Уцягнула, уцягнула за паварот, з рукамі і нагамі.
Чалавек доўга стаяў на станцыі, зморшчыўшыся, быццам не могучы штосьці ўзгадаць. Ён вярнуўся дадому і зноў улёгся ў ложак, які ўжо паспеў астыць. Ён павярнуўся тварам да сцяны, і было незразумела, ці ён спіць, ці проста ціха ляжыць. Бліжэй да світання ён перавярнуўся на другі бок і па старой звычцы, прыдбанай на самоце, з уздыхам мацюкнуўся.
Наступным ранкам ён збіваў са штыкецін сабе новы плот.
2011 г.Два Раманы
Раманы былі старымі сябрамі і далёкімі сваякамі. Cтарэйшы з іх, каб адпавядаць свайму годнаму ўзросту, мог выпіць вядро і толькі для прыліку закусіць нейкім абрыўкам пазалеташняга агурка. Малодшы затое ўмеў ездзіць на камбайне. Яны ведалі адзін аднаго ўсё жыццё, і нават іхныя ўнукі сябравалі, пакуль не паехалі ў горад вучыцца. Да таго ж жылі яны недалёка і кароў пасвіць ім заўсёды выпадала разам.
Аднойчы ўлетку другі раз за год давялося ім зноў ісці ў поле. Выганялі яны а палове на восьмую, а вярталіся назад ужо бліжэй да дзявятай. Увесь гэты дзень яны сядзелі ля дарогі ці ў цені пад бярозамі і ўсё елі. Лічы пілі, як прызнаваўся старэйшы Раман. Пілі яны павольна да толку, як казаў той самы Раман, казаў, адмыслова расцягваючы сярэднюю літару: Да то-олку, з усведамленнем уласнай важнасці і дасведчанасці. Пілі павольна, увесь час закусваючы жончынымі прысмакамі: каўбасамі, салам, галубцамі. І такім парадкам ішлі яны аж да вечара, а як нічога не здаралася, то пачыналі дзяды бессаромна пляткарыць і абгаворваць ці не ўвесь раён.
Нішто не магло схавацца ад іх уніклівага пад старасць розуму і пільнай увагі.
Ці чуў, што гэны Гэнка з пажаркі кажа? пытаў Раман малодшы.
Нішто не магло схавацца ад іх уніклівага пад старасць розуму і пільнай увагі.
Ці чуў, што гэны Гэнка з пажаркі кажа? пытаў Раман малодшы.
Яны былі вонкава непадобныя, гэтыя дзяды, і хоць розніца між імі была ўсяго гадоў пяць, выглядалі яны зусім па-рознаму. Малады Раман так іх і звалі: Раман Малады і Раман Стары вусоў не насіў, затое меў яшчэ густыя і павойныя валасы, ягоная жонка штомесяц падстрыгала іх пад маладзік. Вушы былі крыху адтапыраныя, выглядаў ён праставата, напэўна з-за вялікіх зубоў, на дзіва добра захаваных, што вылазілі наперад з разамкнёных вуснаў. Стары Раман меў больш паважны выгляд, які, аднак, не замінаў яму часам улазіць у такія гісторыі, пра якія ўзгадваў ён пазней дужа неахвотна. Ён таксама быў трохі аблавухі, але меў моцную ніжнюю сківіцу, яна вельмі хутка абрастала шчэццю. Ростам ён быў ніжэйшы за сябра, але спрытнейшы за яго, асабліва на язык.
Тады выпямо спачатку, перабіў ён сябра і адразу наліў на два пальцы. Пасля ўжо, гэтыя ўсе размовы Ну, давай.
Да толку, да то-олку, дадаў ён, адкусіўшы сваю палову галубца. Дык што там Гэнка гэны?
Да прыдуркі гэтыя з Мацюкоў. Пацаны нейкія па начох швэндаюцца, рабіць ім няма чаго. Дык Гэнка кажа, што і міліцыя ўжо з раёна прыязджала. Шукалі нечага, вымяралі, запісвалі.
Дык я ведаю, чаго ты мне расказваеш? Гэта яны шчэ на тым тыдні прыязджалі.
Чаго ж яны ўвесь гэны вэрхал узнялі?
А хто яго ведае. Кажуць, усё тыя хлопцы, халера. З Мацюкоў. Пабілі, паламалі вокны, лаўкі. Гароды патапталі. А яшчэ мазгоў-та! знакі пагнулі і павыцягвалі. Мазгоў-та!
Якія знакі?
Ну дарожныя гэныя. Паламалі іх, папсавалі. Адзін, кажуць, Базылісе ў гарод кінулі, а іншы чуеш? у акно ў трынаццатым доме ўсунулі! Мазгоў-та!
А-ёй! Гэта што, там, дзе стараста жыве?
Ну! А я што кажу. Ну, давай.
Яны сядзелі так да вечара, выпівалі і абмяркоўвалі хлопцаў-недарэкаў. І час ад часу з прыдарожных зарасцяў чуўся і ляцеў па полі сярод цёплых трыбухатых кароў з раздзьмутымі ад малака вымямі смачны і густы бас: Да то-олку!
Калі Раманы вярталіся з поля, то зайшлі да Рамана Маладога закусіць трохі ды тэлевізар паглядзець. Яны сядзелі ў сенцах, пакуль жонка бегала вакол іх, ладзіла вячэру.
Ну, давай, сказаў Раман Стары, а Малады паддаў:
За свята, бо якраз па тэлевізары паказвалі нейкі ці то парад, ці то салют.
Яны яшчэ трохі пасядзелі, есці Стары Раман не хацеў, таму выпілі на дарогу, і ён падняўся.
Дык а што там за свята гэтае? падаў ён руку сябру. Той паціснуў плячыма, і Стары Раман махнуў рукой. А мне што, на самай справе? Да толку!
Калі Стары Раман сышоў, Малады пачуўся нечакана вальней. Прысутнасць старэйшага сябра трохі гняла яго, бо сам нібыта сыходзіў на іншы план. Ён лічыў яго больш дасведчаным за сябе, але часам моўчкі з ім не пагаджаўся.
Цяпер, калі ён застаўся паўнавартасным гаспадаром, можна было добра пасядзець, увайсці ў свае правы і нават прыкрыкнуць на жонку адчуць сябе галоўным. Жонка толькі ўздыхала, ківала галавой і звала мужа есці.
Раман сеў на ганку і скруціў цыгарку з газеты. Побач была ўся яго няхітрая гаспадарка, сад, гарод, худоба. Жонка хадзіла туды-сюды з вядром, сыпала нешта качкам, даіла карову. Раман глядзеў перад сабой адсутным позіркам, круціў цыгарку між пальцаў, а думкі вярталіся да тых хлопцаў. Што ж яны гэта такое надумалі? Паставілі на вушы ўсё сяло. Завялі сабе толькі праблем. І дзе-та яны зараз?
Раман думаў пра тое, што, мабыць, гэта маладосць такая, што ў маладосці і думкі, і ўчынкі маюць зусім іншыя мэты, чым у яго веку. І што такія людзі, як Стары Раман ці жонка, ніколі гэтага не зразумеюць. І яшчэ ён усё намагаўся ўзгадаць, што сам думаў у маладосці.