перавяла позiрк унiз, на яе ногi, i скрывiлася, затым усмiхнулася i запытала: - А дзе ты працуеш? Хлопца ўжо знайшла цi з Анатолем памiрылася?
- На паштамце працую, у бiблiятэцы. - Галя скiравала да газона i стала ў траву, каб схаваць парваны абутак. - Кавалераў шмат, - схлусiла яна, - але ўсе абы-што, не тое! А Анатоля я даўно кiнула, навошта мне лавелас? А ў цябе як справы? Вярнуўся твой бацька ад цёткi Светы, жыве цяпер з мацi?
- Не, - сумна адказала тая, - з цёткай Светай жыве... А наш брацiк малодшанькi такi слаўны! - ажывiлася дзяўчына. - Хутка два месячыкi яму. Я нашыла ўсякiх распашонак, шапачак, дык Алесь смяяўся, кажа, добра на "ляльку" шыць, а вось на дарослага не ўмею! Дык я яму кепi пашыла, каб сонца ў галаву не пякло - ён жа дах у нас рамантуе - такi спрытны ды вясёлы Алесiк! Не ведаю, чаму Гайва яго кiнула?..
- Не яна - ды ён яе кiнуў! - растлумачыла Галя. - У Гайвы хлопцаў шмат. I з Мiколам гуляла, i Антось яе праводзiў... Дарэчы, памятаеш Антося, такi надта сур'ёзны хлопец, турыст? Ну, дык ён зараз у Жыровiцкай семiнарыi вучыцца на бацюшку! Ой, Зоська, мне час на працу, бывай!
Галя цмокнула яе ў шчаку i пабегла да аўтобуснага прыпынку.
...На працы Галя пераабулася ў тапкi, засунула ногi пад пiсьмовы стол i пачала правяраць фармуляры, каб выявiць запазычанасцi чытачоў. Да яе стала падышоў высокi светлавалосы юнак, з закручаным угору чубам, вялiкiмi, таўстымi вуснамi. Блакiтныя вочы глядзелi з сумам.
- У вас ёсць што-небудзь па псiхалогii? - цiха запытаў ён. - У мяне праблема: здрада каханай... Што-небудзь, каб забыць яе...
Галя задумалася.
- Я сябраваў з ёю, яна зацяжарала, але пайшла за другога. Я ведаю, яна нарадзiла дачку... Гэта мая дачка...
Галiна сэрца забiлася ад шкадавання гэтага хлопца, ягоны боль адазваўся ў яе сэрцы.
- Як вас завуць? - запыталася яна, прыветна гледзячы яму ў вочы.
- Лёнiк...
- Лёня, я ведаю адзiн метад, але... - Галя схамянулася. - Гэта трэба пасля працы...
- Цудоўна, я пачакаю вас! - абазваўся ён, i вочы яго ўспыхнулi надзеяй.
...У царкве было шмат народу. Усе таўклiся, узбуджана адсоўвалiся, калi Галя i Лёнiк прабiралiся да iканастаса.
- Чырвоную свечку купiў? - перапытала Галя. - Запальвай! А цяпер вазьмi дзвюма рукамi i апусцi так, каб полымя было на ўзроўнi кален. Павольна падымай свечку ўверх, у тых месцах, дзе свечка будзе трашчаць, патрымай больш часу. Уявi сваю каханую i кажы: "Я пазбаўляюся ад звязкi з табою, я хачу быць вольным ад цябе. Даруй i адпусцi!" Калi полымя свечкi акажацца на ўзроўнi лба, патушы свечку.
Лёнiк зрабiў усё, што сказала Галя. Калi яны выйшлi з царквы, дзяўчына папярэдзiла:
- Абавязкова спалi яе фотаздымак!
Лёнiк кiўнуў i папрасiў дазволу правесцi яе да iнтэрната. Галя згадзiлася. Размаўляць з Лёнiкам было цiкава. Ён працаваў будаўнiком, шмат дзе бываў i аказаўся цiкавым хлопцам. Галя так пранiклася да яго душою, што запрасiла на кубачак кавы.
- Галечка, ты такая цудоўная дзяўчына! - усмiхнуўся Лёнiк. - Давай сустракацца! Толькi спачатку навучы, што яшчэ трэба рабiць, каб забыць яе!
- Па-першае, нiколi не размаўляй на тэмы кахання, пра сваю каханую больш не расказвай нiкому, сам не ўспамiнай i не чытай любоўных раманаў, не глядзi серыялаў пра каханне, - павучальна сказала Галя. - Пазбягай з ёю сустрэч, усё спалi: пiсьмы, паштоўкi... Кожны ранак апускай пальцы ў пасудзiну з халоднай вадой, правай рукi пальцы, i рабi "водаварот", тады кажы: "Чыстая вадзiца, змый з мяне гнеў i прывязанасцi, дапамажы мне занава нарадзiцца!" Зрабi шэсць кругоў i вылi ваду на макушку, засмейся i ўявi, што нарадзiўся занава.
- Дзякую, Галечка! - засмяяўся Лёнiк. - Нiколi цябе не забуду! Ну, бывай!
Ён яшчэ раз падзякаваў за каву i пайшоў з яе пакойчыка.
...Цела кранулiся вiльготныя сцяблы чароту. Затым цёплы рачны пясок, колкi да кожнай часцiнкi, да кожнай пясчынкi адчувальны, пасыпаўся на жывот. Багiня заварушылася, пацягнулася, прачынаючыся, але пацалункi пяшчотна-мяккiх вуснаў лагодна, не настойлiва вярнулi яе назад, у сон.