Царызм не мог пакінуць без увагі і навучальныя ўстановы. Над некаторымі ўвялі вайсковы нагляд. Новых падданых пазбавілі трохсотгадовага права набываць адукацыю ў замежных універсітэтах. Рабіліся спробы вярнуць тых, хто ўжо вучыўся ў Еўропе. За імі сачылі, кантралявалі іх карэспандэнцыю. Такога паняцця, як таямніца ліставання, у Расіі ніколі не існавала.
Моваю навучання ў абсалютнай большасці беларускіх школ і вучэльняў у першыя дзесяцігоддзі пасля далучэння была польская. Гэта можа здавацца дзіўным, але якраз тады, ужо ў Расійскай імперыі, паланізатары дасягнулі вялікіх поспехаў. У Пецярбургу лічылі, што на захопленых землях лепей мець справу з аднымі палякамі. (Пазней сэнс такой палітыкі сфармулююць у сталінскім акружэнні: ёсць народ ёсць праблема, няма народа няма праблемы.)
3 другога боку, няўхільна набірала абароты русіфікацыя. Забягаючы наперад, адзначым, што за 150 гадоў Расійская імперыя, выкарыстоўваючы прыродныя, эканамічныя і чалавечыя рэсурсы Беларусі, не дазволіла адчыніць ніводнай беларускай школы. Беларускія кнігадрук і прэса былі афіцыйна дазволеныя, але вельмі абмежавана і без дзяржаўнай дапамогі, толькі пасля рэвалюцыі 1905 года.
У палітыцы русіфікацыі царызм карыстаўся падтрымкай практычна ўсёй расійскай інтэлігенцыі на чале з валадарамі яе думаў. Непахісныя імперскія перакананні меў і Аляксандр Пушкін. Выказваючыся пра рускую мову, ён сцвярджаў, што яна, «как материал словесности, имеет неоспоримое превосходство перед всеми европейскими». А ў час нацыянальна-вызваленчага паўстання 18301831 гадоў у Беларусі, Літве і Польшчы «певец свободы» ў лісце да П. Вяземскага, прызнаючы мужінасць інсургентаў пісаў: «Все это хорошо в поэтическом отношении. Но все таки их надобно задушить и наша медлительность мучительна». (Не, зусім не памыляўся расійскі гісторык і філосаф Г. Фядотаў, калі называў Пушкіна «певцом империи».)
Не было даверу нават лаяльнаму да Пецярбурга мясцоваму праваслаўнаму духавенству. Яшчэ да канчатковага захопу Беларусі верны служка Кацярыны II менскі епіскап Віктар Садкоўскі, сабраўшы ў Слуцку святароў наказаў ім гаварыць толькі па-расійску. Прыхільнікаў роднае мовы ўладыка настаўляў на шлях ісцінны такімі словамі: «Я вас скореню, уничтожу, чтоб и языка не было вашего проклятого литовского и вас самих. Я вас в ссылки порассылаю или в солдаты поотдаю, а своих из-за кордона понавожу».
Калі мяжа імперыі пасунулася на захад, святароў-беларусаў пераводзілі ў глыб дзяржавы, а на вызваленыя месцы ехалі расійцы, што не ведалі ні мовы, ні мясцовых традыцый і глядзелі на прыхаджанаў як на схізматыкаў. Яны падазрона перачытвалі спісы тутэйшых святых, паніжалі іх у рангах, бязлітасна змагаліся са святкаваннем Калядаў, Купалля ды з іншымі спрадвечнымі звычаямі. Пра стаўленне вернікаў да гэтых праваслаўных місіянераў губернатары дакладвалі Паўлу I: «Присланные из Смоленской епархии священники не способны к исполнению своих обязанностей и к поддержанию хороших отношений с людьми, этот край населяющими. Они стали ненавистны народу».
Наш край упарта не хацеў рабіцца «истинно русским». «Как сильно чувствуется разница между Россией и Белоруссией тотчас за межою, которая отделяет Псковскую губернию от Витебской. Другой воздух, другая жизнь в моих жилах!» пісаў улетку 1822 года юнкер коннага палка Аляксандр Адоеўскі.
Гэтая вялізная розніца не давала Пецярбургу спакою.
Для расійскага самаўладдзя беларусаў як асобнага народа не існавала, а уніяцкая царква з яе народнаю мовай сцвярджала адваротнае. (Гісторык і выдавец, выкладчык Полацкай духоўнай семінарыі Ксенафонт Гаворскі, які ўхваляў усе русіфікатарскія крокі царскіх уладаў, невыпадкова называў беларускую мову «униатским наречием».) Нагадаем, што уніятамі ў Беларусі тады былі кожныя тры жыхары з чатырох, а праваслаўнымі 6,5 працэнта. Ужо за Кацярынай з небяспечнай Уніі ў надзейнае ручное праваслаўе расійскага ўзору перагналі паўмільёна нашых продкаў. Ішла апрацоўка грэка-каталіцкіх іерархаў. Уніяцкі мітрапаліт Лісоўскі ў 1806 годзе загадаў у малітвах царова імя згадваць раней за Папава.
Асабліва старанна змагаўся з нашай вераю ўкраінец з паходжання уніяцкі біскуп Іосіф Сямашка, які цалкам перайшоў на службу царызму. Ён прымусова ўводзіў ва уніяцкіх духоўных семінарыях і ў царкоўных справаздачах расійскую мову. Святары мусілі адпраўляць набажэнствы па служэбніках, прысланых з Масквы і Пецярбурга. Нязгодных чакаў суд, як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў. На вачах у вернікаў з храмаў выкідалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Сведка тых падзеяў беларускі архімандрыт Мікалай піша: «На арганах ігралі некалькі дзён амаль бесперапынна, а народ «крыжам» ляжаў у царкве. Усярэдзіне і на цвінтары людзі са слязьмі на вачах гучна спявалі песні з любімага імі богагласніка апошні раз пад гукі арганаў». Усе гэтыя здзекі расійская афіцыйная гістарычная навука назаве вызваленнем беларусаў ад рэлігійнага прыгнёту.
Шмат хто з уніятаў шукаў паратунку ў каталіцтве. Толькі ў 1834 годзе 35 тысяч беларускіх дзяцей з уніяцкіх семяў бацькі ахрысцілі паводле рымскага абраду.