не, iдзi гной выкiнь!
Той, уцягнуўшы шыю ў плечы, паплёўся за жонкай.
- Халiмонка, - цiха вымавiла другая маладзiца, прыгожанькая, з ружовымi шчочкамi, светлакосая, у чорнай з чырвонымi кветкамi хустцы. - Ты ж казаў, што не будзеш болей. Не кахаеш, значыць...
- Ай, Верка, прыдумала абы-што! - абняў жонку Халiмон. - Пайшлi спаць!
Сцяпан зарагатаў iм услед.
- Вох-вох! - завохкала старая ля печы, кiўнула ўбок пакоя, куды знiкла Iрэна з тазiкам. - Зноў мыецца на ноч твая чысцюля! З яе ж людзi смяюцца, у нас такога нiхто не робiць. Як вывесiць свае трусы на вяроўцы, дык сорам перад людзьмi - аж сем штук налiчыла. Нi адна мая нявестка так не робiць, адны-двое трусоў на перамену, ад банi да банi, тыдзень адны i носяць трусы! А гэтая? Ты ж на яе грошай не набярэшся, трусы купляючы! Iдзi скажы, каб апошнi раз такое было. Мыла трэба эканомiць, ваду з калодзезя носiм!
Сцяпан, смеючыся, пайшоў да жонкi.
- Што ты хочаш? - непрыветлiва сустрэла яго Iрэна. - Якi ты быў хлопец у горадзе: ветлiвы, акуратны! А зараз - брудны, адны трусы тыдзень носiш, на ноч не мыешся, мова не развiта, адны маты!
- А чаму я павiнен дома крыўляцца, як у горадзе? - здзiвiўся той. - Тут я дома, як рыба ў вадзе! На якi хрэн мне твая ветлiвасць? Хопiць, што ногi на ноч мыю, а каб хлопцы ўбачылi, што яшчэ i трусы мяняю, як ты, то засмяялi б, як цябе! Каб больш не мылася, мацi сказала!
- Пайшоў ты! - буркнула Iрэна.
- Ды смяюцца з цябе ўсе! - пачаў лаяцца падпiты Сцяпан. - Сядзеш есцi "дайце, калi ласка", "дзякую", "прабачце"! Будзь прасцей, паеў ды пайшоў працай займацца, а то на тваю ветлiвасць толькi час дарэмна трацiцца!
Сцяпан плюнуў i выйшаў з пакойчыка.
Да Iрэны падсела Тамарка.
- Глядзi! - паказала ёй чорную кнiгу, на якой вялiкiмi лiтарамi было напiсана Бiблiя. - Гэта ж наш бацюшка мне падарыў!
- Зноў па святарах бегаеш! - увайшла ў пакой мацi. - Гультаi яны ўсе! Бач, колькi зямлi маюць!
- У нашага бацюшкi сямёра дзяцей, яму ж трэба iх кармiць, вучыць, у людзi выводзiць! - заступiлася Тамарка. - А ў ксяндза няма сям'i, яму прасцей...
- Дзе грошы брала на кнiгу? - закрычала мацi.
- Ён мне так падарыў. Я сказала, што ты не пускаеш мяне ў нядзельную школу, дык ён падарыў!
- Калi ты ўжо бегала туды? Можа, як я на базар ездзiла? Га? Ты да нашай Сонькi схадзiла, дапамагла ёй кароў падаiць цi ўжо забылася на сястру, як тая замуж выйшла? - пачала сварыцца мацi. - Самую нiхто не бярэ, дык ты сястры зайздросцiш?
- А за каго тут iсцi, за Кольку Цяцеркiна? - засмяялася Тамарка. - Ён мяне праводзiў i замуж прапанаваў, але ён п'е! Навошта мне п'янiца? Я з Iрэнай паеду да цёцi Алены ў манастыр, у Полацак, можа, там i застануся! Чым з п'янiцамi жыць, як мае браты цi iншыя хлопцы, дык лепей Богу служыць!
- Калi мужык вып'е, тады яму весялей працаваць, - павучальна сказала мацi. - Iдзi за Кольку, у яго пяцёра кароў...
- Навошта вы трымаеце па столькi кароў? - здзiвiлася Iрэна. - З голаду, цi што, памiраеце? Малако здаяце, а грошай вашых не вiдаць, то сахар, то муку мяшкамi купляеце, а тады гарэлку гонiце!
- Вось Кольку i трэба паiць, каб гэтую хваравiтую ўзяў! - кiўнула ў бок Тамаркi свякруха. - Няхай яна табе скажа, што ў яе за хвароба! Ёй жа падымаць нiчога нельга, бо кроў з яе льецца...
- З-за вашай гаспадаркi я i надарвалася! - заплакала Тамарка. - Усё вам мала, мяхi з бульбай цягаць вам трэба, быццам хлопцаў няма!
- Што гэта за баба, што мех бульбы не падыме! - раззлавалася мацi. Здыхля! Радуйся, што хоць Колька бярэ!
I выйшла, грымнуўшы дзвярыма.
Тамарка шапнула Iрэне на вуха:
- Глядзi, што яшчэ мне бацюшка падарыў! - i паказала дзiцячае пiянiна. Пайграй мне, Iрэначка! Тое месца ў Чайкоўскага, дзе танец маленькiх лебядзяў!
Iрэна паспрабавала. На гукi пiянiна ўскочыла свякруха.
- Хату падмяцi лепш! - буркнула Iрэне. - Наша Сонька такая працавiтая.