У доме ў Альберта шум і вясёлыя размовы чуваць у асвечаных салонах. Вярнуўся бледны гаспадар, неспакой на яго твары.
Што з табою дзеецца, Альберт? Чаму ты такі смутны? Які неспакой хвалюе твае думкі? Пра што турбуешся? Сто гадоў раскідваючы скарбы, што дала табе фартуна, не зможаш іх усё адно страціць. Гаворачы гэта, віталі яго адзін за адным госці.
Хто з нас будзе так доўга жыць?! сказаў Альберт. Не затрымае чалавек захаду сонца, каб дзень падоўжыць, і весялосць не прыкліча, калі яна прэч уцякае.
Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём, сказаў адзін з гасцей. Выпі з намі змрочныя думкі прэч уцякуць.
Vіnum cor laetіfіcat![146] сказаў другі. Што будзе пасля, навошта думаць цяпер.
Нясі віна мне жыва,
Хай пройдзе дзень шчасліва;
Душой клянуся, дружа,
Што мушу ўпіцца дужа![147]
Чакаю запрошаных гасцей, сказаў Альберт. Яны ўпершыню наведаюць мой дом.
Адкуль і якіх гасцей чакаеш?
Убачыце і будзеце ведаць.
Дык старайся іх прыняць весялей, чым нас. Выпем за здароўе гаспадара.
Пеніцца віно ў келіхах; грымяць віваты:
Няхай жыве Альберт!
Падхмеленыя моцнымі трункамі, яны пахваляліся адзін перад адным: хто больш выпіць можа; шум і гамана вясёлых гасцей адзываецца ва ўсіх пакоях. Сам гаспадар, захоплены вясёлай грамадою, асушыў не адзін келіх моцнага віна. Але яно слаба падзейнічала на яго; хвіліннае забыццё дало спачыць думкам, і зноў вярнуўся смутак мучыць ягоную душу.
Поўнач. На далёкай вежы бе дванаццаць. Прабіў гадзіннік у кутку гасцёўні і ледзь дайграў мелодыю нечакана патухлі васковыя свечкі. Адна толькі лямпа свяціла бледна, нібы пакрытая густою імжою. Зявіліся па кутах і пасярод салона жахлівыя монстры: велізарныя стварэнні ў белым, вочы гарэлі, як агонь, гангрэнавыя плямы палілі іхнія твары. Учарнелыя шкілеты абапіраліся спарахнелымі рукамі на мэблю. Знік гарэлачны чад, перапалоханыя госці з крыкам уцякалі з дому, іншыя, знепрытомнеўшы, пападалі на падлогу. Нямы і бледны Альберт пазіраў на гэтых пачвараў; дрыготка прабегла па целе і адчуў у гэты час, што нейкі холад увайшоў у яго грудзі, і ён застыў увесь ад холаду.
Зніклі гэтыя страшныя монстры; ачуліся перапалоханыя бяседнікі, але не вярнулася цяпло, каб сагрэць Альберта; увесь быў халодны, як кавалак золата.
Жыў ён яшчэ некалькі гадоў, але ўжо нішто не магло яго адагрэць. Увесну і ў летнюю спякоту мароз прабягаў па ўсіх яго жылах. Кажуць, што калі хто сядаў блізка ля яго, каб пра што-небудзь пагаманіць, з вуснаў яго зыходзіў такі холад, што нельга было вытрываць і колькі хвілін.
Уначы прыходзілі да яго тыя самыя страшныя здані, якіх ён запрашаў да сябе з магіл, і часта чуў нейкія дзіўныя галасы, якія клікалі яго па імені «Альберт! Альберт!» не толькі ў змроку, але і сярод белага дня. Пытаўся ён у людзей, што яго часам наведвалі, ці не чуе хто-небудзь з іх галасы, што клічуць яго па імені? Усе са здзіўленнем адказвалі, што не чуюць аніякіх галасоў.
Абазнаныя ў сваёй справе медыкі, прывезеныя з далёкіх краёў, параіўшыся, прызначалі яму размаітыя лекі, але руплівасць і веды дактароў не маглі яму дапамагчы.
Божая кара нарэшце кранула чарнакніжніка і спакусніка, паўтаралі старыя людзі.
А між простым людам па вёсках і мястэчках хадзілі чуткі, што Альберта за бязбожнае жыццё мучаць усе трасцы[148] разам, ні на хвіліну не даючы яму спакою.
Найчасцей ён быў самотны; назаўсёды зніклі балі і шумныя забавы; рэдкі госць наведваўся, і той, змучаны халоднаю размоваю, стараўся як мага хутчэй пакінуць ягоны дом. Пакінулі ўсе. Часам толькі слуга зяўляўся на голас пана.
Дзень быў хмурны, шумеў вецер, сонца засланялі воблакі; у Альбертавым доме панавала цішыня, нібыта ў якой пустэльні. Чуваць былі галасы крумкачоў, вялікая чарада якіх кружылася ў паветры над палацам. У вечаровым сутонні вокны былі нібыта завешаныя чорным мошастам; доўга не гарэў у шыбах агеньчык свечкі. Знайшлі яго труп; сканаў, седзячы на крэсле. Рукі і ногі здранцвелі, нібыта ад моцнага зімовага марозу.
А з Мальвінай, каханкай яго, што сталася? спытаў Завальня.
Мела дыяменты і грошы, лёгка і мужыка знайшла; гадзіннік з зязюляю не наводзіў на яе сумных думак. Выехала ў сталіцу і сярод шуму вялікага свету забылася пра мінулае і пра Альберта.
Заўсёды такая смерць тым людзям, сказаў дзядзька, што шукаюць шчасця на гэтым свеце, а пра будучае жыццё не дбаюць. Як жахліва памёр гэты няшчасны Альберт!
Арганісты ўстаў з месца і сказаў, гледзячы ў вакно:
Некалькі зорак ужо свецяцца на небе, і вецер сціх; заўтра будзе добрае надворе; перш чым вярнуцца дахаты, мне трэба яшчэ сюды-туды заехаць. Дык ты, пане Завальня, дазволь ужо адпачыць падарожнаму. Мне трэба заўтра раненька ўстаць.
Гасцям ужо прыгатавалі пасцелі, пасля пацераў патушылі агонь, і я, думаючы пра няшчаснага Альберта, заснуў.
Куцця
Я прачнуўся і, лежачы яшчэ ў пасцелі, прыпамінаў апавяданні сляпога Францішка і арганістага: Плачка, Сын Буры, Вогненныя духі усе гэтыя цуды паўставалі ў маіх думках у дзівосных, самотных і страшных карцінах. Тут дзядзька адчыніў дзверы і, гледзячы на мяне, сказаў:
Уставай, Янка. Не прывыкай да ляноты; зімовыя ночы доўгія, можна выспацца; усе падарожныя яшчэ перад світаннем выехалі; цяпер толькі паны спяць да дня; за іх іншыя думаюць і працуюць. Памятай, што ты чалавек бедны, мусіш сам служыць, дык адвыкай ад такіх звычак.