Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі стр 44.

Шрифт
Фон

3 таго часу мошчы князёўны-ігуменні спачываюць у Спасаўскім храме.

Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Аўтар яе «Жыція» скончыў свой твор натхнёным хваласпевам: «Якою мовай, братове, уславіць мне светлую памяць найблажэннейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасініі! Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведанне, ці, проста кажучы,  для ўсіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Еўфрасіння незвядальная кветка райскага саду. Еўфрасіння арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую. Тым жа, братове, пахваляецца Селунь аб святым Дзімітрыі, а Вышгарад пакутнікамі Барысам і Глебам; я ж пахваляюся: шчасны ты, горадзе Полацку, што ўзрасціў парастак такі найпадобнейшую Еўфрасінню».

Выглядае верагодным, што адна з першых пачала дабівацца кананізацыі сястры Еўдакія-Гардзіслава, якая пасля скону Еўфрасінні ўзначаліла манастыр. 3 гэтай мэтаю яна магла ліставацца з Кірылам Тураўскім, што ўжо заняў епіскапскую кафедру і меў вялікі ўплыў у царкоўных колах.

Да паловы XVI стагоддзя Полацк быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны. На гэтую ролю прэтэндавалі таксама іншыя святыя Казімір (сын вялікага князя літоўскага і караля Казіміра IV), Параскева Полацкая, Андрэй Баболя (закатаваны ў 1657 годзе царскімі казакамі на Беларусі каталіцкі місіянер). Народная памяць зрабіла свой выбар.

Расійская праваслаўная царква не спяшалася шырока прызнаваць найпадобнейшую Еўфрасінню, бо ёй пакланяліся уніяты. Варожасцю царскіх уладаў да Уніі, якая захоўвала нацыянальную самабытнасць беларусаў, тлумачыцца, пэўна, і знікненне створанага ў 1839 годзе мастаком Токаравым родам з Бешанковічаў абраза Еўфрасінні, прызначанага для полацкага Сафійскага сабора. На абразе святая была намаляваная на поўны рост, у левай руцэ трымала крыж, а праваю паказвала на карону і мантыю знакі княжацкае ўлады.

Сёння акрамя шматлікіх праваслаўных абразоў полацкай асветніцы яе выявы можна ўбачыць на размалёўках падземнай царквы Звеставання ў Кіева-Пячорскай лаўры, на фрэсках кіеўскага Уладзімірскага сабора (аўтарства апошніх належыць В. Васняцову).

У 1997 годзе ў Навасібірску быў асвечаны намаляваны ў мясцовых традыцыях абраз найпадобнейшай Еўфрасінні, якая цяпер лічыцца і патронкаю беларусаў Сібіры.


На пачатку XX стагоддзя ў друку прамільгнулі звесткі, што полацкая князёўна бьша кананізаваная папам Ерыгорыем X на другім Ліёнскім саборы ў 1274 годзе. Гэты факт не пацвярджаецца дакументальна, але, паводле даўняе традыцыі, Еўфрасінню прызнае святою і каталіцкая царква. У сучасных літургічных выданнях для католікаў усходняга абраду (уніятаў) яна ўпісаная ў календары на адпаведным месцы.

Такім чынам, сёння найпадобнейшую Еўфрасінню Полацкую разам з праваслаўнымі беларусамі глыбока шануюць іх браты-католікі. Патронка Беларусі дае духоўную падтрымку і нашым суайчыннікам за мяжою.

У беларускай дыяспары існуе культ святой Еўфрасінні. Яе імем назвалі першы замежны беларускі праваслаўны прыход, заснаваны ў нямецкім горадзе Рэгенсбургу. Беларусы, што апынуліся там у лагеры перамешчаных асобаў, за адзін месяц збудавалі сабе храм, прысвяціўшы яго полацкай ігуменні. Пры царкве быў створаны хор, якім кіраваў выдатны кампазітар, аўтар музыкі да нашага духоўнага гімна «Магутны Божа» Мікола Равенскі.

Паблізу Нью-Ёрка, у горадзе Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрсі, знаходзіцца яшчэ адна беларуская царква ў гонар Еўфрасінні. Яна стаіць на ўзгорку каля аўтамагістралі. Кожную нядзелю і ў святы з далёкага і блізкага наваіколля зязджаюцца туды старыя, маладыя і зусім маленькія беларусы, каб памаліцца, пачуць роднае слова і адчуць сябе часцінкаю Бацькаўшчыны.

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Беларускі праваслаўны прыход Еўфрасінні Полацкай існуе і ў сталіцы Вялікабрытаніі.

На Захадзе неаднаразова друкаваліся іконы святой, выходзілі прысвечаныя ёй даследаванні. Адным з першых была кніга айца Льва Гарошкі «Сьвятая Еўфрасіня-Прадслава. Ігуменя манастыра сьв. Спаса ў Полацку, патронка Беларусі», што пабачыла свет у 1949 годзе ў Парыжы.

Беларуская дыяспара годна адзначыла 800-годдзе завяршэння зямнога шляху нашай нябеснай заступніцы. Мастак Алег Махнюк намаляваў новую ікону асветніцы, выдадзеную потым літаграфічным спосабам, а вядомы венгерскі скульптар Пол Вінчэ стварыў на заказ нашага суайчынніка гісторыка і калекцыянера Міхася Белемука вытанчаны срэбны абразок з барэльефам святой.

Іконы святой Еўфрасінні ў замежжы былі напісаныя таксама беларускімі мастакамі Лідзіяй Каліноўскай (для царквы ў Рэгенсбургу), Змітром Чайкоўскім, Верай Кубраўцовай. Адметныя вобразы полацкай ігуменні стварылі ў сваіх жывапісных і графічных працах Івонка Шыманец-Сурвіла, Уладзімір Шыманец, Галіна Русак, Тамара Стагановіч.

А першым беларускім праваслаўным храмам у Паўночнай Амерыцы стала царква Еўфрасінні Полацкай у канадскім горадзе Таронта. Набажэнства ў ёй упершыню адбылося 25 сакавіка 1950 года, у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3