Яўген Аснарэўскі - Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI  XVIII стагоддзяў стр 11.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 220 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

На ваенных аглядах

Паланізацыя канкрэтна гродзенскай шляхты можа быць добра прасочана, у прыватнасці, вельмі простым спосабам: з дапамогай дадзеных «попісаў», ці, інакш кажучы, ваенных аглядаў шляхты. Там гарадзенцы прадстаўлялі свой павет, які ўваходзіў у Троцкае ваяводства. Свайго ваяводства ў горада не было да самага канца XVIII стагоддзя, хаця фактычнае значэнне Гродна ўжо ў XVI стагоддзі было вышэй, чым у ваяводскага цэнтра  Трок.

У пераліку войска 1565 года, зробленым незадоўга да фармальнага аб'яднання ВКЛ і Польшчы ў канфедэрацыю, якую мянуюць Рэччу Паспалітай, згадваюцца, сярод многіх гродзенскіх воінаў, наступныя людзі: гродзенскі харунжы Богуш Пятровіч Міцута, Іван Карп, Сідар Касцюковіч, Ждан Паўловіч Эйсмантовіч, Нячай Тышык ды іншыя прадстаўнікі русінскіх і балцкіх па паходжанні мясцовых родаў.

Часцяком, байцы ўзбройваліся ашчэпамі, гэта значыць, дрэўкавай зброяй. Аб некаторых гродзенцах сказана, што яны мелі, корд або сякеру, а часам лук і стэлы.


Конныя воіны Польшчы і ВКЛ у прадмесці Гродна. Панарама Адэльгаузера-Цюндта, 1568 год.


У пераліку ёсць і жанчыны, напрыклад, Федзя Сяньковая, якая, канешне, не была ваеннаабавязанай, але выставіла маладога чалавека на кані і з ашчэпам.

Агнястрэльная зброя ўсё яшчэ была рэдкім задавальненнем для мясцовых шляхцічаў, аднак сёй-той з дваран валодаў і такiм небяспечным для ворага прадметам. Напрыклад, Станіслаў Глядавіцкі, які зрабіў нядрэнную кар'еру ў павеце, меў у арсенале аркебузу.

На пачатку XVII стагоддзя на сцягу гродзенскага павета была выява «Пагонi». Коннік на гродзенскім палотнішчы сядзеў на чорным кані, чорны і чырвоны колеры вылучаліся і ва ўборы самога «рыцара збройнага».

Рыцар на харугве Гродзенскага павета ў часы Жыгімонта Вазы. Малюнак аўтара, па матывах арыгінала.


Перапіс 1765 года таксама цікавы. Пара соцень гадоў, вядома ж, значны перыяд, і згаданыя ў спісе паны прыкметна адрозніваюцца ад сваіх прашчураў з XVI стагоддзя.

8 ліпеня 1765 года гродзенскі харунжы Міхаіл Эйсмант выдаў універсал, які загадваў шляхце сабрацца на агляд. Сярод прыбылых шляхцічаў ёсць людзі, якія мелi такія імёны: Шымон Кульбацкі, Рох Снарскі, Шымон Пурскі, Каспер Тамашэўскі. Вось тут якраз і можна заўважыць, што нават самі імёны прадстаўнікоў гродзенскага павета гавораць пра ўплыў польскай культуры.


Пісталет XVIII стагоддзя. Нацыянальны музей у Кракаве.


Агнястрэльная зброя, у той час, ужо не была вялікай рэдкасцю, і шляхцічы выкарыстоўвалi як халоднае ўзбраенне, і перш за ўсё шаблю, так і зручныя для кавалерыстаў пісталеты. Аднак бедныя прадстаўнікі шляхты часам не мелі нават каня. Напрыклад, пан Якук Кажэнеўскі быў на перапісе пешым, хоць і меў пры сабе шаблю.

Высакародныя сарматы

Ваенная справа, безумоўна, займала асаблівае месца ў жыцці шляхецкага саслоўя ВКЛ, у тым ліку і гродзенскіх дваран.

Укаранёная ў асяроддзі шляхты, якраз у перыяд XVI  XVII стагоддзяў, ідэалогія сарматызму, якая абгрунтоўвае асаблівае паходжанне мясцовай эліты, нібы адрознай па крыві ад сялян, была прасякнута культам сілы і вайсковай доблесці. Шляхціц-сармат павінен быў быць сапраўдным рыцарам, абаронцам айчыны і сваёй веры.

Прадэманстраваць свае баявыя навыкі высакародны воін мог падчас паспалітага рушэння, то бок, усеагульнай ваеннай мабілізацыі шляхты.

Цікава, што сарматызм, у значнай ступені, арыентаваўся на ўсходнюю культуру, і перш за ўсё гэта выяўлялася ва ўзорах адзення і ўзбраення.


Наплечнік гусара Рэчы Паспалітай ХVІІ стагоддзя. Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей.


Адной з прыкметных праяў сармацкай культуры, і яе своеасаблівым сімвалам, з'яўляецца цяпер так званы сармацкі партрэт, а адным з лепшых прыкладаў такога мастацтва  выява Кшыштафа Весялоўскага, маршалка ВКЛ, заснавальніка гродзенскага кляштара брыгітак, дзе гэты ўплывовы саноўнік быў пахаваны.

Кшыштаф намаляваны ў палацавым інтэр'еры. На магнаце досыць строгае, але багатае адзенне. На стале ляжыць шапачка з каштоўным упрыгожаннем. У правай руцэ Кшыштафа жазло  сімвал улады маршалка. Жазло ўпрыгожвае каралеўская манаграма Жыгімонта Вазы. Левая рука на шаблі. Значэнне гэтага віду зброі ўвогуле было надзвычайным, бо шабля з'яўлялася адным з абавязковых атрыбутаў шляхціца, знакам яго высакароднага паходжання.


Кшыштаф Весялоўскі. Партрэт з манастыра брыгітак у Гродне, 1636 год. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.


Тут дарэчы ўспомніць, што англійскі падарожнік Уільям Кокс, які наведваў Гродна і іншыя гарады рэгіёну ў другой палове XVIII стагоддзя, атрымаў ад мясцовага двараніна параду насіць зброю, калі падарожнікі сапраўды належаць да дваранскага саслоўя. Сарматызм усё яшчэ квітнеў у мясцовай культуры і кантраст ментальнасці літоўскіх шляхцічаў з ментальнасцю адукаванага англійскага джэнтльмена, ці нават караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста, можна заўважыць і ў мемуарах Кокса, і ва ўспамінах апошняга манарха.


Шабля караля Станіслава Ляшчынскага, XVIII стагоддзе. Нацыянальны музей у Кракаве.


Тут варта яшчэ адзначыць важны элемент сарматызму  веру ў рэспубліканскі лад, і жаданне абмежаваць уладу караля. Падобныя ідэалы могуць выглядаць надзвычай прагрэсіўнымі, у межах перыяду існавання Рэчы Паспалітай, аднак менавіта шляхецкая вольніца, у выніку, і загубіла гэтую магутную еўрапейскую дзяржаву.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3