Андрэй Федарэнка - Нічые (зборнік) стр 19.

Шрифт
Фон

 Чаму ж ты служыў ім, такім?  сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.

А во вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады, адразу, значыцца, і да вас

 Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка?  выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.

 Дазваляю.

 Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба?  спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.

 Сам ты кітаец,  нечакана на чыстай рускай мове, сурова адказаў «кітаец».  Сляпы, альбо што? Я калмык, а ты што калмыка ад кітайца не адрозніваеш?

Ізноў смех, а прысаромлены дзядзька толькі апраўдваўся:

 Разбярэш вас, усе, што тыя картоплі ў мяху

 Так, камандзіра у падвал,  распарадзіўся Мірановіч,  перабежчыкаў накарміць, перапісаць Канец прадстаўленню, разыходзімся!

Мірончык стаяў збоку маўчком, адно паляпваў нагайкаю па бруднай халяве. Штосьці карцела яму сказаць начальству не дужа прыемнае Нарэшце, калі Мірановіч з Жаўрыдам сабраліся ўжо йсці, затрымаў Мірановіча, буркнуў:

 Тут, гэта самае Чайку па дарозе сустрэў

 Камандзіра палка, а не Чайку.

 Ну, камандзіра палка Загадаў далажыць, што я арыштованы. І зброю здаць

У яго нявыспаных, мутнаватых, усё яшчэ загульных вачах, калі ён падняў іх на Мірановіча, чыталіся і прыкрасць, і крыўда, а яшчэ больш пагарда,  пагарда да яго, Мірановіча, і да Чайкі, і да Жаўрыда, і да ўсіх гэтых ламак«камандзераў», сцэнарыстаў камедыі, у якой ён, бравы бясстрашны Мірончык, абласканы самім Балаховічам, вымушаны ўдзельнічаць, таксама ламацца замест таго, каб гуляць сабе на якім хутары, спяваць пад гармонік, дзевак камячыць, гарэлку піць, а потым наўскач несціся на гарачым кані за любімым «Бацькам», даючы вольную волю і сабе, і вернай шаблі, хэкаць па кожнай шыі, якая пад руку, не зважаючы, паляк ці немец, белы ці чырвоны, жыд ці рускі

 Арыштаваны дык ідзі арыштоўвайся,  абыякава сказаў Мірановіч,  з ім вось, на пару,  кіўнуў на камандзіра ў будзёнаўцы. Спачатку яго адканваіруеш, а потым і сам зброю здавай

ІХ

Не спяшаючыся, камандзір палка Чайка з ардынарцам ехалі самым берагам Морачы.

У коней чвякала пад капытамі. Сыпаў снег, пакуль яшчэ рэдкі і мокры, але з ветрыкам; сівер устуджваў зямлю і камандзірскай кабыле з яе расклешаным недзе капытам балела ступаць па цупкім. Таму і трымаліся мяккага прыбярэжжа.

Толькі што яны праверылі тры дальнія, найбольш важныя дазоры (ці «палявыя заставы»): ад Старобіна, Слуцка і ад Цімкавіч. Цяпер кіраваліся да апошняга, тылавога з боку Вызны. Выстаўляўся ён больш для блізіру, на выпадак, калі разведка чырвоных заблудзіцца ці якісь іхні атрад самахоць забрыдзе так глыбока ў гэтую нейтральную з пазаўчарашняга дня зону.

Прыгорблены, пануры, у сваім аблепленым снегам шыняльку і ў насунутай на вочы, таксама заснежанай зверху фуражцы камандзір палка быў яўна не ў настроі. Ехаў ціха, думаючы аб сваім,  адно калі трапляліся на дарозе пагоркі ці яміны, прыўставаў у сядле, нібы ў іх з кабылаю было адно на дваіх цела і яе боль перадаваўся і яму.

Ардынарац той самы Карпаў Даніла, якога ўсё расхвальваў перад бацькам падпіты Чуб, нават больш падыходзіў на ролю камандзіра, чым сам Чайка. У казацкім жупане, у сініх «ахвіцэрскіх» штанах з чырвонымі кантамі, у вузкіх і доўгіх, да каленяў, ботах, мажны, вусаты, строгі; толькі што пачціва, як і належыць ардынарцу, «на паўкорпуса» трымаецца ззаду Не так лёгка, аднак, яму гэта ўдавалася. Мясцовай, семежаўскай гадоўлі малады і дурны жарабец круціўся пад ім, як чорт. То яму заманьвалася пашнырыць, што таму ганчаку, па вакольных кустах, то, не зважаючы на аброць і цуглі ў роце, перла яго да вады, а то, юрліва косячыся, пачынаў ён так прыціскацца да боку кульгавай сяброўкі, што ледзь не спіхваў яе ў рачулку.

 Ой, ты іграеш, ой, іграеш,  праз зубы сіпеў тады Даніла, гваздаючы семежаўцу праміж вушэй, нямоцна, канечне ж.  А вылегчаць?..

Калі ж жарабец супакойваўся на час і йшоў сабе смірна, як людскія коні ходзяць,  тады Данілу не было чым заняцца і ён крадком, збоку пачынаў пазіркваць на камандзіра. Ён адчуваў сябе вінаватым.

Яму сорамна было і за нядаўні прыкры выпадак, і за тое, галоўнае, што ягоны брацельнік, Дзяніс, павінен зараз стаяць у гэтым тылавым, «неабавязковым» таму і ставілі звычайна падлеткаў  дазоры А яго там не будзе. Бо ўчора важны (да самога ж Чайкі прыстаўлены!) Даніла здуру адпусціў яго з Чубам у вёску Разведчыкі выпраўляліся акурат у краі, адкуль браты былі родам, грэх было такой нагоды не скарыстаць, да таго ж Чуб усё ўпрошваў: «ды што яму баяцца, са мною!  хай хоць бацькам пакажацца!..»

Цяпер ардынарац і вінаваціўся, і ўсё раздумваў: сказаць Чайку ці не? Ці пазней? Ці зусім маўчаць, мо само неяк абыдзецца?.. Тым больш было задняй думкаю  і апраўданне: Чайка якраз спаў, і ён, добры, клапатлівы ардынарац, не насмеліўся будзіць яго гэта першае, і другое ды ўсё адно кампалка, канечне ж, адпусціў бы, ды нават проста не ведаў бы пра адсутнасць нейкага падлетка, проста не заўважыў бы! Аднак жа неяк вось так атрымалася Ды і хто б мог падумаць, што Чайка сам сёння настрапаліцца абязджаць гэтыя дазоры, і кабылы не пашкадуе?.. Нібыта без яго няма каму абязджаць

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3