Маршал са штабам размясціўся ў езуіцкім кляштары. Ён меў задачу наступаць на Санкт-Пецярбург. Шлях на паўночную сталіцу прыкрываў корпус генерала Вітгенштэйна. Удзіно паспрабаваў абысці яго і заняць пецярбургскі гасцінец. У рэляцыях замільгацела найменне невядомай датуль нікому вёскі Клясціцы, паблізу якой у жорсткіх баях 3031 ліпеня і 1 жніўня расійскі корпус здабыў важную перамогу.
20 ліпеня ў Полацку спынялася на днёўку 1-я расійская армія, што адыходзіла з Дрысы на Віцебск. Услед за ёю ў горад уступілі войскі маршала Нэя. У свой час уніяцкія святары адмовіліся чытаць у храмах пасланне царскага Сінода, дзе Напалеона абвяшчалі папярэднікам Антыхрыста. Тым не менш манахі-базыляне ў 1812-м палічылі за лепшае замураваць крыж святой Еўфрасінні ў сцяне Сафійскага сабора. Яны не памыліліся: сярод Нэявых жаўнераў знайшлося шмат аматараў лёгкай здабычы. Рабункі рашуча спыніў толькі маршал Удзіно, чые войскі перайшлі Дзвіну і занялі Полацк 14 ліпеня.
Маршал са штабам размясціўся ў езуіцкім кляштары. Ён меў задачу наступаць на Санкт-Пецярбург. Шлях на паўночную сталіцу прыкрываў корпус генерала Вітгенштэйна. Удзіно паспрабаваў абысці яго і заняць пецярбургскі гасцінец. У рэляцыях замільгацела найменне невядомай датуль нікому вёскі Клясціцы, паблізу якой у жорсткіх баях 3031 ліпеня і 1 жніўня расійскі корпус здабыў важную перамогу.
У Вітгенштэйна было 18 тысяч войска і 108 гармат, Удзіно меў 25 тысяч і 114 ствалоў артылерыі. Французы авалодалі Клясціцамі, але адну з трох сваіх дывізій пакінулі ахоўваць пераправу праз Дрысу. Выкарыстаўшы гэта, генерал выбіў маршала з яго пазіцый і адкінуў за раку. Удзіно, сабраўшы сілы, перайшоў Дрысу назад і атакаваў варожы авангард.
Французам супрацьстаялі лейб-гвардзейцы Гарадзенскага палка, якіх праціўнік з павагаю называў «сінімі гусарамі». Баявыя штандары ў «сініх» былі амаль такія, як у згаданых кавалерыстаў Дамініка Радзівіла, толькі ў адных з двухгаловым царскім арлом, а ў другіх з вершнікам «Пагоні».
Авангардам камандаваў папулярны ў расійскіх войсках генерал-маёр Якаў Кульнеў, чыё дзяцінства прайшло ў Віцебскай губерні. Гэта ён 31 ліпеня адбіў Клясціцы, захапіў амаль увесь абоз Удзіно і блізу тысячы палонных. Безразважна адарваўшыся ад галоўных сілаў ён пераправіўся праз Дрысу, трапіў у засаду і ў баі каля вёскі Сівошына быў смяротна паранены. Большасць аўтараў пішуць, што непрыяцельскае ядро трапіла Кульневу ў ногі, аднак француз Марбо, які бачыў гэтую смерць на свае вочы, сцвярджаў, што генерала ўдарамі шаблі ў горла забіў конны напалеонаўскі стралок. Тымі днямі Банапарт паслаў у Парыж дэпешу: «Адзін з найлепшых афіцэраў расійскай лёгкай кавалерыі генерал Кульнеў забіты пад Дрысаю».
Героя пахавалі паблізу месца гібелі, пад бярэзінамі ў сутоку Нішчы і Дрысы якраз там, дзе ў Лівонскую вайну стаяў замак Сокал. Пазней прах перанеслі ў маёнтак Кульневых Ільзенберг (па-латышску Ільзенскалнс), што недалёка ад сучаснага латвійскага горада Рэзэкнэ.
Пра тыя ліпеньскія баі сённяшняму падарожніку нагадае помнік у Клясціцах. У 1830-м па волі Мікалая I месца смерці генерала Якава Кульнева на стромкім дрысенскім беразе таксама было адзначанае помнікам, што, як ні дзіўна, захаваўся да нашых дзён. На ім радкі з верша Васіля Жукоўскага:
Где Кульнев наш, рушитель сил,
Свирепый пламень брани.
Он пал, главу на щит склонил
И стиснул меч во длани.
Где жизнь судьба ему дала,
Там брань его сразила.
Тде колыбель его была,
Там днесь его могила.
Пяты радок вымагае тлумачэння: паводле сямейнага падання, маці будучага генерала, едучы некалі на конях, першы родавы боль пачула менавіта там, дзе яе сыну наканавана было развітацца з жыццём.
Пасля Клясціцаў Напалеон узмацніў сваё левае крыло корпус Удзіно дзвюма баварскімі дывізіямі пад камандаю генерала Гувіяна Сен-Сіра. У выніку кароткага бою з Вітгенштэйнам каля вёскі Свольна злучаныя сілы французаў адступілі да Полацка. Натхнёныя ўдачай расійскія войскі выйшлі да Дзвіны і 17 жніўня атакавалі непрыяцеля. Бітва доўжылася чатырнаццаць гадзін. Маршал Удзіно атрымаў у ёй сваю 27-ю па ліку рану, і яго замяніў Сен-Сір. Частка напалеонаўскіх сілаў пачала перапраўляцца на дзвінскае левабярэжжа. Адтуль, з Экімані, іх батарэі абстрэльвалі Запалоцце і падыходы да моста цераз Палату.
Наступнага дня афіцэры Вітгенштэйна ўбачылі, як за французскімі ўмацаваннямі адбываецца нешта накшталт вучэнняў Сен-Сір выставіў на валах шэсцьдзесят гармат і раптам, па сігналу званоў езуіцкага касцёла, шасцю калонамі рушыў у наступ. Бой ішоў з пераменным поспехам. «Сінім гусарам», што помсцілі за смерць камандзіра, удалося прарвацца на полацкія вуліцы. Калі верыць звесткам, што падае ў сваёй кнізе «Полоцкий кадетский корпус» (Полоцк, 1910) падпалкоўнік В. Вікенцьеў толькі баварскія дывізіі страцілі за два дні 117 штабных і обер-афіцэраў ды пяць тысяч ніжэйшых чыноў. Сам Напалеон нібыта пашыраў чуткі, што пад Полацкам супроць яго змагалася 100-тысячная армія. (Думаю, што падпалкоўнік у сваім патрыятызме часам перабірае.)
Горад урэшце застаўся ў руках у французаў Сен-Сір адагнаў непрыяцеля да Сівошына і атрымаў маршальскае званне. Пасля гэтага баявыя дзеянні ў полацкім наваколлі да кастрычніка абмяжоўваліся дробнымі сутычкамі.