Аднаго разу мне давялося паказваць Полацк беларускаму спеваку з Нью-Ёрка Багдану Андрусішыну, або проста Данчыку, і яго маці, спадарыні Юлі. Пакуль мая жонка Валянціна гатавала да сустрэчы гасцей полацкія дранікі з «душамі», мы на заканчэнне экскурсіі завіталі ў Спасаўскую царкву. Да вячэрні было яшчэ далёка, аднак, даведаўшыся, што госці са Злучаных Штатаў стараста царкоўнае рады Таццяна Храпавіцкая дазволіла і агледзець храм, і падняцца ў келлю князёўны-ігуменні. Ну а пасля таго, як стараста пачула пра царкву нашай святой каля Нью-Ёрка, госці атрымалі ў падарунак вялізны пакунак прасвірак.
Сёння паміж католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі часам узнікаюць непаразуменні. Агульная для гэтых канфесій святая, Еўфрасіння Полацкая як бы закліканая паяднаць іх, прынесці ўсім мір, згоду і ўзаемапавагу. У зацверджанай рымскім папам малітве за беларускі народ гаворыцца: «Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: прычыніся за намі, а ты, святая Еўфрасіння Полацкая патронка Беларусі, ды ўсе святыя заступнікі Беларускага народу, апякуйцеся намі, каб мы сталіся народам святым, што выконвае волю Божую і сваё пасланство, каб прычыніліся да агульнага дабра тут, на зямлі, а ў прышлым жыцці атрымалі вечнае шчасце, і Табе, прадвечнаму Валадару, прыносілі славу, чэсць і паклон на векі вечныя. Амін».
Еўфрасіння высока ўзнялася над сваёй эпохай. Яе прыклад натхняў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага
Часы мяняюцца, і зорка Еўфрасінні на небасхіле народнай памяці ззяе ўсё ярчэй і ярчэй. Беларускія гісторыкі, пісьменнікі, мастакі разам з царквою вярнулі святое імя ў наш культурны і духоўны кантэкст. Наогул жа літаратура пра жыццё і подзвігі Еўфрасінні налічвае больш за чатырыста назваў на беларускай, лацінскай, польскай, нямецкай, англійскай, украінскай, царкоўнаславянскай, расійскай ды іншых мовах. Колькасць кніг і артыкулаў няўхільна расце. На маім стале ляжыць атрыманы з ЗША часопіс з публікацыяй пра лёс мошчаў святой. Часопіс, дарэчы, называецца «Полацак», а выходзіў ён па-беларуску ў амерыканскім горадзе Кліўлендзе, дзе ёсць беларускі культурны цэнтр зноў жа з назваю «Полацак».
Пералік літаратурных твораў, прысвечаных святой Еўфрасінні, дойліду Іаану, Лазару Богшу, заняў бы ў гэтай кніжцы добрую старонку.
Сярод свецкіх партрэтаў святой вылучаюцца палотны жывапісцаў Аляксея Марачкіна і Нінэль Шчаснай, графічныя аркушы Арлена Кашкурэвіча. У тэхніцы габелена вобраз Еўфрасінні стварыў Сымон Свістуновіч. Яе імя ўзнікае ў памяці, калі бачыш адухоўленыя скульптуры старажытных палачанак Алеся Шатэрніка.
У 1992-м, напярэдадні святкавання 1000-годдзя прыходу на беларускія землі хрысціянства, у Полацку зявілася вуліца святой Еўфрасінні. Яна вядзе да заснаванага асветніцаю манастыра, які кожны дзень сустракае паломнікаў і турыстаў.
Палачане даўно марылі пра помнік сваёй выдатнай суайчынніцы. У 2000 годзе гэтая мара здзейснілася. Святая Еўфрасіння яшчэ раз у бронзе вярнулася ў родны горад і цяпер вітае ўсіх, хто кіруецца ад Сафійскага сабора ў бок Спасаўскага манастыра. Скульптар Ігар Голубеў убачыў найславуцейшую палачанку велічнай і мудрай, поўнай чалавечай годнасці і духоўнай сілы. Яшчэ раней I. Голубеў стаў аўтарам помніка асветніцы, які знаходзіцца ў сталіцы нашай краіны, у скверы Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Палачане даўно марылі пра помнік сваёй выдатнай суайчынніцы. У 2000 годзе гэтая мара здзейснілася. Святая Еўфрасіння яшчэ раз у бронзе вярнулася ў родны горад і цяпер вітае ўсіх, хто кіруецца ад Сафійскага сабора ў бок Спасаўскага манастыра. Скульптар Ігар Голубеў убачыў найславуцейшую палачанку велічнай і мудрай, поўнай чалавечай годнасці і духоўнай сілы. Яшчэ раней I. Голубеў стаў аўтарам помніка асветніцы, які знаходзіцца ў сталіцы нашай краіны, у скверы Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Хочацца верыць, што ў будучыні ў Полацку зявяцца і помнікі славутым сучаснікам Еўфрасінні дойліду Іаану і ювеліру Лазару Богшу, а таксама Гардзіславе-Еўдакіі і Звеніславе-Еўпраксіі сёстрам і паплечніцам князёўны-ігуменні, што працягвалі яе справу. Яны маглі б стаць суладнай часткаю архітэктурна-ландшафтнай прасторы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра або Верхняга замка.
Ужо колькі гадоў у маёй душы не заціхае водгулле глыбокага хвалявання, перажытага ў тыя хвіліны, калі пад скляпеннямі Сафійскага сабора, дзе калісьці знайшла прытулак юная Еўфрасіння, гучалі спевы, напісаныя ў гонар асветніцы восем стагоддзяў таму.
Придете, любомудрении,
песнями богокрасными воспоимо достохвалнии
и смиреннии. Ефросинии всечесней
Прыдзіце, любамудрыя, у храм найпадобнейшай. Пакланіцеся яе мошчам, паглядзіце ў яе вочы на фрэсцы. Падыміцеся ў келлю святой, дзе так узнёсла думаецца пра вечнасць Хараства, пра чалавечае прызначэнне на гэтай зямлі.
СМЕРЦЬ КНЯЗЯ ВАЛОДШЫ
Малітвы Еўфрасінні за родны Полацк, яе парады князю Усяславу Васількавічу не пайшлі марна. Пасля смерці князёўны Бацькаўшчына, няхай і нядоўга, але пажыла ў спакоі і міры. Аціхлі ўсобіцы, аднавілася адзінства Полацкай зямлі. Хоць яна ўжо была падзеленая на добры тузін удзельных княстваў, агульныя інтарэсы гуртавалі іх у магутны ваенны і палітычны хаўрус.