Прайшоў адзін год, другі. Альберт не шкадуе грошай; усё робіцца паводле яго волі; уцехі не спыняюцца. Мальвіна хоць і не сумняваецца ў яго сувязях са злым духам, але падпарадкуецца ягоным жаданням.
Аднаго разу Альберт з гуртам гультаёў пры картах і віне бавіўся да поўначы. Гаспадар і госці былі ў гуморы. У жартаўлівых размовах адзін з гэтай грамады сказаў:
Ці праўда, Альберт, што ты чарнакніжнік, як сцвярджаюць некаторыя? Выкліч перад намі духа. Мы яшчэ яго ніколі не бачылі.
Я ведаю, сказаў Альберт, хто разнёс пра мяне такія пагалоскі. Але не хачу сёння хаваць ад вас гэтага і зараз усё пакажу вам. Глянуў на полымя свечкі і паклікаў: Нікітрон!
Са страхам пазіраюць усе на гэты неспадзяваны цуд: полымя свечкі выбухнула пад самую столь і нечакана ў паветры ўтвараецца празрыстая хісткая асоба, спускаецца на падлогу ў абліччы юнака і чакае Альбертавага загаду.
Як найхутчэй ляці да Мальвіны і запрасі яе да мяне.
Дух вылецеў у вакно; прайшло не больш за паўгадзіны: заходзіць у пакой Мальвіна, бледная ад сполаху, і гаворыць дрыготкім голасам:
Навошта ты, Альберт, прывёў мяне сюды? Хочаш выставіць адну на посмех перад гуртам тваіх бяседнікаў?
Не будзеш адна.
Ён глянуў на карціны з міфалагічнымі німфамі і кажа:
Вось табе таварышкі.
І ўмомант голыя німфы ў натуральную чалавечую велічыню, пакінуўшы палатно, сышлі са сцяны.
Усе знерухомелі, са страхам паглядаючы на гэтыя цуды. Перапалоханая Мальвіна закрычала страшным голасам і ўпала непрытомная на падлогу.
Нікітрон! паклікаў Альберт. Зявіўся дух, і Альберт загадаў яму аднесці Мальвіну дахаты, дзе яна праз колькі хвілін ачулася, лежачы на ложку ў сваім пакоі, і дрыжала, успамінаючы тое жудлівае відовішча.
Суседзям, таварышам і ўсім знаёмым было ўжо вядома, што Альберт страшны чарнакніжнік. Бацькі, сваякі і сябры напамінамі стрымлівалі моладзь, каб яна не мела з ім аніякіх сувязяў і дачыненняў. Старыя людзі стараліся рознымі спосабамі выбавіць яго з падману і павярнуць да цнатлівага і пабожнага жыцця.
Дарэмныя парады і напаміны. У багатым Альбертавым доме штодня поўна бязбожнае і распуснае моладзі; ён сам усё больш і больш быў нястрыманы ў непрыстойных жадунках і ўчынках; лічыў лухтою любоў да бліжняга, зводзіў і ганьбіў жанчын ды дзяўчат рознага саслоўя. Не пераводзілася золата, а перад золатам усё цьмее, і гэта яму было даспадобы. Ганаравалі яго лісліўцы і таварышы ў забавах, але ад бацькоў, мужчын і пачцівых людзей сыпаліся на яго страшныя праклёны.
Прайшло колькі гадоў; ад усіх гэтых празмернасцяў Альберт захварэў. Раскоша, якую піў поўнаю чарай, зрабілася яму няўсмак, і ўсюды нечакана пачаў сустракаць невыносную горыч; трывога і смутак пасяліліся ў яго багатых салонах.
Пачуў голас касцельных званоў, нехта яму сказаў, што гэта звоняць па нябожчыку; змяніўся з твару і неспакойны доўга хадзіў сюды-туды па пакоі і слова не сказаў прыяцелям.
Адскочыў ад вакна, калі ўбачыў людзей у жалобных уборах з паходнямі ў руках, што ішлі за возам, на якім стаяла труна.
Задрыжаў увесь, калі пачуў, што той, хто ўчора з ім баляваў, ужо не жыве на свеце.
Неспакой і меланхолія штодзённым цяжарам ляжалі на яго думках; гурт лісліўцаў не весяліў яго, жанчыны страцілі прывабнасць у яго вачах, у Мальвіны ўбачыў тысячы заган і не хацеў яе больш бачыць.
Самотны і задуменны блукаў Альберт па полі, зайшоў у густы лес, убачыў там чалавека з чырвонымі валасамі на галаве і ў пунсовым адзенні, які сядзеў на пні. Пазнаў яго; гэта быў той самы, што вучыў яго, як набыць золата і кіраваць духам.
Чаму і цяпер ты незадаволены? спытаўся чырвоны чалавек.
Ні ў чым не маю прыемнасці, нейкі неспакой зацьміў мае думкі.
Можа, Мальвіна табе здрадзіла?
Мальвіна любіла і любіць багацце; яе каханне мне не патрэбна.
Маеш дукат, на ім яркае полымя, што ўсё перамагае.
Але спакою купіць не магу.
Вогненны дух выконвае ўсе твае загады.
Маеш дукат, на ім яркае полымя, што ўсё перамагае.
Але спакою купіць не магу.
Вогненны дух выконвае ўсе твае загады.
Але і ён спакою не можа прынесці.
Не ўмеў ты карыстацца шчасцем, а я казаў: будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры загубіць цябе. Ужо не грэе ні залатое полымя, ні вогненны дух, ні погляд каханкі.
Я пагарджаю ўсім, я хачу здранцвець, быць абыякавым, як труп, халодным, як ледзяная брыла.
Дык паслухай апошнюю маю параду: збяры ўсіх сваіх таварышаў і, перш чым прабе на вежы поўнач, ідзі на цвінтар; на магілах убачыш язычкі халодных агнёў прасі іх да сябе на забавы.
Сказаўшы гэта, ён адышоў на некалькі крокаў і знік.
Вярнуўшыся дадому, Альберт адразу пастараўся выканаць тое, што яму раіў у лесе той дзіўны чырвоны чалавек. Гасцей пакінуў адных, а сам заспяшаў на цвінтар. Ноч была ціхая і цёмная, ледзьве відаць былі драўляныя крыжы і дзікія камяні, пастаўленыя сям-там на магілах; свяціліся язычкі агнёў, накшталт аплытых свечак.
Халодныя духі! сказаў Альберт. Сёння вас запрашаю да сябе, хачу вашай дапамогі, хачу быць падобны да вас і пагарджаць светам.
Калі сказаў гэта, дык зявіліся перад ім белыя прывіды волатаў у дзіўных і страшных абліччах. Яны кланяліся, прысягаючы, што ахвотна выканаюць яго жаданне.