- Надакучылi мне ўсе бабы, - буркнуў Iгарок, - толькi пояць, каб замуж узяў. Кашулi дораць, адэкалон. На якi хрэн мне яны патрэбны, iнтэрнатаўскiя? Трэба якую-небудзь школьнiцу, менчанку, трахнуць, тады i хата будзе! А што? Трахну, а бацькi з радасцю нас пажэняць! Так многiя хлопцы нашы робяць. Вадзiцелю лягчэй пазнаёмiцца! А менчанак шмат дурненькiх, асаблiва школьнiц! Закахаецца, i ўсё! Не, я вырашыў толькi на менчанцы ажанiцца.
Ён глянуў на панурага Мiколу.
- Ну што? Зноў некаму дзiця застроiў? - засмяяўся Iгарок. - Ведаць трэба, каго трахаць! А то ўсё iнтэрнатаўскiх! Менчанку шукай, дурань, хата будзе!
Мiкола маўчаў. Iгарок падняўся, глынуў з графiна вады.
- Колькi ўжо абортаў на табе вiсiць, га? - запытаў ён. - Я чытаў, што гэта вялiкi грэх. Хлопцы таксама перад Богам за гэта адказваць будуць, не толькi дзеўкi...
Прыгледзеўся да Мiколы.
- Ай, а хто ж гэта табе фiнгал паставiў? - засмяяўся ён. - Вiдаць, нейкая не дала?
- Я з бабамi завязаў! - злосна прамовiў Мiкола. - Нi адна з iх мяне не варта!
I лёг спаць.
Анатоль яшчэ з парога заўважыў, што ў хаце пабывалi госцi. На стале стаялi кубкi з недапiтай гарбатай, валялiся слайды, гарэла лямпачка дыяпраектара. Галя паспешна выцягнула вiлку з разеткi.
- Гэта з нашага турклуба былi, - мовiла яна, - слайды глядзелi. На гiтары спявалi. Торцiк быў... Мне сумна адной, без цябе. Ты ж усё па паходах...
- Ты ўжо абнаглела! - кiнуў свой заплечнiк Анатоль. - Я змёрз, як сабака, у зiмовым паходзе, а ты гасцей запрашаеш, мужа не чакаеш!
- Мы ўчора ў лыжны паход выхаднога дня хадзiлi...
- Нiякiх паходаў! - зароў Анатоль. - Каб пра маю жонку нiхто не чуў i не ведаў! Я табе забаранiў хадзiць у наш турклуб, бо я там галоўны, а не ты! Я запрашаў гасцей да сябе, а не ты! Мне твае сябры не падабаюцца!
- Яны ж усе з нашага турклуба...
- У мяне свае сябры ёсць!
- Твае сябры - задавакi! - закрычала Галя. - Я таксама хачу сяброў мець, а не перад тваiмi маўклiвай рабыняй быць!
- Я забараняю табе наведваць турклуб, хадзiць у паходы! Жонцы месца на кухнi!
- Заставайся тады адзiн! - Галя пачала складваць свае рэчы ў заплечнiк.
- I куды ты пойдзеш? - засмяяўся Анатоль. - Ага, ты ж яшчэ не прапiсалася да мяне! Вось i добра! Вяртайся ў свой iнтэрнат, калi не хочаш быць паслухмянай жонкай!
- Я хацела, каб у нас была спартовая сям'я! - заплакала Галя, трымаючы ў руках свой заплечнiк. - А ты ўпарты! Толькi табе аднаму паходы патрэбны! I дзяцей не хочаш! Пашкадуеш потым!
I выйшла з кватэры, бразнуўшы дзвярыма.
Анатоль памыўся пад душам i пачаў збiрацца ў вёску, да бацькоў.
Даехаў на электрычцы хутка, крыху паспаў. Да вёскi дабiраўся пешшу.
...Цётка Франя падслепавата прыжмурылася:
- Ой, стары! Глянь - наш Толiчак iдзе! А чаму без Галi?
I яны выхапiлiся ўдваiх у сенцы сустракаць сына.
- Ай, радасць нам якая, сыночак! - абнiмала Франя тоўстага, у кажусе, Анатоля.
- Значыць, сынку, у госцi? - крэкнуў бацька i зацягнуўся цыгарэтаю. - А дзе ж Галя, мо захварэла?
- Кiнуў я Галю, - адказаў Анатоль, распранаючыся.
Падсеў да стала.
- Не гаспадарлiвая яна, - дадаў. - Мне трэба проста баба, каб шыла, мыла, ежу гатавала, мяне з паходаў чакала. А яна сама ў паходы ходзiць!
- А як жа! - падтакнула мацi. - Маёй жа сястры яна не спадабалася адразу. Цётка Людвiка табе казала, сынку, каб ты яе не браў! Цi ж гэта справа, каб баба ў паходы хадзiла. Паходы - гэта твая справа, тваё жыццё! А бабе месца ля каструль!
- Цi доўга ён находзiцца ў тыя паходы? - уздыхнуў бацька. - У яго ж ногi хворыя, артроз!
- I ў мяне артроз, - махнула рукою мацi. - Нiчога, няхай другую жонку бярэ! Вось Агапка добрая дзяўчына, працавiтая...
- Ты што, мацi? - незадаволена буркнуў Анатоль. - Яна ж у адным класе два гады сядзела! Тупая, як твой валёнак!
- Нiчога, што Бог розуму не даў, затое - працавiтая! - пачала ўшчуваць мацi.