Колас Якуб Михайлович - Новая зямля (на белорусском языке) стр 9.

Шрифт
Фон

Але бязгнойная, пустая

Зямлi валока была тая,

Дзе рос сiвец ды пырнiк густа

I дзе спакойна каля куста

Ляжаў шарак, бо там нiколi

Саха зямлi не бараздзiла.

Было маркотна i нямiла

У тым пустым, здзiчэлым полi.

Мiхал наехаў без нiчога.

I вось жывi тут, разжывайся,

Хоць сам у соху запрагайся,

Ўпрагай i жонку на падмогу

З трыма малымi хлапчукамi.

Але стаў цвёрдымi нагамi

Мiхал на гэты грунт няплодны.

- Не плач: не будзем тут галодны;

Бог дасць, сяго-таго прыдбаем,

Дабра якога дачакаем,

Так разважаў ён сваю жонку.

Жывым не кiнешся ў палонку!

Зямлi - зiрнi - як скiнуць вокам.

За гаспадарку ненарокам

Мiхал на новым месцы ўзяўся:

Каня, кароўку расстараўся,

Завёў свiней, дзве-тры авечкi.

Тым часам з дому для падмогi,

Саху забраўшы i нарогi,

Антось прыехаў i на грэчку

Узняў маргоў са два папару.

I ажывiлiся амшары,

Запахла свежаю раллёю,

Як бы сам Бог тут над зямлёю

Прайшоў i глянуў мiласцiва.

Антось заложна i цярплiва

У землю ўкладваў свае сiлы.

На божы свет, як бы з магiлы,

З зямлi травiнкай далiкатнай,

Густою шчотачкаю здатна

Выходзяць дробныя зярняткi.

Як у калысачцы дзiцятка,

Калi ўжо трошкi акрыяе,

Сваю галоўку падымае

I навакол глядзiць здзiўлёна,

Так гэта збожжайка зялёна

Да сонца цягнецца лiсткамi,

Бы к матцы дзiцятка рукамi.

Тым часам хлопцы падрасталi,

Старэйшым дома памагалi.

Прайшоў гадок, мiнуў другi,

Ў касьбу запахлi мурагi.

На полi ветла, самавiта

У рад стаялi копкi жыта,

Так аздабляючы загоны.

А ў агародзе мак чырвоны,

Раскрыўшы гожыя лiсточкi,

З iх ткаў прыўдалыя вяночкi

Вакол галоўкi маладзенькай,

Такой прыгожай, зеляненькай.

I часта ў добрую пагоду

Iдзе Мiхал дамоў з абходу,

I хоць чуваць, што ныюць ногi,

Але зварочвае з дарогi

I робiць крук, бо як стрымацца,

Каб не зайсцi палюбавацца

I ярыною i жытамi?

Iдзе, а ветрык з каласкамi

Вядзе прыемную размову

I цешыць душу леснiкову.

Мiхал падыдзе i прыстане

I лаву жыцейка агляне

Ды возьме ў пальцы асцярожна

Яшчэ няспелы i парожны

Ён колас жытнi i паглядзiць,

Рукою лёганька пагладзiць,

Нiбы сынка свайго малога,

I ў сэрцы дзякаваў ён Бога.

У тым кутку, глухiм i дзiкiм,

Стараннем дзядзькавым вялiкiм

I цяжкай працай хлебароба

Набыта розная надоба;

Ўсё зацвiло, загаманiла,

Бы жыватворчая тут сiла

Ад сну прыроду абудзiла.

Гумно паўнела з кожным годам,

I багацеў хлявец прыплодам,

I грош стаў лiшнi завадзiцца,

Было што есцi, чым акрыцца,

I быў парадак, лад у хаце.

Ўжо з тым кутком зжылася мацi,

Даўно прывыкшы к адзiноце;

А цэлы рад збаноў на плоце

Казаў аб тым, што гаспадыня

Была ўжо ў моцнай каляiне

I што яе таксама справа

Вялася добра i рухава,

Бо тут збаны не так стаялi:

Яны за тое ўжо казалi,

Што малака было даволi.

Ў пастаўнiку, пры самым полi,

Свiння, як хворая, стагнала,

Хоць гэтай хворасцi не знала,

Яе такая ўжо натура:

Стагнаць i лыч трымаць панура,

Як бы ёй цяжка жыць на свеце.

А парасяткi, яе дзецi,

Ўсяму дзiвiлiсь несканчона,

Бо надта рохкалi здзiўлёна.

Другi гурток другой жывёлы,

Дзесятак кур, пявун вясёлы

Каля платоў чарвей шукалi;

Квактуха голасна квактала,

А кураняткi чарадою

Паслушна ўсюды йшлi за ёю.

Тут кожна рэч аб тым казала,

Што маладая гаспадарка

Iшла ўпярод паспешна, шпарка

I большы круг яна займала.

Часамi хмурнаю вясною

Цяплом павее, цiшынёю,

I хмарак сiвыя фальбоны

Падуць, апусцяцца нанiз,

I неба яснага абрыс

Зiрне скрозь цяжкiя заслоны,

I дзень тужлiвы, засмучоны

Аздобiць сонцаў агняпiс,

I ўсё вакол павесялее,

На момант сцiшыцца, замлее,

На ўсё адбiтак ляжа згоды,

I нiкнуць подыхi нягоды.

Зямельцы неба усмiхнецца.

Глядзiш - тады табе здаецца,

Што холад згiнуў назаўсёды.

Але цi ж так? Эх, негадана

Вятруга ўсходзiцца паганы,

I даль палёў маркотна стане,

Жалобы цень яна апране,

I ўсё нейк смутна пазiрае,

Чагось нядобрага чакае.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке