Але тут Віктар засмяяўся, непрыгожа агаліўшы дзясны:
Я люблю чытаць медыцынскую літаратуру, там багата цікавага, асабліва пра хваробы чалавека. А мой дзед Максім умеў лячыць і людзей, і кароў, і коней. Загаворваў кроў, сунімаў боль, адганяў падучую. Віктар рыўком устаў з-за стала, выйшаў на сярэдзіну пакоя, выпрастаўся ўвесь, развёў плечы, узняў грудзі і застыў, нібы схоплены стаўбуном.
Твар напружаны, закамянелы, вочы нерухомыя, невідушча-шкляныя, пазіраюць удаль, паверх маёй галавы. Потым паволі апускаюцца ніжэй, на мой твар, знаходзяць мае вочы, упіваюцца ў іх, не адпускаюць. Губы яго варушацца, суха шэпчуць: «Згінь, хвароба, прэч з парога! Ты мяне не ведаеш, я цябе не ведаю, ты мяне не чуеш, я цябе чуць не хачу Ты, соль, усё засоліш! Ты, попел, усё пераясі! Ты, чорны вугаль, усё зачэрніш!..» Ён ідзе па пакоі, выставіўшы рукі з растапыранымі пальцамі, робіць імі кругі ў паветры, нібы адганяючы насланнё, чмут нейкі. Увесь наструнены, сабраны ў адзін камяк, ступае мякка, нібы кот, гатовы ў любое імгненне скочыць наперад. І скача, рэзка кідае рукі ўперад, перад маім тварам, застывае на нейкі час. Я сяджу, як пад гіпнозам. Ён забірае рукі назад, нібы хавае, як кот кіпцюры, твар яго расслабляецца, ажывае, і ён задаволена рагоча сваім грубым голасам.
Гэты голас некалі я чуў у калідорах педвучылішча, і тады ён мне падабаўся. Але цяпер ён здаецца мне ненатуральным і хворым.
Ды ну цябе з тваімі прымхамі! гавару я збянтэжана. Гэтак ты каго хочаш напалохаеш.
Ну, цябе ж не напалохаў.
Напалохаць не напалохаў, але
Але нібы ўзрадаваўшыся, Віктар падхоплівае: «Разве может нормальный человек читать провокационные стишки перед народом?»
Усё капітан?
Ён.
І што за «сцішкі»?
Віктар азірнуўся на дзверы і прашаптаў:
Яны ў мяне з сабой, дастаў з партфеля пакунак, загорнуты ў газету і крыж-накрыж перавязаны тоўстым шпагатам. Тры агульныя сшыткі ў каляных вокладках, спісаныя акуратным, крута нахіленым почыркам. На першай старонцы першага сшытка вялікімі чырвонымі літарамі загаловак: «Пра бандыта Мікіту», трошкі ніжэй, літарамі меншымі жанр: «Паэма».
Паэма была разбіта на раздзелы. «Саюзу кукурузу», «Кароўку на вяроўку», «Нашто парткі калгасніку?..», «Каму жывецца весела ў нас у Беларусі»
І ты ўсё гэта возіш з сабой? спытаў я. Віктар весела кіўнуў галавой:
Ну.
Цяпер ужо і я паглядзеў на яго, як на ненармальнага.
А што?.. спытаў Віктар.
Дурань, вось што, адказаў я злосна.
У оперным на нас пазіралі як на сланоў, якія вырваліся з клеткі і спакойна разгульваюць па праспекце. Добра вычышчаныя Віктаравы кірзавыя боты давалі такі густы дух гуталіну, што ён не мог не трывожыць далікатныя насы тэатральнай публікі.
Віктар і тут быў спакойны, а калі пачуліся першыя музычныя акорды і пайшло прадстаўленне, ён нібы ўвесь перамясціўся бліжэй да сцэны, да аркестра.
І музыка, і драма, і ўся гэта прыгожая тэатральная бутафорыя ўцягнулі і мяне. Я быў рады, што Віктар прывёў мяне сюды. Слухаў музыку, перажываў драму, быў ва ўладзе прадстаўлення, але трывога за яго самога ні на хвіліну не адпускала мяне.
Спектакль скончыўся позна. Мы пеша ішлі па начным горадзе. Атмасфера тэатральнай дэкарацыі нібы выйшла сюды, на начныя вуліцы. Цішыня, тайна ценяў, напружанае чаканне невядомага. Доўга маўчалі. Першы загаварыў Віктар.
Ведаеш, якую беларускую оперу я хацеў бы паслухаць? Оперу пра выгнанніка. Чалавека выгналі з роднай хаты, з роднай зямлі ў далёкі чужы свет. Ён бадзяецца як непрыкаяны, яму цяжка, яму балюча, яму крыўдна. З яго здзекуюцца, з яго пацяшаюцца за яго прастату, за яго словы, за яго мову. За яго працавітасць, за гатоўнасць рабіць любую работу. Ён цягавіты, ён мужыкаваты. Ён усё церпіць, ён усё сцерпіць, бо ў душы ў яго жыве мара, надзея: ён чакае таго дня, калі зможа вярнуцца дамоў. Гэта мара дае яму сілы вытрымаць усё. І вось настае той жаданы дзень. Ён збіраецца ў далёкую дарогу дарогу дамоў. Я чую гэтыя мажорныя акорды, за якімі і боль, і трывога, і слёзы. Яго спрабуе не пусціць, хоча ўтрымаць там жанчына. Яна кахае яго, яна шкадуе яго і просіць, каб ён застаўся. Яна прадчувае тыя беды, што чакаюць яго, яна ведае, што яму там будзе цяжка, а сама яна не можа пакінуць сваю радзіну, сваіх блізкіх. Але і ён не можа застацца там. Ён вяртаецца дамоў. І што сустракае яго? Першы ўдар: яго радня не прызнае яго. Радня думае, што ён прыйшоў, каб выгнаць іх з хаты, з якой некалі выгналі яго і ў якой пасяліліся яны і жывуць цяпер. І ўжо нібыта ён вінаваты, што вярнуўся дамоў. Не прызнае яго і каханая жанчына. Некалі ён пакінуў яе малой дзяўчынкай, аб ёй былі яго мары ўвесь гэты доўгі час. «Ты ж мая, ты ж мая перапёлачка» Яна была яго перапёлачкай, яна клікала яго праз ночы і гады. Але яго сустракае не маленькая перапёлачка, а стомленая жыццём жанчына. Яна чакае дапамогі, яна шукае спакою. Ён можа дапамагчы, але даць спакою не можа. Што яму рабіць, куды ісці далей?.. Гэта драма жыцця, трагедыя душы. Калі б падаць яе праз музыку, праз слова!.. У музыцы яе мог бы асіліць Туранкоў. Праўда, яго ўжо няма. А ў паэзіі?.. Куляшоў? Надта сухі. Танк? Надта мяккі. Вось такую оперу я хацеў бы паслухаць.