Не ведаю, як атрымалася заснуць. У сне я бачыў чырвонае неба, такое неверагодна прыгожае, што хацелася крычаць ад захаплення. І на фоне гэтага неба рэзка з'явілася постаць маладой дзяўчыны. Яна наблізілася да мяне. На плячы незнаёмкі сядзеў вялізны чорны кот. У дзяўчыны былі вялікія вочы і доўгiя валасы.
Ты ўсё добра прыдумаў, Генадзь, сказала дзяўчына. Дзейнічай і пакінь сумневы. Усё будзе добра, і ўсё атрымаецца як трэба.
Тут я прачнуўся.
«Гэта ж тая самая багіня з медальёна Мерэйна». Вось гэта было дзіўным, насамрэч.
З раніцы нашы курганы завалакло густым туманам. Але днём з'явілася яркае сонца, і мы пачалi бадзёра капаць, адчуваючы прыемны пах сырой зямлі. Вечарам я адважыўся! Рашэнне было цяжкім, і я доўга блукаў па лесе, штурхаючы раскіданыя на сцяжынках сасновыя шышкі. Але нават водар жывой ігліцы не мог мяне супакоіць. Выпіўшы для адвагі, я зазваў у палатку Юрася і з выглядам мацёрага змоўшчыка шчыльна зачыніў уваход. Затым я дастаў артэфакт, паказаў яго хлопцу, і прама спытаў:
Колькі далі б за такі, твае сябры чарнушнiкi, як думаеш?
Юрась зрабіў нявінныя вочы.
Ты пра што, наогул?
Кінь гэта! Ты ведаеш пра што!
У поглядзе Юрася паступова разгаралася здзіўленне, пакуль ён пiльна глядзеў на артэфакт. Я адчуваў, што Юрка ўжо падлічвае ў думках гіганцкую суму, якую можна атрымаць ад продажу медальёна на чорным рынку.
«Так, Юрась, ты не самы сумленны чалавек. І я сам, мабыць, таксама».
Колькі ты хочаш? нарэшце прама спытаў ён.
Тысячу даляраў, спакойна адказаў я, разумеючы, што рэальны кошт у дзясяткі разоў большы.
Вось не прагавіты ты, Тарасавец. Дамовіліся! імгненна адказаў радасны Юрась.
Праз месяц я прыехаў да суседкі. У кішэні ляжала тысяча даляраў, атрыманая ад Юрася, а дакладней ад ягоных ценявых таварышаў.
Але ў кватэры чамусьці была пара незнаёмых людзей, а Вера Максімаўна адсутнічала. Я пацікавіўся, дзе ж гаспадыня.
Яна памерла, без усялякіх цырымоній сказаў адзін з незнаёмцаў.
Але як гэта? прашаптаў я, адчуваючы, што гатовы проста сесці на падлогу пасярод залы.
Віталь вунь там, у пакоі. Можаце з ім пагаварыць, калі хочаце.
Аглушаны жахлівай навіной, я машынальна прайшоў да пакоя. Вiталька сустрэў мяне маўчаннем і злосным позіркам. Я глуха прамовіў:
Вiталька, я магу купіць табе вазок. Мяне твая матуля прасіла. Грошы я дастаў.
Хвіліну Вiталька толькі злосна тарашчыўся на мяне, нічога не адказваючы. Нечакана ён апусціў галаву і прамармытаў:
Не! Я не заслужыў. Маці столькі гадоў са мной мучылася. На пахаванне грошы ёсць, а больш не трэба нічога. Пакінь сабе грошы. Або лепш, ведаеш што, тут ён падняў галаву і паглядзеў на мяне ўважлівым позiркам, аддай грошы ў дзіцячы дом. Мая дачка ў дзіцячым доме вырасла. Ужо не паправіш нічога, яна мяне бачыць не жадае. Але можна іншым дапамагчы. Зрабі так, Гена, калі хочаш.
Я выйшаў з кватэры ні з кім не развітаўшыся. У гэты ж дзень я ахвяраваў тысячу даляраў у дзіцячы дом. Праз тры месяцы Юрася злавілі падчас яго махінацый і выгналі з працы. Юрка заўсёды быў шчасліўчык і яму пашанцавала зноў абышлося без крымінальнай справы. А яшчэ праз паўгады медальён Мерэйны ўсплыў на буйным аўкцыёне. Нейкі ананімны спонсар купіў артэфакт і, кажуць, мае намер перадаць яго ў адзін з беларускіх музеяў. Напэўна, мой сон быў прароцкім усё атрымалася так, як трэба. Вось толькі я да гэтага часу не ўпэўнены, што зрабіў як трэба.
Канатус
Сяргей Арменавіч Лапаткоў? спытаў мяне Эдуард афіцыйным тонам.
Я адчуў, што мой пухнаты «дварняковы» кот, вялікі і чорны, зноў вырашыў паджартаваць. Ён звяртаўся да мяне так афіцыйна, калі збіраўся мяне падражніць.
Чаго табе, Эдуард? спытаў я.
Як чаго? Ты ж сам хацеў пагаварыць пра жыццё пасля эпідэміі? спакойна, але не без ценю хітрай іроніі ў голасе, прамовіў кот.
Так? спытаў я, адчуваючы няўпэўненасць.
Ну так, пацвердзіў кот.
Хм, сказаў я шматзначна.
Уся справа ў тым, што тут неабходны канатус, сказаў кот.
Што-што? удакладніў я.
Канатус гэта патрэба ў самаразвіцці. Вось ты, да прыкладу, не скончыш жа развіццё з-за віруса? Ты будзеш працягваць як мінімум таўсцець
Гэта яшчэ пытанне хто тут больш таўсцее, вызвiрыўся я Вунь ты сам глянь, як на сваім сухім карме з вітамінамі ад'еўся.
Не важна, адказаў кот. Важна, што ты зможаш зрабіць нарэшце тое, пра што марыў.