Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі стр 26.

Шрифт
Фон

Сучасныя модніцы могуць параўнаць сябе з княгіняю, якая выходзіла ў святочны дзень з хорама ў вышываных золатам чаравіках і ў дзвюх падпаясаных залатым пасам парчовых сукнях кароткай верхняй і даўгой ніжняй. Верхняя мела шырокія рукавы, а ніжняя вузкія з залатымі поручамі. Шыю песцілі шырокія каралі з каштоўных камянёў, у валасах ззялі на сонцы залатыя або срэбныя колты з эмалямі і зерню.

Палачанкі ахвотна насілі бурштынавыя пацеркі, што, як верылі, спрыяла здароўю і дапамагала ад бяссоння. Раскапаўшы майстэрню старажытнага полацкага ювеліра, археолаг Сяргей Тарасаў знайшоў у ёй, апрача тыгляў, пінцэтаў, гірак ды іншага прычандалля, чатыры сотні кавалачкаў апрацаванага і «дзікага» бурштыну.

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Палачанкі ахвотна насілі бурштынавыя пацеркі, што, як верылі, спрыяла здароўю і дапамагала ад бяссоння. Раскапаўшы майстэрню старажытнага полацкага ювеліра, археолаг Сяргей Тарасаў знайшоў у ёй, апрача тыгляў, пінцэтаў, гірак ды іншага прычандалля, чатыры сотні кавалачкаў апрацаванага і «дзікага» бурштыну.

3 асаблівай павагай князь і яго акружэнне ставіліся да збройнікаў. Ваяры почасту назіралі, як у агні нараджаецца меч. Вось клінок дайшоў да чырвонага калення, цяпер трэба яго загартаваць: можна ў вадзе, а лепей «у буесці» падаць хутчэй конніку, што чакае ля кузні, і той паімчыць у поле, трымаючы меч лязом насустрач ветру.

Мячы (кошт аднаго быў прыблізна роўны кошту каня) мелі такую вастрыню, што імі галіліся. Броннікі рабілі кальчугі-броні з безлічы жалезных кольцаў (часам іх колькасць даходзіла да 60 тысяч), а яшчэ броні дашчаныя з металёвых пластачак. Незаменныя былі на вайне даўгія цяжкія копі дзіды і лёгкія, прызначаныя для кідання суліцы. Годнае месца ў арсенале полацкіх ваяроў займалі аднаручныя і дзвюхручныя баявыя сякеры. Калі верыць «Слову пра паход Ігаравы», якраз яны адыгралі вырашальную ролю ў час штурму Ноўгарада дружынамі Усяслава Чарадзея.

Ішла слава пра полацкіх майстроў-лучнікаў. На блізкай адлегласці ад стралы са сталёвым наканечнікам не ратавалі ні шчыты, ні кальчуга, ні панцыр. Нават праляцеўшы сотню метраў, такая страла лёгка прабівала дубовую дошку таўшчынёю з палец. Лук даставаў крокаў на 300 - 350. 3 ім паляўнічыя смела хадзілі на буйнога звера, а мімаходзь маглі сцяць гуся, качку або чаплю.

Паляванне служыла гараджанам не забаваю, а важнай часткаю гаспадаркі. Яно падзялялася на мясное (на зуброў, ласёў, аленяў, мядзведзяў, лебедзяў, гусей, цецерукоў) і футравае (на баброў, лісіц, вавёрак, ваўкоў, собаляў, куніц). На звярыных сцежках капалі ямы, ладзілі сілкі. Дзікіх птушак лавілі так званымі перавесамі нацягнутымі высока над зямлёю сеткамі. Пра багацце нашых лясоў за часам князя Усяслава можна меркаваць па тым, што ў XVI стагоддзі собалі на полацкім рынку яшчэ прадаваліся вязкамі па 40 штук, а гарнастаі па 250.

Жыхары Полацка аралі вакол горада зямлю, сеялі жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, грэчку, гарох, лён. На полацкіх гародах тысячу гадоў таму раслі капуста і рэпа, боб і мак, цыбуля, часнок, кроп. Продкі ведалі смак салёнага агурка і расолу. Прыліплае да дна бочкі агурочнае зернетка археолагі знайшлі ў земляным слоі XIII стагоддзя.

Адзін беларускі паэт напісаў гістарычны раман пра эпоху Чарадзея. Яго героі, паскідаўшы кальчугі, сядзяць вакол вогнішча і цюмраць печаную ў прыску бульбу. Ім можна было б пазайздросціць, каб не адна акалічнасць: бульбу завезлі ў Еўропу з Амерыкі толькі ў XVI стагоддзі, а ў Беларусі наш цяперашні другі хлеб зявіўся яшчэ гадоў праз дзвесце.

Увесну ў горадзе зацвіталі яблыневыя і вішнёвыя сады. У хлеўчуках рохкалі вепрукі, білі ў драўляныя даёнкі вострыя струменьчыкі сырадою, бляялі авечкі і мэкалі козы. Частка палачанаў кармілася з рыбарства. Рыбу лавілі нератам, брадніком, на кручок, білі восцямі. Калі яна ішла на нераст, на невялікіх рэчках рабілі закалоты: перагароджвалі рэчышча шчытна падагнанымі жардзінамі, а пакінуты праход закрывалі лазовымі мярэжамі.

У прыгарадных лясах ставілі борці. 3 калоды ў добры год бралі колькі карчагаў мёду. Галоўнымі канкурэнтамі бортнікаў былі, вядома, мядзведзі. Борці яны ведалі не горш, чым гаспадары, таму пад кожнаю, каб ласун не здолеў падабрацца да салодзенькага, вакол стаўбура ладзілі шырокі дашчаны шчыт подкур.

Ласаваліся продкі не толькі мёдам, але і каўрыжкамі, пернікамі з макам, пірагамі з самым розным мясам, ад заечыны да мядзведзіны. Падчас варожае аблогі нядрэнна ішлі і каніна з сабачынай. Між іншым, хрысціянская царква забараняла есці «даўляніну» мяса звяроў і птушак, што трапілі ў сіло або былі задушаныя сабакам, лоўчым сокалам ці ястрабам і не прырэзаныя чалавечай рукой.

На святочнай бяседзе хадзілі па застоліцы чары варанага перабрадзілага мёду. Пілі таксама мёд, настоены на перцы, прывезенае з поўдня вінаграднае віно, ячменнае піва і квас. Сёмую чару хмельнага зелля лічылі «богаўгнявіцельнай», бо пасля яе чалавекам завалодвалі нячысцікі і пачыналіся сваркі, лаянка і тузанне за валасы. Знаходзіліся, праўда, і тыя, што перабіралі меру. Да нас дайшлі апісанні тагачасных жлуктаў: «Ни се мертв, ни се жив, опухл и аки болван налився аки мех до гортани, надомся (надзьмуўся) аки бочка, в ругание и посмех дав себе».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3