Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі стр 70.

Шрифт
Фон

Наперадзе ў Скарыны было яшчэ чатыры дзесяцігоддзі жыцця.


Праз пяць гадоў, 6 жніўня 1517 года (гэты дзень павінен стаць у незалежнай Беларусі адным з галоўных святаў) у Празе ён разгорне «Псалтыр» са свежым пахам друкарскай фарбы. У яго прадмове да першай друкаванай беларускай кнігі будзе напісана: «И видечи таковые пожиткы в так малой книзе, я, Францишек, Скоринин сын с Полацка, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю напред ко чти и к похвале богу в троици единому и пречистой его матери Марии а потом к пожитку посполитого доброго, наболей с тое причины, иже мя милостивый бог с того языка на свет пустил».

Ён пакіне нашчадкам 23 біблейныя кнігі, перакладзеныя на блізкую да народнай мову, і гэтым увядзе Літву-Беларусь у агульнаеўрапейскую цывілізаваную сямю.

Ён застанецца ў гісторыі як беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар.

Як наш першы пісьменнік празаік і паэт, што служыў не эліце або нейкаму аднаму стану, а ўсяму народу.

Як гуманіст, што пакінуў сугучны і нашаму часу запавет: «То чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех. И того не чинити иным, чего сам не хотеши от иных имети. Сей закон прироженый, написан ест в сердци единого кажного человека».

Застанецца як выдатны перакладчык з некалькіх старажытных і новых моваў.

Як рэдактар і выдавец, што дасягне сапраўднай суладнасці слова і друкарскага мастацтва.

Як патрыёт, пяру якога належыць самы прачулы ў беларускай гісторыі, геніяльна просты хваласпеў любові да Бацькаўшчыны. Памятаеце? «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя, рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя, пчелы и тым подобная боронять ульев своих,  тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Як волат усяго еўрапейскага Адраджэння, што не толькі стане ўпоравень са сваімі выдатнымі сучаснікамі, але ў нечым і перасягне іх.



Скарынава Біблія выйдзе ў свет раней за нямецкі пераклад Лютэра. Кніга кніг выдатнага палачаніна будзе першай друкаванай Бібліяй ва ўсходне і паўднёваславянскіх народаў. Яна амаль на паўстагоддзя апярэдзіць польскую Біблію і на 47 гадоў «Апостала» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, першую датаваную друкаваную кнігу ў Расіі.

У 1925 годзе пасля наведвання Вільні службовец Брытанскага Біблейнага таварыства Уайзман са здзіўленнем, павагай і спачуваннем напіша ў справаздачы: «Беларусы адзін з першых народаў, якія надрукавалі Святое Пісьмо на сваёй мове. Гэта было ў 1517 г., за восем гадоў да першага друкаванага выдання па-англійску. Можна ўявіць, кім беларусы былі б цяпер, калі б пераслед і ўціск не прывялі іх да заняпаду».

Сын народа, што жыве на еўрапейскім памежжы, Скарына геніяльна знітуе ў сваёй творчасці традыцыі візантыйскага Усходу і лацінскага Захаду.

Ён аздобіць свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць тагачаснае жыццё продкаў беларусаў побыт, адзенне, тэхніку будоўлі (у драўляным палацы цара Саламона на адной з гравюр мастацтвазнаўца Генадзь Лебедзеў «пазнае» дом Скарынаў у іх загарадным маёнтку). Смела адступаючы ад канонаў, ён дасць у Бібліі ўласны партрэт. Нават самога Госпада чытачы ўбачаць без узаконенага духоўнымі ўладамі німба.

За парушэнне царкоўных правілаў выдання Бібліі Скарыну маглі б не меней за трынаццаць разоў спаліць на вогнішчы як ерэтыка.

Галоўным жа «злачынствам» у вачах многіх быў сам яе пераклад дзеля таго, каб гэтую натхнёную Богам кнігу мудрасці мелі магчымасць чытаць усе.



Перад намі партрэт Скарыны, змешчаны ў 1517 годзе ў кнізе «Ісус Сірахаў». Угледзімся ў яго больш уважліва, паспрабуем пранікнуць у свет сімвалаў, бо ў іх сярэднявечныя мастакі зашыфроўвалі ўсе чалавечыя якасці, здольнасці і памкненні, і часам сімвалы казалі пра асобу болей за аблічча.

Мы бачым першадрукара ў кабінеце, сярод кніг і навуковых прыкладаў. Пакой аздоблены гірляндамі з дубовага лісця, што ўвасабляюць сілу духу і рашучасць намераў, а яшчэ нагадваюць гаспадару пра родныя мясціны з іх старажытнымі святымі дубровамі. Цішыню і глыбокі роздум вучонага ахоўваюць скульптурныя львы. Цары звяроў уладкаваліся ў яго за плячыма на падстаўках-кансолях, каля ног кожнага тры шары, што сімвалізуюць тры хрысціянскія цноты: веру, надзею, любоў.

У лапах ільвы трымаюць шчыты з загадкавымі знакамі, якія даследчыкі тлумачаць па рознаму. Адны, напрыклад, бачаць у іх схематычныя выявы медычных шаляў і друкарскага варштата сведчанні галоўных жыццёвых заняткаў Скарыны. Асабіста мне найбольш верагодным здаецца арыгінальнае тлумачэнне скульптара Алеся Шатэрніка. Левы знак ён расшыфроўвае як слова «Бог».

I сапраўды, калі мы паглядзім на палову гэтага сімвала, дык лёгка знойдзем літару Б, якая змяшчае ў сабе О і Г. (Поўны знак атрымліваецца ў выніку люстранога адбітку.) Правы знак выява кароны, сімвала дзяржаўнае ўлады. Такім чынам, на партрэце дэвіз выдатнага палачаніна служыць Богу і дзяржаве.

Ніжэй шчыта з каронаю, нагадваючы пра хуткаплыннасць часу, стаіць вадзяны гадзіннік клепсідра. Леваруч Скарыны над кнігамі вісіць астралябія, неабходная ў занятках астраноміяй і астралогіяй. Пад ёю, на лаве,  мяккія падушкі для хвілінаў адпачынку. Яшчэ ніжэй свечнік з люстэркам, што скіроўвае святло ў патрэбны бок. Пагаслая свечка алегорыя марнасці зямнога жыцця, але спрэчку з ёю вядзе пчала увасабленне таленту, ахвярнасці і працавітасці, дзякуючы якім чалавечае жыццё доўжыцца ў памяці нашчадкаў. Пчолы лічыліся боскімі стварэннямі, што выкормлівалі нектарам таленавітых людзей.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3