У камедыях i інтэрмедыях дзейнічалі месцічы i сяляне, цыганы і яўрэі. Гледачы бачылі знаёмыя сцэнкі, нярэдка пазнавалі на падмостках саміх сябе. На пачатку XIX стагоддзя полацкі тэатр ставіў спектаклі на лацінскай і французскай мовах, а таксама на польскай, прычым персанажы з ліку паспалітых людзей гаварылі на сцэне па-беларуску.
Ордэнскае кіраўніцтва пільна сачыла за школьнымі тэатрамі і загадвала рэктарам увесь час абнаўляць рэпертуар «дзеля славы нашых вучэльняў, каб гледачы пазбеглі сумоты». Раз на год у зале ці пад адкрытым небам Полацкі калегіум ладзіў вялікі публічны спектакль, дзе акцёры выступалі перад педагогамі, бацькамі і ўсімі ахвочымі. Найлепшыя месцы займалі знаныя гараджане. Пабожная маці захоплена глядзела на сына ў абліччы святога ці анёла. Бацька задаволена падкручваў шляхецкі вус і думаў, што аддаўшы спадкаемца да езуітаў не памыліўся.
Пры калегіуме, дарэчы, існаваў так званы канвікт для дзяцей з багатых семяў. Тут выкладаліся тыя самыя навукі, але падбор педагогаў быў лепшы і час навучання не абмяжоўваўся. У канвікт прымалі хлопчыкаў ад васьмі да чатырнаццаці гадоў. Правілы былі даволі суровыя: галоўнай дабрачыннасцю лічылася паслушэнства, забаранялася начаваць у іншым месцы, усё жыццё ішло на вачах у выхавацеляў. Уяўленне пра побыт юных шляхцічаў дае пералік рэчаў, што гадаванец набываў сваім коштам: пасцель, шырма, святочнае і будзённае адзенне, шлафрок, канапка да стала, рукамый, куфар Езуіты, як заўсёды, клапаціліся пра харчаванне: абед складаўся штодня з пяці разнастайных страваў, а вячэра з чатырох.
Пры ўсіх езуіцкіх калегіумах Вялікага Княства ствараліся музычныя бурсы, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у развіццё музычнага мастацтва Беларусі. Дзейнасць полацкай бурсы можна прасачыць з 1597 года, калі яна была адчыненая, да 20-х гадоў XIX стагоддзя. У ёй звычайна займаліся дванаццаць-шаснаццаць адораных юнакоў. Кола абавязкаў навучэнцаў бурсы было досыць традыцыйнае: касцёльныя ўрачыстасці, свецкія прыёмы знакамітых гасцей, тэатральныя пастаноўкі. 3 1668 года аркестр калегіума штопятніцы граў у касцёле святога Ксаверыя. У 1671 годзе «трубы і капела» бурсакоў аздобілі гарадское свята з нагоды кананізацыі Францыска Борджыа, а ў 1705-м бурсакі дэманстравалі свае здольнасці разам з аркестрам Пятра I.
Музыкі з езуіцкага калегіума ніколі не адмаўлялі і уніятам. Яны ўдзельнічалі ва ўрачыстасцях з нагоды беатыфікацыі Ясафата Кунцэвіча і ў пахаванні грэка-каталіцкага мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага (нягледзячы на тое, што ўладыка ледзь не ўсё сваё жыццё судзіўся з Таварыствам Ісуса з-за маёмасці).
Я дагэтуль не сказаў, што ў Полацкім калегіуме выкладалі асобы, вядомыя па ўсёй Еўропе.
Шэпцік захаплення прабягаў па аўдыторыі, калі да кафедры падыходзіў Мацей Казімір Сарбеўскі (15951640), філосаф і слынны паэт-лацініст. Студэнты ведалі, што вершы ён пісаў з дзесяці гадоў, што, аддаўшы ў юнацтве колькі гадоў выкладанню ў Полацкім калегіуме, паступіў у Віленскую акадэмію, а адтуль за выдатныя здольнасці быў пасланы вучыцца ў Рым. Там, у Вечным горадзе, яго паэтычны дар так расквітнеў, што Мацей заслужыў найменне «хрысціянскага Гарацыя». Папа Урбан VIII, першага са славянаў, увянчаў яго лаўровым вянком на Капіталійскім узгорку, дзе з часоў імператара Аўгуста ўшаноўвалі найталенавіцейшых паэтаў, а перад адездам Сарбеўскага на радзіму падараваў яму залаты ланцуг са сваім партрэтам.
3 Італіі «хрысціянскі Гарацый», абрабаваны і жорстка збіты на еўрапейскіх дарогах разбойнікамі, вярнуўся ў 1626 годзе ў Полацк, дзе некалькі семестраў чытаў рыторыку, паэтыку і антычную міфалогію і ўдалечыні ад сталічнага тлуму плённа займаўся паэтычнай творчасцю і навукай. Неўзабаве ён пераедзе ў Вільню, дзе стане дэканам філасофскага і тэалагічнага факультэтаў. Полацкія курсы лекцый Сарбеўскага лягуць у аснову яго трактатаў «Пра дасканалую паэзію», «Пра трагедыю і камедыю». «Пра жарт ідасціпнасць», «Адметнасці лірыкі».
Першая паэтава кніга «Лірычныя творы» выйшла ў 1625 годзе ў Кёльне і вытрымала пры жыцці аўтара пяць перавыданняў у розных гарадах Еўропы. Самым дарагім ён лічыў антверпенскае: яго ілюстраваў Пітэр Паўль Рубенс. У Полацку Мацей Сарбеўскі напісаў даследаванне з антычнай міфалогіі «Багі паганскіх народаў» і «Паэтыку», якім таксама была наканаваная еўрапейская слава. Яго вершы два стагоддзі вывучаліся ва універсітэтах і гімназіях як дасканалы ўзор новалацінскай паэзіі, уплывалі на творчасць Сімяона Полацкага і Мялеція Сматрыцкага, паэта-лацініста XVIII стагоддзя Міхала Карыцкага і народжанага ў Віцебску польскага паэта і драматурга Францішка Князьніна, які нейкі час таксама спасцігаў навуку ў полацкіх езуітаў. Зборнікі паэтычнай спадчыны Сарбеўскага перавыдаваліся ў Парыжы, Лейпцыгу, Дрэздэне, Страсбургу, Вільні, Варшаве, Львове, Лос-Анджэлесе
Паэзію ён лічыў сферай духоўнай свабоды, а створаны ёю мастацкі свет ідэальнай рэальнасцю, што існуе побач са светам, які нарадзіла Божая воля. Гэтую ідэальную рэальнасць доктар філасофіі і тэалогіі Мацей Сарбеўскі ствараў не толькі паэтычным словам, але і музыкаю, бо выдатна граў на клавесіне і арфе, меў цудоўны голас.