- Дай лепш пахмялiцца, - буркнуў ён i пачухаў патылiцу.
- На каго ты стаў падобен! - узлавалася Iрэна.
- Схадзi ў вёску, - папрасiў ён. - У краму, пiва купi.
- Я туды болей не пайду! - адказала Iрэна. - Здароваюся, а мне нiхто не адказвае.
Сцяпан прысеў ля стала, узяў у рот бульбiну.
- Ты хоць рукi памый! - загадала Iрэна.
- Пайшла ты! - буркнуў ён.
Увайшла свякруха з поўным бульбы чыгуном.
- Не здароваюцца з ёю! - прамармытала яна. - А цi ведаеш ты, што першым здаровацца нельга - сваё здароўе аддаеш! У нас не здароваюцца! Гэта ў вас усё: "здрасце", "дзякуй"! Пайшлi ў госцi, дык зганьбiла толькi нас. Што нi слова, што нi кусок за сталом - усё: "калi ласка", "калi ласка"! У нас так не робяць! I час ужо кiдаць звычкi гарадскiя! Чаму з маiм кумам не пацалавалася за сталом, га?
Старая налiла ў чыгун вады i пiхнула яго ў печ.
- Томка! - пазвала дачку. - Iдзi карову завядзi на пасту!
Дзяўчына злезла з печы, пацягнулася i пачала апранаць спартовы касцюм.
- Мам, ну пусцiш мяне ў горад? - працягнула яна. - Там канцэрт сёння...
- Якi табе канцэрт! - агрызнулася старая. - Вунь у малiну збiрайся! Варэнне варыць трэба...
- Я ж ужо наварыла з малiны...
- Дык падлогу памый! - крыкнула тая. - Работы табе няма, на Iрэну ўсё глядзiш - тая то за матылямi ганяецца, то на неба глядзiць: "Ой! Якi прыгожы заход сонца!" Людзi пачуюць, дык скажуць, што дурная!
Старая ад злосцi кiнула на стол анучу i трапiла ў твар Сцяпану.
- Бляха старая! - закрычаў той. - Бацька, уставаў бы з печы хутчэй, а то гэтыя бабы заб'юць мяне! Пайшлi схованку матчыну шукаць - пахмялiцца ахвота.
- Я цябе пахмялюся! - абазваўся бацька i пачаў спускацца на прыпечак.
- А няхай вам Iрэнчына матка гарэлкi прышле! - падскочыла старая. - Я вяселле справiла за свае грошы, а яны i носа не паказалi! I не далi нi вiлкi, нi лыжкi! На халеру было тады гарадскую браць! Хай бы бедная, але вясковая, а то я з гэтай Iрэнкай здурнею! Чуеш, бацька, што яна мне ўчора заяўляе? Давайце, кажа, у цырк з'ездзiм! З яе самой цырк бясплатны - на каго я карову ды свiней кiну?
- Iрэнка хацела са мною ехаць, - працягнула Тамара, адчыняючы ў сенцы дзверы. - Мне трэба развiццё... Свет пабачыць...
- Ах ты, зараза! - схапiла вяроўку старая. - Бач, якiх слоў набралася "развiццё" ёй трэба!
I перацягнула дачку.
- Iрэна! - загадала нявестцы. - Iдзi гной з хлява выкiнь! Ды не хiмiч, як заўсёды, па паўвiл гною бярэш - каб поўныя вiлы былi, з верхам!
Iрэна агрызнулася i моўчкi пачала нацягваць чобаты. Сцяпан пляснуў жонку далонню нiжэй спiны i зарагатаў. Матка закiвала галавою, адчынiла тумбачку i паставiла пляшку гарэлкi.
- Пахмяляйцеся, каб лiха на вас! - плюнула ў вугал.
- Ай, я такая мартышка! - скрывiлася Галя, прымяраючы шаўковую сукенку. Мне нiчога не пасуе!
Яна са злосцю кiнула абнову на ложак. Вера Шаўко, яе суседка па пакоi, якая працавала аператарам на пошце, ладная строгая дзяўчына год дваццацi васьмi, расчэсвала валасы.
- Ну, малалетка! - кiнула яна Галi. - Калi ты ўжо пасталееш? Я адвучыла цябе быць дурнiцаю: не расказваць усiм пра сябе, не раiцца, а самой умець прынiмаць рашэннi! Дык цяпер у цябе новы заскок: зневажаеш сябе! Запомнi: як ты будзеш ставiцца да сябе, так будуць ставiцца да цябе i людзi! Развiвай у сябе пачуццё ўласнай годнасцi!
Вера падвяла Галю да люстэрка.
- Ты прыгожая, глянь на сябе ўважлiва! - загадала Вера. - А цяпер апранайся i iдзi ў сваю бiблiятэку.
Галя нацягнула шаўковую сукенку, абула басаножкi на абцасах. Затым выйшла ў калiдор i, прыслухоўваючыся, цi не iдзе Вера, пераабулася ў старыя, парваныя, але без абцаса i такiя лёгкiя басаножкi. Выбегла з iнтэрната паштамта i нос да носа сустрэлася з Зоськай, дзяўчынай з iхняй вёскi.
- Ой, Галечка! - абняла тая яе. - Якая сустрэча! Ты модная, прыгожая...