Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 58.

Шрифт
Фон

 Што ж ты чуў або бачыў на свеце,  кажу,  што так мучыць душу тваю?

 Бачыў дзікіх пачвараў, якія рвалі дзяцей і кабет; слухаючы лямант тых няшчасных, велізарныя скалы не рушыліся з месца, а водгулле толькі паўтарала енкі пакутных ахвяр і змаўкала. Гледзячы на гэтую велізарную сцэну, я сам быў пачвараю, я праклінаў зоркі, што абыякава глядзелі з неба на ўсё гэта, і хмары, што не стрэлілі ў пачвараў вогненнымі перуновымі стрэламі.

Яшчэ скажу табе: людзі-волаты на ўсіх паглядаюць зверху, быццам на нікчэмных карузлікаў, мараць пра славу, дрыжаць перад найменшаю непагодаю, ідуць з трывогай і асцярожнасцю па шырокай дарозе, баяцца ступіць на калючыя церні; я сустракаў іх, бачыў малыя душы ў велізарным целе; страсянулася ўся мая натура, не ведаю, як глядзеў на тых волатаў зверху і пагарджаў іх вялікасцю.

Вандруючы ў самы поўдзень, калі была наймацнейшая спякота, я сеў пры дарозе на траву, каб адпачыць у засені бярозы. Нехта хітры ішоў дарогаю. Я здалёк убачыў у ім атрутную кроў; ён не ашукаў мяне, хоць набліжаўся ў абліччы вужакі, хаваючыся сярод хмызняку і травы. Надзея яго падманула, бо ўжо і я быў таксама ў вобліку змяі: глянуў мне ў вочы, але не мог вытрымаць майго позірку: кінуўся ў хмызы і схаваўся ў гушчары лесу.

Доўгае апавяданне атрымалася б, каб табе пералічыў усе постаці, якія неахвотна і з болем мусіў браць на сябе, блукаючы па вёсках, гарадах і мястэчках. Калі ў багатых дамах гарэла святло, гучала музыка і вясёлыя забавы, перадавалі з рук у рукі келіхі, а пад саламянаю страхою селянін у галечы, галодны, падымаў да неба замглёныя слязьмі вочы, я ў абліччы звера хаваўся ад залеваў пад галінамі густое яліны, слухаючы, як вецер шумеў у цёмным лесе.

Бачачы гэтыя перамены ў маёй натуры, некаторыя мяне не зразумелі, называлі неспакойным і дзікім.

Ціха чуеш галасы? Крычаць: «Воўк! воўк!» Яны ўбачылі мяне я ў постаці воўка стрэляць хутка. Бывай! Я схаваюся ў лясных нетрах і пакіну назаўсёды гэты край.

Там, куды ён пабег, пачуўся шум галін, а я думаў, седзячы, пра тую яго гаворку, як пра дзіўны сон. Прыйшоў мой таварыш.

 Ужо сонца нізка,  кажа,  час каня запрагаць. Паедзем далей.

 Ці бачыў ты ля мяне каго-небудзь?

 Тут не бачыў нікога,  адказаў ён,  а бачыў толькі вельмі далёка хтосьці хутка прабег па гары. Не ведаю: ці звер, ці чалавек.

 Гэта, пэўна, той самы незнаёмы,  сказаў Завальня,  пра якога спрачаліся і была бойка ў карчме.

 Пэўна, ён. Сапраўды Пакутны Дух. Едучы цэлую ноч, я не мог ні на хвіліну пра яго забыць і, думаючы, нязменна бачыў яго перад сабою ў размаітых абліччах. Успамінаў спрэчкі, якія чуў у карчме, лаянку і розныя думкі пра незнаёмага чалавека. Такія вось заўсёды абгаворы людскія! Аднаго пахваламі ўзносяць да неба, другога пераследуюць, называючы гультаём і нягодным чалавекам. Адзін толькі Бог справядлівы суддзя: прыйдзе канец свету, тады ўбачаць, хто як жыў і чаму перакідваўся ў розныя постаці.

 Апавяданне пана Францішка,  сказаў Латашэвіч,  смутак наводзіць; крый Божа мець такі характар. Чулы чалавек ніколі не будзе спакойны і шчаслівы.

 Усе яго апавяданні такія,  сказаў дзядзька.  Памятаю, апавядаў мне пра аднаго, што называў сябе Сынам Буры і туляўся па цэлым свеце, нідзе не знаходзячы спакою.

Вечар перад Новым годам

Вечар перад Новым годам

Воблакі, нібы туманы, закрывалі неба; моўчкі стаялі ля дома майго дзядзькі клёны і бярозы; аснежаныя яліны нагадвалі белыя слупы; вячэрні змрок разліваўся ў паветры; у пакоі гарэла на стале свечка. Дзядзька, сляпы Францішак, пан Сівоха і пан Латышэвіч ад апавяданняў перайшлі да размоў пра шчаслівае і нешчаслівае жыццё сваіх знаёмых і суседзяў.

 Вось пражылі мы, дзякуй Богу, і яшчэ год,  сказаў Завальня.  Я нарадзіўся і вырас у гэтым краі, не падарожнічаў нідзе далёка, аднак досыць пабачыў у жыцці; колькі пераменаў розных памятаю! Калі б падняўся з магілы хто-небудзь з нашых дзядоў і ўбачыў цяперашнія звычаі, дык не пазнаў бы свае радзіны. Яму б здалося, што ўстаў з мёртвых недзе ў чужой краіне,  да якіх часоў дажывуць мае дзеці? Не шкадую выдаткаў на выхаванне, раблю што магу, але калі выйдуць на свет з-пад вока майго і настаўнікаў, няхай ужо Бог бароніць іх душы ад злых і бязбожных людзей.

 Ат, пане Завальня,  сказаў Сівоха,  мы самі вінаватыя, што дяблы размножыліся ў нашым краі; прычына ўсяму глупства шляхты, хцівасць і нязгода паноў; не буду доўга пра гэта гаварыць: гісторыя ўсім вядомая, да сённяшняга дня не забылі гэтых вершаў:

Кошка Цяліцу забіла,
Жук, Жаба Кошку судзіла,
А жэ справа была кепска 
То пшэнесьлі до Вітэбска.

А што зрабілі ў Віцебску? Кошка быў з паноў, дужа прагных да багацця. Абараняючыся сяброўскімі пратэкцыямі, не пакінуў, а яшчэ болей пачаў шкодзіць усім. Цяліца памёр за праўду, і пра яго заўсёды ўспамінаюць як пра добрага чалавека.

 Так заўсёды ў нас,  сказаў пан Латышэвіч,  за Дзвіною ва Ушачах сабраліся на раду

 Але досыць ужо пра гэта: калі я такое слухаю, мяне скруха забірае. Дойдзем хутка з такімі ўспамінамі да таго, што спаткаем Новы год са слязьмі.

Тым часам у чалядным пакоі заспяваў певень.

 Брава, брава!  сказаў Завальня.  Не трэба плакаць: хутка будзе перамена, ледзь пачаўся вечар, а ўжо і певень заспяваў гэта знак, што ўсходзіцца вецер і хто-небудзь з возера завітае да нас. Абы толькі добры чалавек, большай сябрынаю будзем сустракаць Новы год.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3