Ледзь закрыўшы сакваяж, я адправілася на аўтобусны прыпынак. А як жа сямя, спытаеце вы? У гэтым адзін з нешматлікіх плюсаў нябачнага жыцця: нікому няма да цябе справы. Бабуля здагадвалася, куды я сабралася, і моўчкі праводзіла мяне вачыма. Цётцы Аўгусце я сказала, што адпраўляюся ў Млынавы Раўчук па воўну і мулінэ. Усе ведаюць, што ў нашым мястэчку не адшукаць прыстойных нітак. Цётка Аўгуста ніколькі не здзівілася і папрасіла мяне купіць трохі лёну для кухонных ручнікоў, паўфунта кавы і скрыначку англійскіх шпілек. Эма, што тут жа на кухні рэзала салеру і моркву для супу, дадала ў мой спіс імбір, цынамон, чарнасліў і свечкі. Не абышлося і без Алісы. Давядзецца мне цяпер пытаць у сэра Лемюэля Грымсвотна, дзе ў Млынавым Раўчуку прадаюцца вавёркавыя пэндзлікі і рысавая кітайская папера для самаробных ліхтарыкаў.
Наогул, цётка магла б і задумацца, чаму я раптам вырашыла адправіцца ў суседні горад так нечакана, у будны дзень ды яшчэ без суправаджэння. Звычайна я ездзіла туды з бабуляй ці Эмай. Мне было трохі страшна, я ўпершыню адпраўлялася падарожнічаць адна, але ўсе астатнія ўспрынялі гэта як нешта само сабою зразумелае. Так, мне ж не пяць гадоў, каб кагосьці магло ўсхваляваць, што я адна сяду ў аўтобус і адпраўлюся ў мястэчка, дзе ў нас няма ні знаёмых, ні родных. Мне не пяць, мне трыццаць. Магчыма, цётка толькі і чакае, каб я нарэшце адправілася куды-небудзь, з квітком у адзін канец, і сёстры наўрад ці моцна засмуцяцца, калі я вазьму і не вярнуся. Нават бабуля, хоць яна выгадавала мяне і па-свойму любіць, не нудзілася б доўга, і заняла б мой пакой пад вырошчванне расады.
Частка 5
Сонца ззяла высока ў небе, калі аўтобус прывёз мяне ў Млынавы Раўчук. Я некаторы час вагалася: зрабіць пакупкі зараз ці пасля візіту да чараўніка. Крамы маглі закрыцца. Але і паўстаць перад сэрам Лемюэлем нагружанай, як ослік, з парасонікам, сакваяжам і шматлікімі скруткамі ў руках, мне не хацелася. Што ён падумае пра мяне? Яшчэ прыме раптам за вандроўную гандлярку. Таму крамы я вырашыла пакінуць на потым.
Самшытавая вуліца адшукалася досыць хутка, і я сама не заўважыла, як дайшла да самага яе пачатку, дзе і стаяў у тупіку неабходны мне дом нумар адзін. Трэба сказаць, ён зусім не быў падобны да жылля чараўніка. Не тое каб я чакала ўбачыць цмока на газоне ці зграйку фей, што водзяць карагод вакол флюгера, але ўсё-ткі хацелася сустрэць нейкі знак. Я разумею, магія была пад ганеннем ва ўсе часы, і ніякі разважлівы чалавек не стане вывешваць над ганкам шыльду: «Яды, зеллі, вядзьмарства», але, будзь я чараўніцай, я б неяк намякнула на гэта, каб добрапрыстойным жыхарам навакольных мястэчкаў было лягчэй адшукаць маю хату. А вось дом сэра Лемюэля Грымсвотна намякаў, здаецца, на адно: «Тут і ў паміне няма ніякага чараўніцтва, вы памыліліся, ідзіце прочкі».
Я павольна прайшла ўздоўж жывой агароджы, зазірнула ў сад, праверыла брамку. Не замкнёна. Дарожка акуратна пасыпана пяском, у каменнай паілцы для птушак вада, лужок перад домам пастрыжаны не так даўно, а каля кветніка з ружамі стаіць сіняя палівачка. Ці сэр Лемюэль даўно прадаў дом якому-небудзь аматару пакапацца на градках, накшталт маёй бабулі, ці ж у вольны ад вядзьмарства час ён любіць займацца садоўніцтвам. Ведаеце, у мяне ўзнікла дзіўнае пачуццё. Мне здалося, што я тут ужо была. Што я бачыла ўжо гэту сінюю палівачку, паілку для птушак, брамку з прымацаванай да яе паштовай скрыняй, кульгавы зэдлічак, укапаны ў зямлю пад грушавым дрэвам і стары ліхтар на верандзе. Дом, прысадзісты і традыцыйны, з зялёнымі стаўнямі і чырвонай дахоўкай, з флюгерам у выглядзе ўзброенага амурчыка усё было цьмяна знаёма. Але ж я ніколі тут не была!
Фіранкі ва ўсіх вокнах былі захінуты, дымок з коміну не ішоў, і, мяркуючы па ўсім, гаспадара не было дома. Сад маўчаў, толькі паціху шамацела лісцем старая груша. Раптам штосьці шэрае жаба ці мыш шаснула ў траве, і я ўскрыкнула ад нечаканасці.
Не палохайцеся, прашу вас, раздаўся прыемны мужчынскі голас аднекуль зверху, і я здрыганулася зноў. Затым раздаўся такі гук, быццам хтосьці саскочыў з дрэва. Вы будзеце смяяцца, але першая мая думка была пра тое, што чараўнік толькі што прашамацеў перада мной у звярыным абліччы, а зараз абярнуўся зноў у чалавека і спяшаецца мяне супакоіць.
Напэўна, мыш, прамармытала я разгублена.
Не, гэта не мыш, запярэчыў мой суразмоўца, застаючыся нябачным.
Я разгублена аглядала зарасці маліны, кветнікі з рудбекіямі, высокія бэзавыя кусты. Так, здаецца, менавіта за бэзам мільгала белая кашуля. А то я ўжо спалохалася, што вяду гутарку з сапраўдным невідзімкам
Не мыш? механічна паўтарыла я, і ён падхапіў, ці то спрабуючы пажартаваць, ці то проста гуляючы словамі:
Так, так, менавіта, нямыш звычайны, у садзе пражывае цэлае сямейства. Яны не кусаюцца, не бойцеся! Нямышы сілкуюцца толькі кветкавымі пялёсткамі ды абрыўкамі нашых сноў. Добрых салодкіх сноў, паспешна ўдакладніў ён, быццам я збіралася адкрыць сакваяж і прапанаваць нямышу звычайнаму чэрствы кавалачак свайго заўчарашняга начнога кашмару.
Я не знайшлася, што адказаць. У нейкі момант амаль паверыла ў існаванне гэтых нямышаў. Я ж прыйшла ва ўладанні чараўніка, так чаго ж дзіўлюся нябачным істотам? Здаецца, я больш падобна да сваёй бабулі, чым падазравала.