Як і чым жыў Віктар гэтыя гады, я не ведаў. Ці ўспамінаў я пра яго? Успамінаў. І нашу першую сустрэчу, і куфаль гаркавага піва, выпітага пад гаворкі пра Малышавых салаўёў на беразе Біскайскага заліва, і яго вершы, і пыльную вуліцу Чырвонага Лесу.
Ці ўспамінаў ён мяне? Відаць, таксама ўспамінаў, калі рашуча знайшоў тут.
Віктар чакаў мяне, нервова шнуруючы па пакойчыку. Вочы яго блішчэлі, як пасля выпіўкі. Паголены, пастрыжаны, адпрасаваная кашуля ў чырвона-сінюю клетачку з накладнымі кішэнямі, чорныя калашыны штаноў запраўлены з напускам у наваксаваныя халявы вычышчаных ботаў. Гарнітур зборны, але сядзіць ладна, па-вясковаму ўрачыста, як адзнака нейкага змешанага вайскова-цывільнага стылю.
О-то, браце, раскінуў я рукамі. Ты прыбраўся, няйначай, як Сталін на сустрэчу з генераламі.
Ты не жартуй, Віктар нібы спатыкнуўся пасярод пакоя, стаў з насцярогай аглядаць сябе. Павінаваціўся: Я прымяраў твае чаравікі ціснуць.
На стале ляжалі хлеб, кілбаса, памідоры. Віктар выйшаў за дзверы, вярнуўся з чайнікам, з рыльца якога пыхкала пара. Колішнія студэнты ведаюць, дзе што ляжыць і як што зрабіць.
Падваконнік быў заняты ладнай горкай перавязаных аборачкай кніжак.
Бачу: ты дастукаўся да свайго даўжніка? спытаў я.
Ага, сустрэліся і ён якраз пры грашах. Кажа: колькі разоў адкладваў столькі і распускаў. Грошы вада. Забег у інтэрнат, кніжкі забраў, слоўнікі. Хай паляжаць у цябе. І папраўдзе мы з табой сёння багатыя людзі, і нас чакае Дзяўчына з Палесся». Можа, трэба было б і пляшку ўзяць, ды я падумаў
Правільна падумаў. Скажы лепей, як твой паход у міністэрства?
Ат! Віктар махнуў рукой. Не даюць гаварыць, спіхваюць адзін другому, як дзядзьку ў Вільні. «Мы не можам ісці проці волі народа» «А подпісы бацькоў, іх пад дзве сотні, гэта не воля?» «Подпісы гэта адно, мы можам табе іх тысячу назбіраць, а ёсць другая воля, вышэйшая» І ківок угору Там, на небясі
Елі кілбасу з памідорамі, пасыпаючы іх буйной соллю, пілі чай з маміным варэннем, залазячы лыжкамі ў двухлітровы слоік. Віктар гаварыў далей:
Дык вось, народ! Прыслалі да нас новага дырэктара. Ён сам рускі, жонка наша паляшуцкая русалка, біялогію вядзе, расказвае дзецям пра «дагістарычных іскупаемых». Дзеці нядоўга прывыкалі да яе, нюхам учулі яе вучонасць, на саму перакінулі «дагістарычная іскупаемая». Непадалёк у лесе вайсковая ракетная часць стаіць, колькі афіцэрскіх семяў. «А как же наши дети? Может, через несколько лет им в Среднюю Азию ехать придется, там тоже языки всякие» Закруцілі, замуцілі і пайшло. Раённае начальства туды ж, за іх. Выклікае мяне загадчык райана: «Чаго ты дабіваешся, Віктар Міхайлавіч?» «Нічога не дабіваюся. Хачу, каб школа заставалася беларуская». «У цябе ж нямецкая мова, якая табе розніца?» «Такая, Міхаіл Іванавіч. Не хачу калечыць дзяцей». «А калі яны з беларускай школы едуць у рускі горад, мы не калечым?» «Яшчэ як калечым». «Вось бачыш. Ты ж разумны чалавек, хіба ты не адчуваеш тэндэнцыю? Усё ідзе на зліццё І наогул» «Што наогул?» «Літаратурны гурток гэта добра, гурток па нямецкай мове нармальна, а палітыка гэта пагана. І перш за ўсё для цябе пагана». Вось так, школы няма, жыцця няма адна палітыка. І спакойна так гаворыць, спакойна пазірае ў вочы, добры, ветлівы чалавек, учарашні настаўнік, сённяшні начальнік.
Віктар сам задаваў пытанні, сам адказваў на іх. Яму трэба было выгаварыцца, пачуць слова спагады ці разумення. І тое, і другое было, і ён гэта адчуваў. Не было толькі помачы, і я не ведаў, адкуль узяць яе.
Другі раз мяне выклікалі ўжо ў міліцыю. Таварыш капітан, з маладых, ды ранні. Гэты гаварыў рубам і без гэтай нікчэмнай ветлівасці. «Что за стишки вы читали возле районной столовой?» «Свае. Сам прыдумаў, сам прачытаў». «А как бы это посмотреть на них?» «Я чытаю па памяці, што прыйдзе ў галаву, тое і чытаю». «Ладно, прочтите по памяти». «Вы ўсё роўна не зразумееце, яны па-беларуску». «А вдруг кое-что и уразумею. Я ведь тоже из белорусов». «Не. Гэта ж паэзія, імправізацыя. Тут найшло, тут забылася». «Про бандита Никиту это импровизация?» «Усё імправізацыя: і пра Мікіту, і пра астатніх». «Так вот что, импровизатор. Если ты перед мужиками или еще перед кем-нибудь и дальше будешь читать эти свои пасквили отправлю туда, откуда трудно вернуться. Можно сказать: невозможно. Дорога с односторонним движением. И пойдешь ты туда не как жертва, не как борец за националистическую идею» «Можа, за нацыянальную?..» «не как борец за националистическую идею, а как уголовник. Борца и мученика сделать из себя тебе не удастся. А вот воришка не вор, какой из тебя вор, воришка, промышляющий по мелочам Так вот, воришку это я тебе обещаю, это я тебе устрою».
І, ведаеш, ледзь не ўстроіў. Мінае нейкі час, і раптам гром на школу: нехта ўзламаў замок на скрыні з вучэбнымі вінтоўкамі. Прапала дробнакаліберка, пяць пачкаў патронаў. Прыехаў участковы, узяў панятых, пачалі шукаць. І знайшлі. Пад страхой у хляве маёй гаспадыні. Усё акуратна загорнута ў мяшок, і мяшок гаспадынін сушыўся на плоце, а пасля неяк прапаў. Усё падведзена як мае быць. І засудзілі б, калі б адзін мой вучань рахубу іхнюю не зблытаў. Напісаў заяву, што гэта ён сарваў замок. І манціроўку паказаў, якой зрываў, якраз падышла. І што мяшок загадзя з плота зняў. «Чаму вінтоўку не дамоў панёс, а пад чужую страху засунуў?» «Хіба я малахольны, каб дамоў?» «Тады навошта ўсё гэта?» «Каб адпомсціць яму». Значыць, мне. Я не прызнаваў яго за паэта, вершы крытыкаваў. І па мове адзнакі заніжаў. Такі вось страшны я яго вораг, і такая яго помста. Перабунтаваў ён ім усю рахубу. Бацьку штрафанулі на трыццаць рублёў, а хлопца папярэдзілі, што калі ўтворыць яшчэ такое, то не паглядзяць, што непаўналетні, уклеяць па ўсёй строгасці. Словам, багата было смеху, на ўвесь раён.