Папаўняліся экспанатамі музей і карцінная галерэя. (На начатку гэтага стагоддзя ў адным з адрэстававаных карпусоў колішняй Акадэміі адчынілася Полацкая галерэя з багатым зборам беларускага мастацтва XVIIIXX стст.) Студэнты і выкладчыкі змайстравалі славуты сонечны гадзіннік, які знаходзіўся на акадэмічным пляцы і заўсёды збіраў шмат народу, бо апрача таго, што паказваў час, даваў багата іншай астранамічнай інфармацыі.
Сорак тысяч тамоў налічвала акадэмічная бібліятэка, якая была ў XIX стагоддзі найбагацейшым кнігазборам у Беларусі. Тут захоўваліся Полацкія евангеллі тры рукапісы XII-ХIV стагоддзяў на пергамене (цяпер у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Разам з імі гонарам бібліятэкі былі калекцыя велікакняжацкіх і каралеўскіх грамат і не менш каштоўны збор Біблій XVIXVII стагоддзяў, які налічваў каля ста кніг. Захавалася апісанне галоўнай бібліятэчнай залы. На ўваходзе, у нішы паміж двума маршамі сходаў быў гіпсавы грот са статуямі Дзевы Марыі з немаўлём і ўкленчанага перад імі Лаёлы. Паабапал дзвярэй наведніка сустракалі гадзіннік з боем і ртутны барометр у паліраваных жоўтых футлярах. У самой бібліятэцы дваццаць даўжэзных разьблёных шафаў з цёмнага дрэва з бюстамі і вазамі ды яшчэ шэсць меншых. Дзевяць масіўных сталоў на паўтара сажня даўжынёю і пры кожным пяць абцягнутых скураю крэслаў.
Вам не захацелася схавацца ў гэтай чытальнай зале хоць на тыдзень?
Нягледзячы на тое, што прафесура бліжэйшых універсітэтаў Віленскага і Дэрпцкага лічыла полацкіх калегаў правінцыяламі, альмаматэр над Дзвіной упэўнена ішла да таго, каб стаць іх годнай канкурэнткаю. Ёй падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія калегіумы і школы Расійскай імперыі, якія існавалі, апрача Полацка, у Пецярбургу, Віцебску, Оршы, Магілёве, Мсціславе, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Саратаве.
Аркадзь Смоліч, аўтар надоўга схаванай бальшавікамі ў спецсховішчы «Геаграфіі Беларусі», піша, што Полацкая акадэмія мела шэсцьсот студэнтаў і сорак прафесараў. Нейкі час у ёй выкладаў выхаванец Полацкага калегіума паэт Юзаф Маралёўскі, чыёй музе былі аднолькава падуладныя лацінская, польская і расійская мовы, а ў творчасці выяўляліся характэрныя рысы пераходу ад класіцызму да рамантызму. Вось як апяваў Маралёўскі малодшую сястру Дзвіны ў сваім вершы «Да Палаты»:
Княгіня рэк малых у Русі Белай!
Сястра Дзвіны! Як многа адляцела
Кудысьці дзён маіх тых векапомных
Каля вады твае ў дубровах цёмных.
У якое мора ўсе мае прыгоды
Сплывалі незваротна, як і воды?
Дзе радасці мае і як далёка
3 вадою ўпалі ўсе ў Дзвіну глыбока?[21]
3 полацкіх аўдыторый пачалі свой шлях гісторык, археолаг і этнограф Канстанцін Тышкевіч, астраном і філосаф Якуб Накцыяновіч, пісьменнік Юзаф Масальскі, які служыў гувернёрам у Юліуша Славацкага, быў арыштаваны па справе філаматаў а за ўдзел у паўстанні 18301831 гадоў сасланы за Урал. У Полацкай акадэміі вучыўся згаданы раней жывапісец Валенці Ваньковіч, чые творы ўпрыгожваюць сёння мастацкія галерэі Польшчы, Літвы, Францыі, Расіі Яе дыплом атрымаў Ян Баршчэўскі. Пералік вядомых імёнаў мог быць шматкроць даўжэйшы, каб Полацк не заставаўся універсітэцкім горадам усяго восем гадоў.
Навучальныя ўстановы зрабіліся на захопленых землях асяродкамі духоўнай апазіцыі царызму. Улады хутка разгледзелі небяспеку і рыхтавалі расправу. Полацкай акадэміі было наканавана сысці з гістарычнай сцэны першаю.
Таварыства Icyca абвінавацілі ў тым, што яно пераварочвае ў каталіцкую веру праваслаўных юнакоў са знакамітых расійскіх семяў. Сярод неафітаў апынуўся нават пляменнік міністра асветы князя А. Галіцына. Іншая «ахвяра», расійскі езуіт Іван Гагарын выдасць у 1872 годзе ў Парыжы твор ананімнага аўтара XVIII стагоддзя «Нататкі пра тое, як было захаванае ў Беларусі Таварыства Ісуса».
Полацкую прафесуру выкрывалі ў выхаванні антыўрадавых настрояў. Цікавыя звесткі на гэты конт падае ў кнізе «Иезуиты в России» (Пецярбург, 1867) Міхаіл Марошкін: «Известно, что иезуиты владели монастырем Спаса, находящимся недалеко от Полоцка; здесь была летняя резиденция иезуитских генералов и их усыпальница; в мае месяце иезуиты давали здесь рекреации воспитанникам своей коллегии; на рекреациях позволялось петь разного рода песни; песни эти были большею частию революционно-польского содержания или, как называли их, патриотические, следовательно, явно возмутительные и антипатриотические, с точки зрения русского подданного. Чтобы обмануть бдительность правительства и избежать судебного преследования, иезуиты придумали такую хитрость: они переложили все революционные песни на напевы самых употребительных русских, так что под самый обыкновенный и общеизвестный напев вроде «Сени мои, сени» или «Вниз по матушке по Волге» пелась самая бунтовщицкая песня, вышедшая из шайки Костюшко. Русское правительственное туземное чиновничество, слушая подобные песни, восхищалось родными мотивами и русскими звуками и не подозревало в этом ничего революционного; не подозревало, что в этих революционных песнях участвуют дети русских родителей, может быть, его собственные дети, которые под русские звуки призывают гибель своему отечеству и все мщения и кары неба»