Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 82.

Шрифт
Фон

У яе столькi крышталя ў хаце, а цюляў колькi!

- На iх каты катаюцца! - засмяялася Тамарка. - I мужык п'яны сальныя рукi выцiрае! А ў сале чэрвi завялiся, бо жадзiна яна! I свiней малаком кормiць! А ўсё плача, што галодная!

- Ды Сонька дзiця ў баразне нарадзiла, такая працавiтая! Пуза пад нос, а яна сена з мужыком таптала, вiшнi на драбiне абiрала! А ты будзеш цяжарная, дык хадзiць будзеш баяцца, каб не выскачыла, здыхля! Сонька i на канi скакала цяжарная!

- Яна i сама, як той конь, на жанчыну не падобная! - засмяялася Тамарка.

- Не падобная? - скрывiлася мацi. - Iрэна, вось пойдзем на адведкi, дык пабачыш, якая наша Сонька! Там яшчэ i Гельтруда будзе, яна настаўнiцай працуе, за Сцяпана вельмi хацела! Працавiтая дзеўка, рукi, як качолачкi, плечы, як булава, круглыя, крутыя, любога мужыка за пояс заткне ў працы. Маўклiвая, слова ад яе не пачуеш...

- Шапялявая, вось i маўчыць! - засмяялася Тамарка. - I нiякая яна не настаўнiца, з вучылiшча педагагiчнага адлiчылi, бо тупая, вось пiянерважатай працуе ў школе, па блату!

- Яна не тупая, а працавiтая! - закрычала мацi. - Гельтруда паехала бульбу цётцы капаць, месяц не была на вучобе, вось i адлiчылi!

Тамарка засмяялася:

- Тупых работа любiць!

- Гультайкi вы дзве з Iрэнай! - раззлавалася мацi. - Анягож! На пiянiна трынькаюць ды Бiблiю чытаюць! Нi Богу свечка, нi чорту качарга!

I пайшла спраўляць працу.

Зоська з цiкаўнасцю пазiрала на хату Рыгора. Вось ужо месяц, як гаспадар знiк некуды. А што, калi гэта чары Соф'i, чары з таго свету? Сама Зоська ўжо не баялася анiякiх чараў, нават сама хацела нешта падрабiць цётцы Свеце i свайму бацьку. У Рыгора, казалi, была нейкая кнiга Белай магii, вось каб знайсцi яе! Тады можна i на Алеся паваражыць: што яе чакае з iм. Хлопец не збiраецца, аказваецца, працаваць у iх школе, паступiў у аспiрантуру, хоча быць акеанолагам. Цiкавае жыццё! А кiм будзе яна, Зоська, няўжо так i застанецца ў вёсцы бiблiятэкаркай? Яна ўсё Гайву раўнавала да Алеся, а яна цяпер i не прыязджае сюды. Кажуць, у яе шмат кавалераў, мяняе, як пальчаткi. Вядома, прыгожая...

Зоська пракралася да сенцаў Рыгора, знайшла пад каменем ключ i адмыкнула хату. У пакоях было ўтульна i таемна. Нiдзе не вiднелася люстэркаў - дзiўна, звычайна тыя, хто займаецца магiяй, маюць шмат люстэркаў. Яна прайшла да кнiжнай палiцы i пачала глядзець кнiгi.

- Гэта не дапаможа табе, - пачула голас.

Азiрнулася. На парозе стаяў дзядзька Рыгор: высокi, прыгожы, з кучаравым чубам, нават не скажаш, што яму сорак год. Такое ўражанне, што ён, наадварот, не старэе, а маладзее.

- Дзе вы так доўга былi? - пацiкавiлася Зоська.

- Па справах, - адказаў Рыгор. - У кожнага на гэтай зямлi свае справы. I трэба прытрымлiвацца таго, што табе паказана на руцэ. Свой лёс i на канi не аб'едзеш!

Ён падышоў i ўзяў руку Зоськi. Уважлiва паглядзеў на яе i прамовiў:

- Лiнiя розуму на правай руцэ, як даў табе Бог, а на левай, як ёсць цяпер. Лiнiя розуму на левай руцэ iдзе ўнiз да стыку з Месяцам. Ты з-за любоўных iнтрыг можаш страцiць кар'еру. Такая ж рука i ў Галi Аўдоццiнай, яна ўсё каханне шукае, а ў яе ж лiнiя сэрца выходзiць з рукi, памiж пальцаў: указальным i сярэднiм. I ў цябе выходзiць. Тут ужо як нi круцiся, а ў каханнi вам не пашанцуе, хоць дзесяць разоў замуж выходзь. Галю я перасцярагаў, не паслухалася. А ты не будзь дурнiцаю, не шукай кахання, не думай пра замужжа, а рабi кар'еру. Зараз у цябе сяброўства з Алесем. Сяброўства вышэй кахання. Даражы гэтым. Паступай разам з iм туды, куды i ён, цi блiзка ля таго, каб быць разам у моры. У цябе будзе цiкавае жыццё!

Ён крыху памаўчаў, усмiхнуўся i дадаў:

- Ведаю, ты да Гайвы раўнуеш. Вось яна пустая i бесталковая, але яе чакае цудоўны шлюб: багаты i шчаслiвы. Не бойся, не з Алесем...

- А чаму так Бог не роўна дзелiць? - раззлавалася Зоська. - Гайве дык шлюб, а мне - без шлюба i кахання, толькi кар'ера! Што, Гайва чымсьцi выслужылася перад Богам?

- Нельга так гаварыць, - закiваў галавою Рыгор.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги