Хадзем хіба, хоць павячэраем, мабыць, сказаў чалавек ды махнуў рукавом.
Ты распранайся, сядай сюды, чалавек пачапіў свой кажух на цвік ды выцягнуў услон з-пад стала. Чамусьці ён быў зараз надзвычай мітуслівы для свайго спакойнага ўвесь час жыцця і нават гаварыў хутка. Яму самому было не вельмі прыемна.
Дык цябе як завуць? запытаў хлопец.
Што? не зразумеў ён.
На вячэру ён паставіў міску тоўчанай бульбы і мёрзлага сала. Селі яны побач і елі разам, ледзь не датыкаючыся ілбамі. Спачатку маўчалі, а потым, як паставілі ваду на гарбату, паціху разгаварыліся. Хлопец цішкам пазіраў у кут, дзе пад столлю віселі абразы і крыж. Побач стаяла свечка ды нейкія засохлыя кветкі ці зёлкі, ломкія ды пераплеценыя. Ён усё не мог наважыцца сказаць нешта.
Ты ў царкву ходзіш? запытаў ён нарэшце.
Хаджу, згадзіўся гаспадар і моцна вытхнуўся. Пасля паплямкаў вуснамі, як бы хацеў нешта дадаць, але змаўчаў.
Верыш у Бога?
Чалавек зноў, здаецца, не зразумеў пытання, альбо не дачуў, і зноў сядзелі моўчкі, пакуль ужо ён сам не спытаў:
Дык а ты як тут апынуўся?
Хлопец аж сцяўся ад гэтага пытання, постаць яго адразу выпрасталася, быццам хацеў устаць ды ісці. Да я вось ужо, пачаў ён, але чалавек з нечаканым разуменнем прамовіў:
Спі ў мяне сёння. А справы твае нічога табе не зробяць тут ён прымоўк, агледзеўся і дадаў: Калісьці і я такі ж быў
Чалавек зноў задумаўся аб тым, што ўзгадваў сёння, а хлопец сядзеў прыбіты ды спустошаны, утаропіўшыся долу. Ён вырашаў, ісці ці застацца, увесь быў як спружына, гатовы сарвацца ды паляцець у невядомым кірунку Нібы нехта нябачны ціснуў яго ў карак, гнуў спіну, варушыў думкі, не дазваляючы супакоіцца. І ад думак тых, ад бясконцых тулянняў бедны хлопец ужо не мог і сцяміць, дзе сканчаецца ён сам і пачынаюцца яго абавязкі. Чалавек бачыў, што штосьці з хлопцам нядобра, але ён толькі сказаў у канцы: А то заставайся зусім у мяне.
Хлопец адарваў свой позірк ад падлогі ды з адчаем утаропіўся ў чалавека.
Я нічога не ведаю што мне рабіць? Чалавек схаваў твар у далонях і замёр у такой паставе. На сцяне цікаў гадзіннік. Ён падняўся з лаўкі і пацягнуўся па кажух.
Хадзем.
Сонца даўно зайшло, толькі над лесам мігацела кволая блакітнасць, усё наваколле апускалася ў сутонне. Чалавек шураваў наперадзе па глыбокім снезе, спрытна, што хлопец не паспяваў. З правага боку цямнеў лес. Дзесьці за ім мусіла быць шаша, але ніводнага гуку чамусьці не даносілася з яе. У зімовай начы толькі іхныя крокі гучэлі навокал, ды раптам рыпнула дрэва, вецер прычасаў ускудлачанае вецце. І цішыня, нерухомасць.
Шэрай плямай на тле лесу выступіла маленькая паляна, з аднаго боку адкрытая пустому полю.
Ніхто тут не хадзіў яшчэ, чалавек павёў хлопца праз паляну ў дальні канец. Сядай.
Хлопец сеў на голы камень, тварам да поля, а са спіны да яго падбіраўся лес. Чалавек стаяў збоку і дзіўна падскугольваў і прыскокваў:
Сядай, кажу. У-у-у, глядзі і не глядзі. А калі надумаеш, дык прыходзь калі ласка.
І ён пакрочыў назад, а хлопец чуў толькі яго крокі, пакуль не апынуўся нарэшце ў суцэльнай цішы, з лесам за спінай. Спачатку страшнавата было увесь час азірнуцца карцела.
Чалавек, вярнуўшыся дадому, пастаяў у сенцах ды пакінуў дзверы незамкнёнымі. Распрануўшыся, ён укленчыў пад абразамі і доўга маўчаў, потым перахрысціўся і ўзняўся. Пасля ізноў выйшаў на двор, паўглядаўся, пакратаў паркан, падлічыў нешта сам сабе ды пайшоў спаць.
Ён пачуў, як хлопец заходзіць у хату бразгае клямкай, намацвае засаўку. Соваўся па сенцах шукаў святло, пасля звінеў конаўкай аб вядро набіраў вады. Праз нейкі час хлопец сціх, не стаў будзіць чалавека сам знайшоў, дзе легчы. Мабыць, на ўслоне скруціўся.
Чалавек прачнуўся, абуджаны голасам у суседнім пакоі, або галасамі. Не разумеючы спрасонку, ён адкінуў коўдру ды ступіў на сцюдзёную падлогу басанож. Падышоўшы да дзвярэй, узгадаў пра хлопца і спыніўся. З кім гэта ён размаўляе? З дяблам, напэўна. Ён бачыў праз фіранку, як хлопец, ужо апрануты, стаіць сярод пакоя неяк дзіўна і кажа камусьці: Так, зараз канечне канечне Голас у яго быў не такі ўжо, як учора разгублены, адчайны крык у пошуках выйсця, зараз гэта быў цвёрды голас скамянелай маладосці. Здавалася, быццам не засталося ў яго больш сумневаў. Падціснуўшы вусны і заплюшчыўшы вочы, у адно памкненне хлопец выйшаў з хаты, вылецеў на дарогу і павярнуў у бок чыгункі.
Чалавек накіраваўся за ім, ішоў ззаду, каб толькі не губляць хлопца з віду. А месяц вылез над лесам і заліваў шлях мармуровым святлом. Хлопец ішоў па халодным мармуры, быццам не зважаючы. Застылыя дрэвы са слановай косці праводзілі яго, некаторыя драматычна цягнулі галіны ўслед. Ён праходзіў вёску, хаты маркотна апускалі патухлыя вочы. Сумёты разбягаліся па розныя бакі дарогі. Хлопец не азіраўся, чалавек ішоў ззаду.
Станцыя сціпла грувасцілася ля самой чыгункі. Расклад быў спраўджаны, рэчы рашуча закінуты за плечы. Хвіліны хвіліны чалавек выйшаў на платформу і спыніўся. Хлопец стаяў на іншым баку, тросся, як у ліхаманцы. Яго зноў ахоплівала разгубленасць, апусціўшы заплечнік долу, ён нервова скроб скроні. Але перш чым хто-небудзь паспеў сказаць хоць штосьці ці крыкнуць, пранеслася электрычка і ўцягнула ў сябе маладога хлопца, прыгнечанага невядомым назіральнікам.