Марцiн пайшоў, але для пана
Было яшчэ крыху дадана
Не вельмi добрых пажаданняў,
I пацер розных, i лiтанняў.
Але дабра, палёгкi, толку
Не прыбыло з таго й на голку.
Спакою тут Мiхал не знае,
Як бы на колы вада тая,
Мiхал iдзе ды йдзе ў абходы,
I не ухiлiшся ад шкоды:
То дуб ссякуць, бярозу зваляць,
А там i лес табе падпаляць
Або патравяць сенажацi,
Пажнуць траву на корм цяляцi.
Народ жадзён, бо жыве ў сцiску,
Гатоў у вочы сыпнуць прыску,
Зрабiць зумыслу дзеля здзеку,
Не, не ўнаровiш чалавеку!
I свой жа брат цябе кусае,
Бо кожны выслужыцца хоча:
Адно гаворыць табе ў вочы,
Але другое ў мыслях мае
I ўжо здарэння не мiнае
На чым хоць-небудзь зло спагнаць,
Як мае быць цябе даняць.
А там надыдзе тое лета,
Глядзi, каб ягад без бiлета
У лесе бабы не збiралi
I на грыбы каб бiлет бралi.
Так вось заўсёды свет зачынен,
I сам жа ты яшчэ павiнен
Падатак пану свой даваць
Грыбоў i ягад назбiраць.
А пан табе не спагадае,
Сваю работу загадае:
То пастуха згадзi, служанку,
Да ночы бiся спазаранку.
А там надыдзе касавiца
Ўставай, чуць гляне заранiца,
Iдзi, касцоў наймай i жней
Нi ў чым адмовiцца не смей!
Рабi ўсё борзда, гладка, чыста.
Але пагода наравiста,
I ў часе самае работы
У небе ўсходзяцца грымоты,
I невады за невадамi
Працягнуць хмары над грудамi,
Спусцiўшы пасмачкi-палосы,
Зальюць i копы i пракосы.
I за той жарт Iльi-прарока
Не будзе мець на цябе вока.
Служы, працуй на пана-ката,
А сам не ўправiшся, дык брата
Бяры ты з дому на падмогу,
Няхай з табою нага ў ногу
Iдзе па службе, памагае,
А не то, й сына прыпрагае.
Цi ж гэта лад? цi ж то парадак?
Згрызот нямала, многа звадак.
I як нi бiся, нi старайся,
Хоць на кавалкi разрывайся,
Прычэпку знойдзе i аблае,
Яшчэ й пад носам накiвае.
А ты цярпi, маўчы зацята
I слухай споведзь пана-ката.
I крыўда ў тым, мае вы людзi:
I хто ж то волю даў паскудзе?
Нашто зямля iх, катаў, носiць?
Ой, хто ж ад iх не загалосiць?
А дзе на iх шукаць управы,
Бо суд "праўдзiвы", суд "ласкавы"
Паноў за здзекi не карае?
I хто цябе тут падтрымае?
Каму паскардзiцца i дзе?
Хто гэту крыўду адвядзе
I трохi згладзiць перашкоды?
I мiж сабою няма згоды:
Адны другiх бы тут паелi
Або ўтапiлi б, каб прымелi.
Адзiн другога не пакрые,
Глядзяць, як ворагi лiхiя,
Гатовы лiха прыкупiць,
Каб спатайку цябе ўкусiць.
А пан з таго i карыстае
I па чарзе ўсiх пералае.
- Ну ж i "Рачок"! ото ж уз'еўся!
Чаго на нас ён так насеўся?
Казаў часамi дзядзька дома.
I як служыць тут - невядома.
Ото ж зараза ўжо прыўдасца!
Нашто на свеце гэта трасца?
Служы яму ты ўсёй сям'ёю,
А сам ты хоць жабруй зiмою.
Сказаць, ну, меў бы ты пасаду,
Дык чорт бы з iм, цярпеў бы гаду,
Але што тут? асот, галота,
Шэсць дзесяцiн - чаго? балота!
Другiя маюць па валоках,
Як Лiхтаровiч у Затоках.
I што ж? адзiн ён службу мае,
Нiхто туды не зазiрае,
Нiхто там свету не завяжа
I нават носа не пакажа.
А ты круцiся, хвост авечы,
Канца няма той талачэчы,
Ну, проста служба гэта гадзiць,
I кожны нос тут свой усадзiць.
- Вядома, хто дальш ад кватэры,
Таму менш стукаюць у дзверы,
Да iх дайсцi не так-то скора,
I там жывуць сабе без гора,
Гаворыць з зайздрасцю i мацi,
А тут, як дзе на воўчай гацi,
Як на пярэсмыках якiх,
Цябе трывожаць кожны мiг.
Але ж i самi вiнаваты,
Калi так коцiцеся з хаты,
Дзе толькi пан нi загадае.
Цi ж ён на гэта ласку мае?
Чаму ж на вас i не налегчы?
Чаму ў хамут вас не запрэгчы,
Калi яго так баiцеся
I так за службу берацеся?
Адзiн вось служыць - ну i годзе!
Што патураць яго той модзе?
Дзе ж? мала двух, дык трэцi Ўладзя!
Чаму ж на карк табе не ўссядзе?
А трэба часам агрызнуцца,
Бо так i будзеш заўжды гнуцца.
- Ого! ты смела каля печы,
I праўда: кажаш ты дарэчы,
А ты б сама вось паспытала,
Тады б не тое заспявала,
Сказаў Мiхал крыху сярдзiта.