Наш сад не тое каб велізарны, але ў дзяцінстве мы з сёстрамі пару разоў у ім губляліся. Там ёсць сажалка і лаўкі, градкі з морквай і спаржай, альпійская горка і невялікая цяпліца. У цяпліцы я і знайшла бабулю. «Папрацуйце, дзеткі», прыгаворвала яна дзелавіта і выпускала з пачка ад запалак тоўстых і незадаволеных чмялёў. Згледзеўшы іх, я куляй выскачыла вонкі. Да ўсіх сваіх недахопаў я яшчэ і палахліўка, калі справа датычыцца малых касматых стварэнняў. Адвага, на жаль, не перайшла да мяне ў спадчыну ад маёй бясстрашнай бабулі, якая галаруч здымае гусеніц з капусты, блукае ўночы па садзе з ліхтаром і збірае смаўжоў. Аднойчы злавіла самую сапраўдную мядзведку і не толькі не страціла прытомнасць ад жаху, як абавязкова зрабіла б я, але яшчэ і ўмудрылася прадаць яе нашаму аптэкару за добрыя грошы.
Растлумачыўшы чмялям, як правільна апыляць агуркі з дынямі, бабуля выйшла да мяне.
Што здарылася?
Я працягнула ёй сваю знаходку і ў двух словах растлумачыла. Дакладней, не зусім растлумачыла. Мая бабуля, ведаеце, верыць у перакрыжаванае апыленне, у селекцыю і натуральны адбор, яна прыручае вожыкаў і будуе шпакоўні, але вось чараўніцтва зусім не прызнае. Зусім-зусім. Таму я сказала ёй, што жадала б даведацца, як звалі даму, якая напісала гэты ліст маёй прабабулі, таму што мне вельмі спадабаўся почырк. Недарэчнае тлумачэнне, пазбаўленае логікі, не спрачаюся, але ўсё ж лепш, чым гісторыя з нябачнымі чарамі.
Што здарылася?
Я працягнула ёй сваю знаходку і ў двух словах растлумачыла. Дакладней, не зусім растлумачыла. Мая бабуля, ведаеце, верыць у перакрыжаванае апыленне, у селекцыю і натуральны адбор, яна прыручае вожыкаў і будуе шпакоўні, але вось чараўніцтва зусім не прызнае. Зусім-зусім. Таму я сказала ёй, што жадала б даведацца, як звалі даму, якая напісала гэты ліст маёй прабабулі, таму што мне вельмі спадабаўся почырк. Недарэчнае тлумачэнне, пазбаўленае логікі, не спрачаюся, але ўсё ж лепш, чым гісторыя з нябачнымі чарамі.
Бабуля ўзяла паперку двума пальцамі, як быццам гэта быў сушоны трытон ці сцябло атрутнага плюшчу, угледзелася, нахмурылася.
Хадзем.
У бабуліным пакоі на падаконніку спелі ў вазоне памідоркі чэры. Стол быў завалены каталогамі насення. Бабуля дастала бляшанку, дзе ў яе захоўваліся парашкі ад пякоткі, старыя кірмашовыя квіточкі і квітанцыі з пральні, кавуновыя семечкі і рэцэпты марынавання патысонаў. Пасля нядоўгіх пошукаў яна працягнула мне складзены ўдвая жоўты лісток, з выгляду сапраўды такой жа паперы, якую знайшла я ў клубку.
Сэр Лемюэль Грымсвотн, сказала бабуля злосна. Не ведаю, на чорта табе спатрэбіўся гэты шарлатан, але ўпэўнена, што яго даўно ўжо няма ў жывых. Гады, ведаеш, не літуюць нікога. А ён быў аднаго ўзросту з маёй маці.
І яна размашыстым крокам выйшла з пакоя. А я стаяла з дзвюма паперкамі ў руцэ і спрабавала ўсвядоміць новую інфармацыю, што звалілася на мяне. Ліст прабабулі напісаў мужчына. Той мужчына, паводле слоў бабулі, шарлатан гэта значыць, мае здагадкі дакладныя. Бо бабуля не верыць у чараўніцтва, усе чараўнікі для яе шарлатаны і ашуканцы, турма па іх плача. Што ж датычыцца яе апошняй здагадкі, то я вельмі моцна спадзявалася на адваротнае. Чараўнікі ж ведаюць разнастайныя замовы і сакрэты, умеюць падаўжаць сабе жыццё? Па бабуліным тоне было відавочна, што сэр Лемюэль Грымсвотн чымсьці моцна насаліў ёй, і яна была б рада станцаваць на яго магіле. Але я вельмі спадзявалася, што ён яшчэ жывы.
Адрас сэра Лемюэля быў да смешнага просты: Зарэчная акруга, мястэчка Млынавы Раўчук, вуліца Самшытавая, дом нумар адзін. Да Млынавага Раўчука ад нашага горада гадзіна язды. Ніякіх неадкладных спраў у мяне не было, надворе стаяла яснае адным словам, усё спрыяла падарожжу. І я вырашыла збірацца.
Як чалавек надумлівы і няўпэўнены ні ў чым, я лічу за лепшае, выходзячы з хаты, быць у поўным узбраенні. Не ўцямлю, як многія дзяўчаты абыходзяцца прыгожымі малюсенькімі сумачкамі? Туды ж нічога не змяшчаецца, акрамя ключоў і пудраніцы. А як жа іголка з ніткай на выпадак, калі раптам адарвецца гузік? А як жа парашкі ад галаўнога болю і невялікі нататнічак з алоўкам, калі хто-небудзь падзеліцца мудрай думкай ці хітрым рэцэптам пірага? А запасныя пальчаткі, а губка для чысткі туфлікаў ад дарожнага пылу? Так, усё гэта ёсць у маім дарожным сакваяжы. Але, збіраючыся ў Млынавы Раўчук, я дадала яшчэ сёе-тое. Лаўравішнёвыя каплі на выпадак, калі вельмі расхвалююся, і тузін насовак раптам расплачуся, цёплы шаль на выпадак непагадзі і шаўковы парасонік калі будзе яркае сонца. Яшчэ я ўзяла два чырванабокія яблыкі і пакет з аўсяным печывам раптам мяне не запросяць да абеду. Хто ведае, як прынята ў чараўнікоў. Ды калі нават запросяць раптам чараўнікі ядуць на абед жабіныя пячонкі пад палыновым соусам і запіваюць моцнай ядлаўцовай гарэлкай з кропелькай змяінага яду для вастрыні? Майму страўніку не ўправіцца з такімі вытанчанымі пачастункамі.
У падарунак для сэра Лемюэля Грымсвотна я падрыхтавала кашнэ і пару тоўстых ваўняных гетраў. Хай ён і чараўнік, але ўсё ж стары, а старыя любяць цяпло. І яшчэ, спадзеючыся на яго добрую памяць, я апранула тую бледна-блакітную сукенку ў ружачкі. Можа, яна нагадае Грымсвотну маю прабабулю і ён будзе добры да мяне.