Iрэна кiнулася да iх з такою радасцю, быццам яны былi прышэльцамi з другога свету, распытвала пра горад.
- Менск як Менск! - смяялася дзяўчына ў белай майцы. - Мы табе зайздросцiм - жывеш у такiм цудоўным краi! А нам так дакучае асфальт i даўка ў аўтобусах...
- А я сумую па асфальце, - адказала Iрэна, - i па перабранках у аўтобусах... Па касметычных салонах...
- Дурнiчка якая! - усмiхнулася другая дзяўчына, вастраносая, якая памешвала чарпаком у катле. - Ты тут босая ходзiш, макiкюр не трэба рабiць, фарбавацца, а я, як успомню, што ранкам прасыпацца трэба ды на сонны твар фарбы накладваць, бо сорамна ў горад выйсцi не фарбаванай, дык аж ванiтуе! А туфлi на абцасах, а гэтыя набойкi - раз абуешся - i ў рамонт нясi! Ды ты ж шчаслiвая, Iрэначка!
- А я мару жыць з каханым на хутары! - задумлiва сказала дзяўчына з наiўна-задуменнымi вачыма, пухнаценькая i сарамлiвая.
- Шчасце зразумееш, калi яго страцiш, - заключыў адзiны ў групе хлопец, кiраўнiк паходу.
Ён настрайваў гiтару. Дзяўчаты падрыхтавалiся слухаць. Iрэна, каб не травiць душу, прапанавала Тамарцы пайсцi. Развiталiся.
- Ой, Iрэначка! - аж захлёбвалася Тамарка, бегучы ззаду. - Я так хачу ў горад! Так хачу стаць турысткай!
- Глядзi - станеш, - ухмыльнулася Iрэна, - з такой дурной мацi, што нават у пiянерскi лагер не пускае! I ў царкву...
- А давай да ксяндза сходзiм! - нечакана прапанавала Тамарка. - Ён тут недалёка жыве. А потым - да бацюшкi!
- Ты ж да бабы Тэрэзы i дзеда Янiка збiралася...
- Я рада, што нарэшце вырвалася з дому, хоць людзей пабачу!
...Бацюшка быў стары, сiвенькi, дакладней, наогул увесь белы, як дзед-мароз. Доўгая барада, вялiкiя вочы за акулярамi. Ён выйшаў з двара, у якiм пабрэхваў маленькi чорны сабачка. Хата ў яго была прыгожая, вялiкая, пабудаваная лiтарай "г", вялiкi зямельны надзел ля хаты, прыгожы металiчны плот.
- Што хочаце, дарагiя? - запытаў ён дзяўчат.
- Мы з хутара, - заiкнулася Тамарка, - вось хочам даведацца, калi служба будзе, а то мацi не пускае, дык, можа, мы ў нядзелю ўцяком. Хочацца на прычасце паспець. Мая мацi кажа, што праца галоўней, а я лiчу, што для душы трэба таксама нешта... А можа, у вас ёсць нядзельная школа, дык я б хадзiла?..
- Нельга асуджаць мацi, - павучальна адказаў бацюшка, - бацькоў трэба слухацца. Нельга гаварыць дрэнна пра другога, паглядзi лепей на свае грахi...
- А школа... - абмякла Тамарка, - можна мне ў школу да вас?
- Толькi з дазволу бацькоў...
- А кнiжкi купiць у вас можна? - уздыхнула Тамарка.
- Дарагiя дзяўчаткi, - лагодна сказаў бацюшка, - вядома, усё можна! Але сёння ў мяне госцi, не хачу iх кiдаць, адкрываць царкву, лепей прыйдзiце самi на службу, там i купiце, добра?
- Прабачце нас, - папрасiла Iрэна, развiталася i пацягнула за сабою Тамарку. - Пайшлi дадому, а то мацi сварыцца будзе!
- Ну i няхай! - заўпарцiлася Тамарка. - Пайшлi да ксяндза! Ён такi прыгожы!...
- Ды што ты надумала - па людзях хадзiць! - раззлавалася Iрэна. - Як з дзiкага лесу!
- А я адкуль?! Я i ёсць - з лесу! - засмяялася Тамарка i пабегла наўпрасткi да высокага катэджа ў канцы вёскi.
...Зямельны надзел быў такi маленькi, што, вiдаць, таму ксёндз i зрабiў гараж на першым паверсе, дакладней, пад хатай. Сама ж хата была невялiчкая, квадратная. Калi iсцi да яе, то з аднаго боку чапляешся нагою за кветнiк, а з другога да металiчнай сеткi, усярэдзiне якой гулялi качкi i куры.
- А дзе яны зiмою знаходзяцца? - кiўнула галавою Iрэна. - Можа, гэта ён хлеў будуе для iх?
Упрытык да хаты стаяў маленькi зруб.
- Не, гэта ён хатку для прыезджых будуе, - растлумачыла Тамарка, - неяк па-польску такая хатка называецца. Гэта калi хто прыедзе да iх у касцёл, паломнiкi якiя, дык каб пераначаваць было дзе. У кожным касцёле ёсць такая начлежка. Нават у Менску, мне бабы з касцёла расказвалi.