у нас здараліся няшчасці: на возеры замярзалі людзі і ніяк нельга было ўжо вярнуць іх да жыцця.
Дзіўны чалавек! Калі сам любіць бавіцца з мужыкамі, дык думае, што гэта і гасцям прыемна.
Сказаўшы гэтак, яна выйшла, ляпнуўшы дзвярыма.
От, кабета, прамовіў дзядзька, што ў яе галаве роіцца. Такая іх натура: кожная ганарыцца сваім тытулам. На маю думку, шляхетны той чалавек, які, жывучы на гэтым свеце, выконвае адно прыказанні Божыя.
Я ведаў і мужчын слабае волі, сказаў сляпы, што хваліліся знакамітасцю сваіх продкаў, а самі жылі так, што нявартыя былі чалавечага наймення.
Адхіліліся далёка мы ў сваіх размовах; пан Сівоха нядаўна абяцаў нам нешта расказаць.
Памятаю, сказаў пан Сівоха і так пачаў апавяданне.
Апавяданне дзесятае. Валасы, якія крычаць на галаве
У Віцебску сустрэў я на вуліцы доктара з нашага павета пана М. Выпала так, што мы абодва прыехалі ў горад са сваім клопатам; пагутарыўшы пра сёе-тое, доктар сказаў:
У Віцебску сустрэў я на вуліцы доктара з нашага павета пана М. Выпала так, што мы абодва прыехалі ў горад са сваім клопатам; пагутарыўшы пра сёе-тое, доктар сказаў:
А дзе ты будзеш палуднаваць?
Ды дзе Бог дасць, адказваю. З грашыма ў горадзе галадаць не будзем.
Хадзем у карчму да Карлісана, там заўсёды добра частуюць.
А ці не будзе задорага шляхціцу?
Не даражэй, чым усюды; а калі крыху і больш заплацім, дык смачней і паямо; сабе шкадаваць няварта.
Згадзіўся. Заходзім у велізарны пакой; было там некалькі асобаў. Яны елі, курылі люлькі, смяшылі адзін аднаго, успамінаючы недахопы і дзівацтвы сваіх знаёмых; здзекаваліся з усіх, не шануючы ні кабет, ні старых.
Седзячы за сталом, здзіўлена паглядаў я на гэтых шылахвостаў: як яны выхваляліся сваёй дасціпнасцю, рагаталі так, што звінелі шкляніцы, і глядзеліся ў люстэрка, не раўнуючы, як дзяўчаты на выданні.
Добра часам і ў карчме пабываць, сказаў доктар. Тут людзі смялей здымаюць з сябе маскі, і тут найдакладней можна ўбачыць, які хто ёсць.
Ледзь гэта сказаў, заходзіць нехта высокі, валасы густыя, натапыраныя, вочы неспакойныя, твар поўны, бледны, быццам у ім і жоўць і вада. Усе на яго паглядзелі; ён сеў на канапу і, хапіўшыся за галаву, заенчыў:
Няма ім спакою.
Пасля папрасіў падаць яму шклянку рому, палову выпіў і, быццам задуманы, сядзеў колькі хвілін моўчкі; потым падняўся і агледзеў сябе ў люстэрку.
О! кажа, паклаўшы руку на голаў. Цяпер, прынамсі, не варушацца, змоўклі на нейкі час.
Усе дзівіліся, а мой таварыш сказаў:
Ты, як бачу, нездаровы, мусіць, пакутуеш ад галавы; не думаю, каб ром мог дапамагчы, яшчэ больш нашкодзіць.
Хіба прасіў я ў цябе рады?
Я доктар, гэта мой абавязак.
Доктар, а маіх пакут не ведаеш. Скажы мне лепей, якая смерць лягчэйшая, бо я, не маючы надзеі ачуняць, мушу памерці.
Я прысягаў падаўжаць чалавечае жыццё, а не паказваць шляхі да смерці. Смерць сама да нас прыйдзе.
Смерць сама да нас прыйдзе, твая праўда, але хто пра гэта не ведае?
Так, гэтую праўду ўсе ведаюць, ды не ўсе пра яе думаюць.
Адным жыццё любае; а хто так, як я, пакутуе, таму няма чаго на свеце шкадаваць.
Дык на што ты ўсё-ткі хворы?
Валасы, валасы атруцілі маё жыццё!
Калі ён гэта гаварыў, дык за суседнім сталом весела засмяяліся і адтуль пачулася:
О! Бо былі гэта валасы з прыгожае касы!
Не трэба было адразаць; бо без іх сімпатыя, як сарваная кветка, вяне.
Надакучылі яму валасы, адрэзаў ножніцамі, а яны ад месяцавага святла ажылі.
Прыгожа валасы спявалі, ды не ўмеў іх шанаваць.
Глядзіце, глядзіце, вунь яму на галаву сонца лягло, і валасы варушацца, як жывыя.
Пачуўшы гэтыя жарты, небарака глянуў гнеўна на бяседнікаў, усхапіўся моўчкі з месца і пачаў шпарка хадзіць па пакоі.
Тыя панічы ўсе разам узялі свае шапкі, і, выходзячы, адзін з іх кажа:
Бывай здаровы, пане Генрык! Пі больш рому, і ўсё добра будзе!
Вось да чаго дажыўся, сказаў Генрык, павярнуўшыся до доктара. Стаў у нячулых людзей пасмешышчам, смяюцца з чужога няшчасця, дзе толькі іх ні сустрэну, здзекуюцца з балючых выпадкаў майго мінулага, каб павялічыць мае пакуты.