- Сама дзяцей вырасцiш, тады паглядзiш! Матка апошняе аддасць, апошнюю кроплю гарэлкi для сына! Не пузырся i не дуйся, сама такою будзеш, папросiць сын - i нальеш!
Iрэна выйшла ў другi пакой, за стол садзiцца не стала - яе раздражнялi iх размовы i нават твары.
- Томка, iдзi чарку выпi! - паклiкала мацi.
- Не хачу, жывот балiць! - абазвалася дзяўчына з ложка.
- I не трэба - нам болей будзе! - засмяяўся Сцяпан.
...Пiлi браты амаль да ранку. Бацька пайшоў спаць на печ. Мацi легла на тапчане, а сыны гулялi ў карты. Тамарка ўсё стагнала - балеў жывот. Iрэна паклiкала свякруху, але тая толькi буркнула:
- Глiсты ў яе - няхай чарку вып'е!
Чым далей, тым горш станавiлася з Тамаркай. Яна сыходзiла крывёю, Iрэна мяняла пад дзяўчынаю пялёнкi, давала нейкiя таблеткi, але нiчога не дапамагала. Як быццам холадам, ледзяным i бязлiтасным, напоўнiўся пакой. Iрэне стала страшна. Яна адчула чыюсьцi прысутнасць, нябачную i страшную - гэта было дыханне смерцi. Iрэна, перапалоханая i дрыжачая, выбегла да хлопцаў i пачала крычаць, што трэба везцi Тамарку ў бальнiцу, але Цiмох спаў за сталом, паклаўшы галаву на бохан хлеба. На канапе хроп Халiмон з катом у нагах. Сцяпан лыпаў вачыма i не разумеў, што ад яго хочуць. Адзiн толькi бацька падаў голас з печы:
- А мо давай я Томку адвязу ў бальнiцу?
- Ляжы, дурань п'яны! - закрычала на яго жонка. - Каня мне згубiць хочаш? У мiлiцыю трапiць хочаш? Людзi i так смяюцца, што яна ўсё па бальнiцах! Само пройдзе!
I бухнулася на падушку.
Iрэна, заплакаўшы ад адзiноты i крыўды, вярнулася да Тамаркi.
- Iрэначка! - паклiкала яе дзяўчына. - Не чапай iх. Я хачу туды, дзе святло, дзе анёлы. Яны цяпер ля мяне стаяць, Iрэначка, я ўбачу ўсё тое, аб чым ты мне расказвала: i Берасце, i Гомель, i Маскву, i манастыр Ефрасiннеўскi, там, дзе Аленка... Мне так добра цяпер! Не будзi iх, яны не варты быць са мною. Кожны раз, калi я сыходзiла з дому, то за травою свiнням, то грады палоць, мне не хацелася вяртацца сюды... Не заставайся тут, Iрэначка, у брудзе гэтым! Уцякай!..
...За акном развiднела, калi цiха памерла Тамарка. Iрэна сама абмыла дзяўчыну, апранула ёй новую сукенку, якую пашыла ёй да Новага года, запалiла свечку.
Калi свякруха прачнулася, ачомалася, залямантавала, але ненадоўга, шаркаючы вiлошнiкамi, кiнула:
- Ай, Богу вiдней! Усё роўна з яе такая баба, як з г...а куля! Зямлi скварка, людзям - чарка!
...Iрэна складвала свае рэчы, каб назаўсёды пакiнуць гэтае праклятае месца...
Мiкола старанна выпiсваў афарызмы, седзячы ў чытальнай зале, калi погляд ягоны ўпаў на дзяўчыну, якая паднялася з-за стала i пайшла да выхаду. Радасна-трапятлiва забiлася сэрца ў хлопца: дзяўчына з ягонай мары! Валасы нiбы шоўк, бровы, як крылы ластаўкi, мудрагелiстая прычоска васемнаццатага стагоддзя, гнуткая постаць перацягнута шаўковым паяском, вiшнёвыя вусны чакаюць пацалунка...
...Зачарованы Мiкола iшоў па вулiцы за незнаёмкай. Яна плыла лебеддзю сярод натоўпу. Запынiлася, загледзелася ў вiтрыну крамы, купiла марожанага, паднесла да вуснаў, усмiхнулася i надкусiла жамчужнымi зубамi. Заўважыла Мiколу. Пачакала, калi ён параўняецца з ёю, i запытала нешта па-ангельску. Мiкола разгубiўся i ўвесь час толькi кiваў галавою, паўтараючы "ес, ес". Дзяўчына дакранулася далонню да ягоных валасоў i запрасiла ў пад'езд. Адурманены ад шчасця, Мiкола зайшоў. Хацеў абняць яе, як нехта моцна стукнуў яго па галаве. Затым чыесьцi рукi абшарылi ягоныя кiшэнi, вырвалi сумку... Тады ён агледзеўся. Двое здаравенных амбалаў прыцiснулi яго да сцяны, а дзяўчына капалася ў ягонай сумцы. Затым, брудна мацюкнуўшыся, сказала:
- Казёл! У акадэмiчнай зале сядзеў, думала, iншаземец! Таракан iнтэрнатаўскi! Дзе твае даляры?
- Будзеш ведаць, як чэсных дзяўчат падманваць! - стукнуў Мiколу па твары адзiн з хлопцаў. - Пайшлi хутчэй адсюль!
I яны знiклi.
...Мiкола вярнуўся ў свой iнтэрнат. Ягоны сусед Iгарок яшчэ не працверазеў ад учарашняй папойкi.