Багiня адчувала, як адзiн яе бок агортвае маленькая, утвораная ад лёгкага ветрыку хваля, затым белае марыва ахутала яе ўсю, праглынула. Яна паднялася над зямлёю, стала прыгожым матыльком, заблыталася ў валасах каханага, ператварылася ў кропельку i застыла на яго цёмных вейках. Яна бачыла ягоныя вочы: аксамiтна-цёмныя, лагодныя i шчырыя, яны таiлi ў сабе цеплыню сонца i безлiч таемных, нязведаных чараў... Ягоныя вусны... Пiць бы з iх, бы крынiчную ваду, i памiраць ад смагi...
- Вайдаш... - прашаптала багiня.
- Вайдаш... - зашапацелi сцяблы чароту.
Багiня забыла свае iмя. Яна не хацела ўспамiнаць яго, баялася вярнуцца ў рэчаiснасць. Ёй так было добра з iм. Яна не хацела расплюшчваць вочы, а святло настойлiва бiла ў твар, прымушала агледзецца навокал. Багiня закрыла вочы рукою, але ён адхiлiў гэтую руку i пачаў цалаваць яе: танюткiя пальчыкi, далонь... загарэлае плячо, вусны, i багiня расплюшчыла вочы i ўбачыла над сабою высокае зеленавата-празрыстае неба. I тады яна заплакала, бо ўспомнiла сваё iмя... Яна ўжо не магла сказаць яму: "Вайдаш..."
...Калi ад'язджала з Вiшанькi, прыбег Анатоль, ён амаль ускочыў у хату, збiў з ног бабку Сашу, прымусiў яе выйсцi i са злосцю вымавiў Марусi:
- Ты што, думаеш, ён у цябе закахаўся? Ды ён проста палюбоўнiцу шукае, каб чыстую, без СНIДа! Смяюцца... I вёска ўся смяецца!
Тады ёй стала так балюча i горка, што яна ледзь стрымалася, каб не заплакаць. I з насмешкай адказала яму:
- Лепш быць палюбоўнiцай князя, чым жонкай хама!
...Бяздоннае неба зберагала спакой i маўчанне.
- Што з табою? - прашаптаў Вайдаш.
"Усё пройдзе, - падумала Маруся, - застанецца толькi ўспамiн..."
- Не хачу развiтвацца з Нiцай, - адказала яна.
- Мы яшчэ вернемся сюды, - усмiхнуўся Вайдаш.
"Я ўсяго толькi эпiзод у тваiм жыццi", - падумала Маруся.
У глыбiнi вачэй яе застыла горыч. Яна нiколi не забудзе, як ён называў яе багiней, як гаварыў камплiменты, як цалаваў яе цела, як багатварыў... Яна паверыла яму i адчувала сябе багiняй. Але памятала, што гэта толькi гульня, чароўная казка... Няхай яна доўжыцца больш, казка, якую ён сам прыдумаў... Багiня i яе Тварэц...
- Няхай доўжыцца казка, - прашаптала Маруся i абняла яго.
...Яны ступалi босымi нагамi па гарачым пяску. Маруся апранута ў доўгую спаднiцу з разрэзамi па баках i белую майку, Вайдаш - у шортах i майцы з малюнкам фiялетава-зялёнага мора. Ля дарогi, на палях з сабраным ураджаем, засталiся даспяваць жоўтыя бабы, збоку адзiнокiх кустоў сiнела ажына. Бясконцае мноства рабiнавых дрэваў гарэла развiтальным агнём спякотнага i шчаслiвага лета. Вайдаша i Марусю абганялi рэдкiя прахожыя з поўнымi кошыкамi грыбоў. I яна ўспомнiла, як учора ездзiлi ў лес з Вайдашам, на машыне. Марусi ўсё нiяк не траплялiся грыбы-баравiкi. I тады яна задумала жаданне: калi знойдзе баравiк - вернецца сюды яшчэ. Накрапваў дождж, i Вайдаш паклiкаў Марусю да машыны, каб ехаць дадому. Яна заставалася ў глыбокiм цянi ялiнаў. I раптам пад апушчанай яловай лапкай заўважыла вялiкi карычневы баравiк. Маруся ўскрыкнула ад радасцi, падбегла да яго, пагладзiла, акуратна падрэзала i паклала ў кошык. У машыне Вайдаш абняў яе, яна прытулiлася да ягонага пляча, толькi вочы выглядвалi i бачылi, як па шкле машыны стукаюць срэбныя кроплi дажджу...
А потым яны ездзiлi на хутар да Аi з Мартыньшам. Ая зусiм маладзенькая, а ўжо ў iх трое дзяцей. Танклявая, светлавалосая, гаваркая i сур'ёзны прысадзiсты МартыньIш, яе муж. Меншая iх дзяўчынка, гадкоў двух, зняла калготкi i лезла ў начоўкi з вадою купацца. Маруся пачала сварыцца на яе. Хаця тая разумела толькi па-латышску, але ж у голасе Марусi пачула строгiя ноткi i вылезла з начовак. Свякруха Аi капала бульбу. Вайдаш падышоў да яе, спытаў нешта па-латышску. Маруся таксама вывучыла некалькi фраз, павiталася, спытала, як здароўе.