Захаванае летапісцамі паэтычнае паданне пра добраахвотны пострыг Рагнеды ў манашкі, каб унявесціцца Хрысту, кажа, што пры гэтым прысутнічаў яе сын Яраслаў. Ён ад нараджэння не валодаў нагамі, але, горача ўхваліўшы матчын выбар, нібыта адразу ж падняўся і пайшоў. Паданне часткова пацвердзілася пры вывучэнні парэшткаў Яраслава Мудрага ў сярэдзіне XX стагоддзя. Высветлілася, што пасля перанесенай у дзяцінстве хваробы ён сапраўды кульгаў. Але з летапісаў вынікае, што Уладзімір выправіў Рагнеду ў Заслаўе яшчэ да свайго хрышчэння. (М. Карамзін, які карыстаўся ў напісанні «Истории государства Российского» летапіснымі тэкстамі, што загінулі пазней у Маскоўскім пажары 1812 года, драматычную сутычку Уладзіміра з Рагнедай і заснаванне Заслаўя аднёс да 985 года.) Прычым з княгіняю быў Ізяслаў, а не Яраслаў, што атрымаў пасля бацькавага хросту Растоўскае княства.
Колькасць дзяцей, якія летапісы прыпісваюць Рагнедзе, дрэнна стасуецца і з яе становішчам нялюбай жонкі, і з самой працягласцю замужжа. Супярэчнасці паміж рознымі спісамі Уладзіміравых сыноў наводзяць на думку пра неаднаразовае рэдагаванне гэтых тэкстаў.
Даследчык гісторыі старажытнага Заслаўя Юры Заяц мяркуе, што змены ў летапіс маглі быць унесеныя за часамі Уладзіміра Манамаха або яго сына Мсціслава, якія захапілі вярхоўную ўладу ў абход законных прэтэндэнтаў. Прылічваючы свайго продка Яраслава Мудрага да сыноў Рагнеды, Манамах і яго сын імкнуліся абгрунтаваць «законнасць» уласных прэтэнзій на Полацкае княства.
Доля Рагнеды ў розныя часы натхняла пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў. Паэтычныя творы прысвяцілі ёй Тарас Шаўчэнка і Янка Купала (няскончаная паэма «Гарыслава»). У сваёй гістарычнай драме «Рагнеда» Кандрацій Рылееў пісаў, што полацкая князёўна запальвала ў сэрцах «любовь к стране родной и к угнетателям презренье».
Ідэйна блізкая да Купалавай «Гарыславы» вершаваная драма «Рагнеда», напісаная ў 1923-м пісьменнікам і гісторыкам Пётрам Крэчэўскім. Праз пяць гадоў у БССР песу «Рагнеда» стварыў Міхась Зарэцкі, але яна так і не была надрукаваная, а пасля арышту аўтара рукапіс знік.
У наш час аб трагічным і шмат у чым загадкавым шляху Рагвалодавай дачкі расказаў у аповесці «Тры жыцці Рагнеды» Кастусь Тарасаў. Свае драматычныя і паэтычныя творы прысвяцілі полацкай князёўне Іван Чыгрынаў, Алесь Петрашкевіч, Таіса Бондар
У Рускім музеі Санкт-Пецярбурга вы маглі бачыць створанае ў 1770 годзе палатно расійскага мастака Антона Ласенкі «Уладзімір перад Рагнедай».
На пачатку XX стагоддзя ў Расіі быў зняты мастацкі фільм «Рагнеда». 3 газет, якія пераказвалі яго кароткі змест, чытач даведваўся, што «ў першую ж ноч, калі Уладзімір і пераможцы балявалі ў княскім хораме, Рагнеда прабралася да палонных і вызваліла свайго каханага варажскага віцязя Інгульфа, пакляўшыся яму жорстка адпомсціць забойцу свайго бацькі»
Праз сем гадоў Інгульф пасля доўгіх блуканняў па свеце вяртаецца да Рагнеды і па дарозе ратуе Уладзіміра, які на паляванні трапіў у смяротныя абдымкі мядзведзя. Не пазнаўшы ворага, князь бярэ яго ў сваю дружыну, Рагнеда ж пад уплывам сустрэчы з каханым вырашае ў тую самую ноч выканаць старую клятву. Аднак замах не ўдаецца, і Рагнеда, просячы ў мужа літасці, вінаваціць Інгульфа. Той спрабуе ратавацца ўцёкамі, але, паранены стралой, гіне ў Дняпры.
Як бачым, сюжэт цяжка назваць блізкім да рэальных падзей X стагоддзя. Пры жаданні можна абвінаваціць аўтараў і ў імкненні да «дэгераізацыі» полацкай князёўны. Тым не меней фільм быў створаны, а пра новы, сучасны, нам застаецца толькі марыць. Як і пра помнік захавальніцы дынастыі Рагвалодавічаў на адной з вуліц яе роднага горада. Як і пра зяўленне імя Рагнеды ў полацкай гарадской тапаніміцы.
Мы памятаем, што, сеўшы ў Кіеве, Уладзімір выбраў з мноства паганскіх багоў шэсць галоўных. Але вось стод Перуна, як звычайнае бервяно, паплыў да дняпроўскіх парогаў а раку Уладзімір Краснае Сонейка зрабіў велізарнаю купеллю. Сагнаным на бераг кіянам князь кінуў пагрозлівае: «Хто не са мною, той супраць мяне».
Баючыся суровай кары за непаслушэнства, паганцы заходзілі па шыю ў ваду і вярталіся ўжо хрысціянамі. Ноўгарадцаў, як сведчаць летапісы, кіеўскія ваяводы Дабрыня і Пуцята хрысцілі «агнём і мячом». Прыход новае веры ў беларускі Тураў таксама стаўся падзеяю драматычнай: нездарма там дагэтуль жыве паданне пра каменныя крыжы, што прыплылі з Кіева і афарбавалі Прыпяць крывёю.
А як прыняла Хрыстовую веру Полацкая зямля? Афіцыйныя гісторыкі ніякага пэўнага адказу не давалі маўляў гэта частка Кіеўскай Русі, таму ўсё было тут, як у сталіцы ці, у горшым разе, як у Ноўгарадзе. Аднак звестак пра тое, як хрысцілася наша княства, мы не знойдзем ні ў адным з вядомых сёння летапісаў. Няхай Полацкі летапіс не захаваўся, але, калі б кіеўскія дружыннікі ўчынілі на берагах Дзвіны крывавы гвалт, гэта абавязкова адзначылі б іншыя летапісцы.
Ва Уладзіміра Святаславіча ўжо не было дастатковай сілы, каб хрысціць палачанаў прымусова. Княства няўхільна адраджала сваю самастойнасць. Яго валадары нашчадкі Рагнеды, не мелі патрэбы сцвярджаць сваю ўладу пераводам у хрысціянства адразу ўсіх жыхароў, як зрабіў у Ноўгарадзе князь Уладзімір.