Горад любіў і ўмеў гандляваць. На торжышчы прапаноўвалі тавар тутэйшыя рамеснікі і сяляне. Кіеўскія купцы (яны трымаліся ў параўнанні з іншымі трохі фанабэрліва, ды ў Полацку на гэта ніхто не зважаў) прывозілі шкляныя вырабы, белы гліняны посуд з зялёнаю палівай. Яны ж вялі гандаль чарнаморскімі таварамі: віном, аліўкавым алеем, амфарамі. Багатыя гараджане з велікакняжацкага кола спыняліся каля прылаўкаў з візантыйскімі квяцістымі тканінамі, з усходнімі прыправамі і тонкімі шклянымі келіхамі.
Як сведчаць археалагічныя знаходкі, палачанін мог купіць на рынку грэцкія арэхі, грабяні з самшыту, што расце на каўказскіх схілах, сердалікавыя пацеркі з Сярэдняй Азіі. Знайшлі ў Полацку нават ракавінкі малюска каўры, радзіма якога Індыйскі акіян. Чулася на торжышчы і нямецкая гаворка. 3 Заходняй Еўропы рамеснікі атрымлівалі волава, медзь і цыну. Першае месца ў полацкім імпарце колькі стагоддзяў займала соль, у экспарце воск і футра.
Праведзеныя з дапамогаю рэнтгенаўскіх мікрааналізатараў даследаванні вырабаў полацкіх кавалёў паказалі, што мясцовае жалеза яны нярэдка спалучалі з якаснай сталлю з вострава Готланд, якая мела падвышанае ўтрыманне нікелю.
Разлічваліся срэбнымі зліткамі грыўнямі. Грыўня дзялілася на 20 нагатаў або 50 кунаў. Конь, напрыклад, каштаваў дзве-тры грыўні. Плацілі таксама вязкамі футравіны.
Гаворачы пра гандаль, трэба ўспомніць і пра шляхі, па якіх ездзілі купцы ды іншыя падарожнікі.
Галоўнымі дарогамі былі водныя. Паблізу горада па Дзвіне снавалі невялікія выддубаныя чаўны-аднадрэўкі. Са стаўбура вячыстае ліпы тым самым спосабам можна было зрабіць лодку, куды змяшчалася некалькі коней з людзьмі. Ішлі па рацэ важка наладаваныя таварам пласкадонныя стругі. Паўсотні ваяроў з рыштункам падымала ладдзя (яны хадзілі пад ветразем і на вёслах). Вялікія ладдзі з палубай і носам, аздобленым выразанай з дрэва звярынай ці птушынай галавой, зваліся насадамі. У сярэднявеччы на беларускіх рэках сустракаліся піраты, якіх называлі расколамі. (Ці не адтуль пайшло жаргоннае слаўцо «раскалоць»?)
Праз валокі, дзе гандлёвыя караваны пераходзілі з адной рачной сістэмы ў другую, судны перапраўлялі на катках і колах, а невялікія перавозілі на запрэжаных некалькімі конямі калёсах або валакушах. Ездзілі па рэках і на санях, але тыя лёгка беглі адно на пачатку зімы, пакуль завірухі не перагароджвалі ледзяную дарогу сумётамі.
На высокіх берагах і прыбярэжных узлобках усцяж Дзвіны будавалі «глядзені», адкуль вартавы ўдзень і ўначы сачыў ці не набліжаецца вораг. У выпадку небяспекі загараўся сігнальны агонь, які бачылі з суседняга дазору. Ланцужок агнёў хутка дабягаў да горада, і жыхары бралі ў рукі зброю. Адзін з такіх «глядзеняў» стаяў на ўзгорку каля вёскі Падкасцельцы, што ўвайшла цяпер у межы Наваполацка.
Ездзілі не толькі рэкамі. Сухаземныя шляхі вялі з Полацка ў Пскоў, Ноўгарад, Менск Першымі дарожнымі знакамі былі засечкі на дрэвах, а ўзімку высокія тычкі з жмутком саломы на макаўцы. Закінутая дарога праз нейкія тры дзесяткі гадоў бясследна знікала.
У далёкае падарожжа купцы выпраўляліся абозамі па дваццаць - сорак падводаў, каб лягчэй было бараніцца ад лясных разбойнікаў. За дзень абоз праходзіў разы ў тры меней, чым княжая дружына. Адлегласць крывічы вызначалі не толькі вёрстамі, але і даўнейшымі, нязвыклымі нам мерамі пералётам стралы або попрышчам, у якім была тысяча крокаў.
Полацкія купцы мелі сваё ўласнае гандлёвае месца ў Кіеве «у двора Брячиславля». Да 1159 года адносіцца паведамленне пра пачатак рэгулярнага гандлю Полацка з Брэменам. Разам са смаленскімі калегамі палачане мелі сваё прадстаўніцтва ў Рызе. 3 хронік вядома, што ў 1212 - 1234 гадах там ужо існаваў цэлы «крывіцкі» квартал з праваслаўнай царквой святога Міколы.
Горад за часамі Усяслава рабіўся значным агменем асветы. Княжых і баярскіх дзяцей манахі вучылі дома. Дзейнічала школа пры Сафійскім саборы. Нямала пісьменных людзей сустракалася і сярод простых гараджанаў. Пра гэта, між іншым, кажуць графіці зробленыя чым-небудзь вострым надпісы на сценах старажытных будынкаў. Адзін наш зямляк у XII стагоддзі такім чынам увекавечыў сваё імя ў кіеўскай Сафіі: «Воинег писал Журягович полочянин».
Малюючы тагачаснае жыццё, нельга не сказаць пра вечавыя сходы, што віравалі побач з Сафійскім саборам. Полацкае веча было ў горадзе другой уладай. Князь узначальваў войска, кіраваў дзяржавай, раздаваў васалам землі з гарадамі. Веча вырашала пытанні вайны і міру, слала пасольствы, вяршыла найвышэйшы суд, ацэньвала дзейнасць князя. Некалі Брачыслаў Ізяславіч прыняў на службу варажскую дружыну Эймунда толькі са згоды вечавога сходу, які пастанавіў даць князю грошы на разлік з наймітамі. Веча мела права запатрабаваць ад уладара адказу за прайграную бітву і нават за перамогу, калі тая каштавала занадта дорага.
Малюючы тагачаснае жыццё, нельга не сказаць пра вечавыя сходы, што віравалі побач з Сафійскім саборам. Полацкае веча было ў горадзе другой уладай. Князь узначальваў войска, кіраваў дзяржавай, раздаваў васалам землі з гарадамі. Веча вырашала пытанні вайны і міру, слала пасольствы, вяршыла найвышэйшы суд, ацэньвала дзейнасць князя. Некалі Брачыслаў Ізяславіч прыняў на службу варажскую дружыну Эймунда толькі са згоды вечавога сходу, які пастанавіў даць князю грошы на разлік з наймітамі. Веча мела права запатрабаваць ад уладара адказу за прайграную бітву і нават за перамогу, калі тая каштавала занадта дорага.