Генадзь?
Так-так, гэта я. Гаварыце, слухаю вас!
Геначка жаночы голас перапыніўся хліпаннем, хтосьці плакаў у трубцы, і я не разумеў хто.
Што такое? Што здарылася? спытаў я, адчуваючы збянтэжанасць. Хто гэта?
Геначка, гэта Вера Максімаўна, твая суседка.
«Ах, вось хто!»
Я даўно ведаў сваю суседку з шэсцьдзесят першай кватэры, але кантакты нашы былi дастаткова рэдкімi, хоць і не пазбаўленымi цеплыні. Вера Максімаўна нашмат старэйшыя за мяне. Жанчыне было ўжо далёка за восемдзесят. Яе сын Віталь алкаголік са стажам. Ён таксама даўно не хлопчык, яму, мабыць, ужо за шэсцьдзесят. Гэты нягоднік ніколі не працаваў. Пакуль Вiталька быў малады і даволі прыгожы, ён з задавальненнем жыў за кошт жанчын. І, вядома, ён заўсёды піў, як у бочку ліў. Але гады алкагольнага марафону зрабілі сваю справу. Вiталька захварэў і зараз амаль не мог хадзіць. Яго старая маці таксама перасоўвалася цяжка. Жудасная, але, на жаль, нярэдкая гісторыя. Некалькі разоў я нават схадзіў у краму, па прадукты для Веры Максімаўны, і дапамог вынесці насілкі з Вiталькай, калі за ім, падчас моцнага прыступу, прыехала хуткая.
Гена, дарагi, тут Вiтальке зусім дрэнна. А мы ж адны з ім, больш і няма ў нас нікога. Прасіць нязручна цябе, Геначка, але трэба. Зайдзі да нас, калі ласка. Трэба пагаварыць. Зайдзі, дарагi. Адны мы, разумееш, адны зусім.
Я жадаў растлумачыць суседцы, што зараз працую і не магу кінуць экспедыцыю. Я б сказаў ёй, што яна, па сутнасці, чужая для мяне жанчына і я не магу вырашаць іх з сынам праблемы. Не я ж быў у гэтых праблемах вінаваты. Мне вельмі хацелася гэта сказаць.
Добра, Вера Максімаўна, я хутка прыеду, не хвалюйцеся, прамовiў я, упэўненым голасам.
Паклаўшы трубку, я цэлую хвіліну мучыўся ад жадання зноўку патэлефанаваць суседцы і заявіць, што я не прыеду. Але замест гэтага я пайшоў развітвацца з калегамі.
Гэта навошта ты з'яжджаеш, здурнеў ці што? Што гэта за суседка і чаму ты павінен ёй дапамагаць, не разумею? пытаўся здзіўленым голасам Юрась.
Эх, тут ён у чымсьці мае рацыю. Я панура пайшоў да сваёй машыны і, паабяцаўшы таварышам вярнуцца яшчэ да вечара, скокнуў у салон. На шчасце, ехаць трэба не так ужо i далёка. Я хутка праляцеў міма старых драўляных хатак, раскіданых па хутарах, і дробных рачулак, якіх так шмат у нашых краях. Праз гадзіну я стаяў у кватэры сваёй суседкі.
Геначка! Ты не ведаеш, як я цешуся.
Добра, Вера Максімаўна. Кажыце, што ў вас такое здарылася. Прабачце, але я спяшаюся, мой голас гучаў, можа быць, трохi суха, але мяне можна было зразумець.
Так, Геначка, я скажу зараз. Бачыш, вось Нам проста зусім няма да каго звярнуцца. Ты ж ведаеш, што Вiталька не ходзіць. І яму патрэбны інвалідны вазок, пажадана добры, з маторам. Я сама ледзь перасоўваюся ўжо. Але грошы, разумееш, грошы, тут на вачах Веры Максімаўны з'явіліся слёзы. А ты ж нам дапамагаў, я памятаю. Можа быць ты і цяпер дапаможаш. Трэба вельмі шмат тысячу даляраў. Потым як-небудзь аддам табе, што-небудзь прыдумаю.
Я быў надзвычайна здзіўлены.
Але я ж просты археолаг, Вера Максімаўна! Вы ж бачыце, які вэрхал у краіне робіцца. Можа хутка археолагам наогул плаціць перастануць няма будзе з чаго! Я б з радасцю дапамог, але няма ў мяне такіх грошай.
Я разумею, Геначка, я ўсё разумею. Дзякуй, што прыехаў. Прабач мяне, дурніцу старую, за такія просьбы. Адны мы, Гена, зусім адны.
Калі я выйшаў ад суседкі, на душы быў такi цяжар, як быццам я здрадзіў самаму лепшаму сябру. Я разумеў, што ні ў чым не вінаваты, але ўсё роўна было вельмі сумна.
Калі я вярнуўся, праца яшчэ кiпела.
Вось і прагульшчык з'явіўся, заўважыў Юрась, а астатняя каманда засмяялася.
Я моўчкі палез у шурф і пачаў капаць максімальна хутка, каб адагнаць усе змрочныя думкі. Не прайшло і пяці хвілін, як сёе-тое знайшлося. Аднаго погляду на прадмет было дастаткова, каб зразумець я сарваў джэкпот беларускай археалогii. Калегаў побач не было. Ніхто не бачыў маю знаходку. І ў гэты момант майго прафесійнага трыумфу, мне ў галаву раптам прыйшла дзіўная думка. Рука, як быццам незалежна ад маёй волі, сціснула ў кулаку каштоўную рэч.
Пасля адбою я засеў у палатцы з ліхтаром і пачаў вывучаць свой «Святы Грааль». Гэта быў залаты медальён, з выдатна выкананай выявай жанчыны, на плячы якой сядзеў кот. Пад жаночай фігурай змяшчаўся надпіс «MEREINA», зроблены гатычнымі літарамі. Відавочна мне ўдалося знайсці адзіную пакуль выяву балтыйскай багіні палявання і лясоў, пра культ якой было вядома вельмі мала.