Аляксей С. Палачанскі - Мой цвік (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

Жонка ўсё мітусілася побач, і ён раптам сказаў галасней, чым звычайна:

 Ды сядзь ты ўжо, пасядзі! Цэлы дзень бегаеш не набегаешся.

Жонка здзіўлена спынілася, не выпускаючы з рук вядро. Сядай, сядай, паўтарыў Раман і пасунуўся. Жонка прысела, але неяк нясмела, на край, бы збіралася зараз жа ўставаць. Нейкі час сядзелі моўчкі: Раман задуменна сагнуўшыся і ўтаропячыся сабе ў ногі, а жонка глядзела туды-сюды на непрыбраны падворак, на хлеў, на градкі. Тады Раман сказаў:

 А памятаеш, як мы калісьці хацелі паехаць. Куды мы хацелі?

Ён казаў голасам старога паддатага летуценніка, а жонка адказвала лагоднай, але будзённай гаворкай, нібы ўшчувала малога:

 Ну, памятаю. На мора, мусіць, збіраліся.

 Ну, памятаю. На мора, мусіць, збіраліся.

 а тады думалі: можа, бліжэй куды у горад хоць

Жонка маўчала, і праз нейкі час ён насмеліўся:

 Дык што, а паехалі кудысь, як мы тады хацелі! Хоць адпачнём трохі, не ўсё табе тут маяцца.

 Да што ты, стары, завёўся сёння? Куды я табе паеду, калі ж тут во, гаспадарка, усё. Курэй пусціш, свінням дасі, там на гародзе корпаешся Ванда прыйдзе язык пачасаць, карову падаіць, вось табе і ноч. А есці гатаваць хто будзе? Куды нам ужо ехаць, ідзі лепш вячэраць, пакуль не таго.

Яна падхапіла вядро і пабегла, пабегла. А Раман застаўся гэтак жа сядзець на ганку. Яму раптам стрэльнула: як ён быў малады і як усё думаў, хацеў. І як думаў, што можа ўсё змяніць, калі толькі сабрацца як след. І вось мінула сорак год, а ён ні разу так і не ўзгадаў пра гэта. І гэта ж усё я быў, працягваў Раман Не хтосьці іншы. Ён адкінуў цыгарэту ўбок, але адразу пацягнуўся за ёй і запаліў. Падумаў пра заўтрашні дзень і моцна пазяхнуў. Трэба будзе трактар у Івана дроў выпісаць з кубаметр дый парэчкі пачынаюцца і скасіць ля плота, вярталіся думкі да звыклага парадку, а потым Раман моцна, з прысвістам, зацягнуўся і неяк здзіўлена плюнуў:

 Але ж хлопцы гэтыя халера іх!

Уначы Раман падняўся на вядро, а пасля ўсё ж вырашыў выглянуць на двор. Выйшаўшы за дзверы, ён сцепануўся і смачна ўдыхнуў летняе паветра. Месяц вісеў над дахам, як кавалак гарэзнага сыру. Было трохі смешна бачыць яго вось так, на небе, побач з комінам дакладна як на малюнку, толькі Раман не ведаў на якім. Пайду трохі выйду на вуліцу, толькі гляну, як там, Раман адхінуў старую брамку і выйшаў на дарогу. Вуліца была апусцелай, а клёны клалі на яе свае цені. Раман пастаяў, паглядзеў у адзін бок, у другі, потым пакрочыў уздоўж плота. Ён адчуваў амаль юнацкае хваляванне і ўсярэдзіне нешта трымцела. Дзе-та зараз Раман? падумаў ён пра сябра, пра тое, што той, напэўна, спіць ужо даўно, і ад гэтай думкі яму трохі паспакайнела. Ён не хацеў бы зараз сустрэць яго. Няхай, можа, у іх і ёсць нейкія агульныя заняткі, і выпіць разам таксама бывае добра, але ў цэлым яны былі розныя, і Раман Малады не хацеў, каб сябар ведаў пра гэта.

Раптам Раман заўважыў, што ён стаіць побач з трынаццатым домам. Гэта быў той самы дом старасты, пра які ўзгадвалі ранкам. Акно на верандзе было ўжо заменена, і стараста са старасціхай ціха спачывалі ў сваіх ложках. Тут жа стаяў і той самы злапомны знак з лічбай 40, які пабываў у хаце. Яго ўкапалі нанова, падраўнялі і не было бачна ніякіх слядоў хуліганства. Раман ізноў глянуў на месяц і пайшоў далей, але ўвесь час азіраўся, бы злодзей, каб не пабачыць каго яшчэ, асабліва свайго сябра.

На скрыжаванні рос стары клён, а пад ім стаяў уторкнуты знак з перагорнутым трохкутным шчытом. Знак быў не на металічным забетанаваным слупе, а на звычайным драўляным, проста ўкапаным, таму варта было яго толькі як след разгойдаць і можна было выцягнуць. Раман абапёрся на яго і нечакана для самога сябе моцна пхнуў. Хіснуў туды, сюды. Ён паваліў знак на зямлю, схапіў аберуч і адцягнуў пад дрэва, а сам схаваўся ў цені. Яшчэ раз азірнуўшыся і, нікога не ўбачыўшы, пайшоў звычайным крокам, толькі крыху хутчэйшым. Праз дарогу ён паваліў такі ж знак і далей ішоў ужо смела, як гаспадар. Месяц хітра назіраў за ім з неба, а Раману было смешна ад гэтага і яшчэ яму здавалася, што месяц яго ўхваляе.

На другім канцы вуліцы пачуўся шум і звон пабітага шкла. Раман насцярожыўся і схаваўся пад плот. Ён падумаў, што гэта зноў тыя ж хлопцы, але пачуў, што бяжыць толькі адзін чалавек. Раман выйшаў яму насустрач

 Раман! І ты тут!  ускрыкнулі абодва.

 Ды ўсё гэтыя хлопцы  паспрабаваў апраўдацца нехта.

 Ніяк з галавы не йшло.

 Пабеглі Да старасты гэтага.

Яны кінуліся назад, да трынаццатага дома. Стары Раман задыхаўся, і яны перайшлі на крок. Дзяды ішлі і размахвалі рукамі, а іх вочы зіхацелі зухаватай удаласцю. Цені цягнуліся на другі бок вуліцы, да хат, якія выглядалі занядбанымі і пустымі. Перайшлі праз скрыжаванне з двума паваленымі знакамі і пракраліся пад клёнамі.

Знак 40 побач з домам старасты стаяў пад самым ліхтаром. Ані не бянтэжачыся, дзяды падышлі і ўжо спрактыкавана, бясшумна выцягнулі яго з зямлі. Малады Раман пералез праз плот, а Стары перасунуў яму знак, намагаючыся не шумець. Яны падабраліся пад самую хату, і Малады прашаптаў:

 Дзе ён спіць?

Стары моўчкі паказаў на другое акно. Дзяды падцягнулі знак і селі на кукішкі. Пераглянуліся апошні раз, і Стары Раман усміхнуўся і хіснуў галавой, а Маладому здалося, што яны з сябрам насамрэч абсалютна аднолькавыя людзі. І што ўсе людзі таксама вельмі падобныя.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3