Напрыканцы лютага палачане пачулі хоць нейкую палёгку: цар накіраваўся дахаты. Пакідаючы горад, ён, як сведчаць дакументы, загадаў сваім ваяводам: «Равы паправіць, старыя пачысціць і новыя пакапаць, каб былі стромыя ды глыбокія; у астрозе за Палатой паглядзець, і якое месца выгарала, тое да ладу прывесці, сцяны тры або чатыры зрабіўшы, і зямлёю засыпаць, і стральніцы ды вежы дзеля сценнага бою парабіць; есці ў сухмень усім за местам у полі варыць, апрача адных баяраў і ваяводаў. А літоўскіх людзей прыезджых і тутэйшых, і шляхту, і баяраў і чорных людзей адных у замак не пускаць, а калі ў які дзень урачысты на вялікае свята папросяцца да Сафіі прамудрасці Божай, тады іх пусціць, але не разам усіх, а купкамі малымі, але асцярогу ў месце ўчыніць і паўсюль стральцоў дабавіць. А ведаць баярыну князю Пятру Іванавічу Шуйскаму браму Усціцкую, а баярыну князю Васілію Сямёнавічу Сярэбранаму браму Вялікую, а Пятру Сямёнавічу Сярэбранаму Сафійскую, а баярыну Івану Васільевічу Шарамецьеву Багародзіцкую. А гараднічым Васілію Галавіну і Васілію Замыцкаму хадзіць па начах з ліхтаром, мяняючыся, па ўсіх вартах і места замыкаць, а ключы да баярына князя Шуйскага адносіць».
Горад ператварыўся ў велізарнае пажарышча. Згарэла ўся ўмацаваная частка астрог, дзе было тры тысячы двароў. Гарэлі полацкія вёскі. Сялянаў вялі ў няволю або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў. Захопнікі занеслі з сабой чуму, што касіла жыхароў Прыдзвіння ў 1563, 1566 і 1567 гадах. Не хапала святароў, каб адпяваць нябожчыкаў.
У рукі да маскавітаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора з цудоўнымі Скарынавымі выданнямі. Царскія дзякі разглядалі іх са здзіўленнем і засцярогаю: ці не ад дябла тое штукарства? У Вялікім Княстве Літоўскім друкарні існавалі ўжо сорак гадоў. У Масковіі свая друкаваная кніга дзякуючы Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу (абодва, дарэчы, ліцьвіны-беларусы) зявіцца толькі праз год пасля захопу Полацка.
У рукі да маскавітаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора з цудоўнымі Скарынавымі выданнямі. Царскія дзякі разглядалі іх са здзіўленнем і засцярогаю: ці не ад дябла тое штукарства? У Вялікім Княстве Літоўскім друкарні існавалі ўжо сорак гадоў. У Масковіі свая друкаваная кніга дзякуючы Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу (абодва, дарэчы, ліцьвіны-беларусы) зявіцца толькі праз год пасля захопу Полацка.
Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і колішнія вольнасці, царскія служкі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. (Можа, тады мы і страцілі неацэнны Полацкі летапіс?)
Полацкіх збройнікаў, меднікаў, кавалёў змушалі задарма працаваць на цара. Раз-пораз найлепшых майстроў адпраўлялі пад вартаю ў Маскву. На дарогах панаваў разбой.
Яшчэ нядаўна багатая зямля пусцела і галела. Маршалак Вялікага Княства Астах Валовіч назваў тады Прыдзвінне «няшчасным полацкім краем, дзе ад бяды страпянуўся і абудзіўся стары Рубон».
Пра драматычныя падзеі тых дзён жыхарам Вялікага Княства Літоўскага паведамлялі лістоўкі-аднаразоўкі, якія мы маем права лічыць правобразам беларускіх газет. У Бадлейнскай бібліятэцы славутага Оксфарда дапытлівы чытач можа адшукаць «Навіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьем, тыранством, мордованьем мест, замков добываньем, веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьем релацыей Его Мілості Гетмана В. К. Л. княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкаго, 1563», а таксама яшчэ адно тагачаснае выданне «Новіна іста а правдіва о добытьі тыраном московскім места Полоцкаго, 1571».
Страта фарпоста еўрапейскай цывілізацыі і жорсткасць, з якой маскоўскі цар расправіўся з абаронцамі і мірным насельніцтвам найбуйнейшага ліцьвінскага-беларускага горада, выклікалі гучны рэзананс у іншых краінах. «Лятучыя лісткі» з апісаннем полацкай трагедыі выходзілі па-нямецку, чэшску, англійску, французску, галандску, лацінску ў розных гарадах Еўропы ад Любека да Ліёна. Найбольш арыгінальным сярод тых спецвыпускаў першых еўрапейскіх газет іх даследчык Генадзь Сагановіч называе выдадзеную ў Нюрнбергу «Вельмі страшную новую газету пра Маскавіта, які некалькі дзён таму з дзікім тыранствам захапіў і падавіў Полацк высакародны горад і фартэцу Літоўскай зямлі». Гэтае вершаванае апавяданне, напісанае інфлянцкім немцам Ёганам Райнгардам, мае падзагаловак «Жаласны плач горада Полацка».
Некаторыя выдаўцы побач з тэкстамі друкавалі партрэты маскоўскага цара, часта ў выглядзе турка, а адзін з выпушчаных у горадзе Аўгсбургу «лятучых лісткоў» прапаноўваў заходняму чытачу нават выяву штурму горада.
Заваёўнікі ні дня не пачуваліся ў бяспецы. На месцы спаленага пасада на захад ад адбудаванага Верхняга замка яны рукамі палачанаў паставілі Ніжні. (Цяпер там стадыён «Спартак».) Ён меў дзесяць ці адзінаццаць вежаў з дубовага бярвення. Паміж дзвюма суседнімі вежамі цягнулася сцяна з гарадзён, у адной з якіх рабілі малую стральніцу для ручной агняпальнай зброі і вялікую дпя гарматы. Зверху на сценах месціліся крытыя баявыя пляцоўкі, адкуль у аблогу можна было страляць, скідваць камяні, ліць вар і смалу. У паўднёвай частцы замка была сажалка з крыніцаю, дзе пазней утварылася так званае Папова балота. У замку жылі толькі царскія ваякі, ад чаго і паходзіць яшчэ адно яго найменне Стралецкі. (Полацкая тапаніміка дагэтуль захавала дзве тагачасныя назвы: Стралецкую вуліцу і вал Івана Грознага ім быў абнесены Ніжні замак.)