Мацi, як заўсёды, падаiўшы карову ў палове дзевятага, легла спаць. Бацька гуляў з братам у карты. Зоська, калоцячыся, чакала наблiжэння поўначы. Але яшчэ было толькi адзiнаццаць. Яна выйшла, са страхам гледзячы на Рыгораў хлеў. Дзядзька Рыгор сядзеў на ганку i плёў кошык.
- Хлеў ужо асвяцiлi? - пацiкавiлася Зоська. - Нiчога адтуль не чуеце, не бачыце?
- Чарцей не трэба баяцца! - засмяяўся Рыгор. - Калi баiшся, то яны радуюцца. У мяне неяк у хляве цэбар стаяў, а тады сам па сабе перавярнуўся, дык я як пачаў лаяць чарцяку ды выганяць: "Прэч адсюль, поскудзь!" Памятаеш, як Iсус сказаў у пустынi: "Адыдзi ад мяне, сатана!" Дык з таго часу ў мяне нiякiх чарцей не водзiцца. Яны баяцца смелых!
- Праўда? - раскрыла вочы Зоська. - А на магiле Соф'i можна асiнавы кол забiць? Абавязкова ў поўнач, а калi ў поўдзень або цяпер вось, калi вiдно яшчэ?..
- Калi хочаш! - махнуў рукою Рыгор.
Зоська, аб нечым крыху падумаўшы, узяла сякеру i накiравалася ў лясок. Там, бесперапынна молячыся, высекла вялiкi асiнавы дрын - i пайшла да магiлы Соф'i. Чым блiжэй падыходзiла, тым станавiлася страшней. Раптам ёй паказалася, што нехта iдзе следам. Азiрнулася - нiкога. Яна набрала ў лёгкiя паветра i гучна выдыхнула.
- Адыдзi ад мяне, сатана! Я цябе не баюся! - прашаптала яна.
Пачала падыходзiць да раўчука. Было яшчэ вiдна, але ад лесу ўжо цягнулiся цёмныя ценi. Яна не глядзела туды.
- Адыдзi да мяне, сатана! - гучней сказала Зоська i падышла да магiлы.
Падалося, што нехта ззаду затупаў i схаваўся за дрэвам. Але Зоська не азiрнулася. Воклiч, шэпт... Нехта назваў яе iмя...
- Адыдзi ад мяне, сатана! - моцна крыкнула Зоська i ўваткнула асiнавы кол у магiлу.
Пачала са злосцю забiваць дрын у зямлю, i дзiўна, што з кожным ударам ёй станавiлася лягчэй!.. Закончыўшы справу, яна перахрысцiлася, прачытала ўслых малiтву i раптам пачула прыглушаны смех. Пастаяла крыху, затым перахрысцiлася на ўсе бакi i пакрочыла ад магiлы. Iшла спакойна, але ўвесь час здавалася, што нехта iдзе следам. Тады яна, не азiраючыся, кiнула назад сякеру. Нехта войкнуў i мацюкнуўся.
- Во дурная! Чалавека забiць можа! - пачула голас Алеся, цi тое падалося.
Зоська не азiралася. Ён дагнаў яе. Паспрабаваў нешта сказаць.
- Адыдзi! - са злосцю замахнулася Зоська.
- Я ж табе не сатана! - залiхвацкi засмяяўся ён. - Ну ты i дзяўчына смелая! Усю вёску ад вампiра выратавала!
Зоська нiчога не адказала. Iшлi невялiчкай сцяжынкай, паўз рэчку. Нечакана, на павароце, пачулiся дзiўныя гукi - быццам сабака скуголiў. Алесь насцярожана прыслухаўся, прыгледзеўся i ўбачыў на сцяжынцы бабра. Светла-буры небарака з невялiкай круглай галавою i амаль голым плоскiм хвастом глядзеў на iх маленькiмi вочкамi, чорнымi, як вугольчыкi, i выцiраў iх кароткiмi пярэднiмi лапкамi, нахiляючыся то ў адзiн, то ў другi бок. З вачэй звярка кацiлiся слёзы, i выгляд ад гэтага ў яго быў няшчасны.
- Чаму ён плача? - цiха спытала Зоська.
- Таму, што мы з табою загарадзiлi яму дарогу.
- Хiба ён не можа абысцi?
- Вось у гэтым яго i бяда, што не можа, - самотна мовiў хлопец. - Такi ўжо ён дзiвак. Калi выйдзе з рэчкi пагрызцi кару асiны, то абавязкова павiнен вярнуцца назад па той самай сцяжынцы, па якой прыйшоў. А калi яна занята, то будзе сядзець i плакаць... З-за гэтага яны i гiнуць.
- Кажуць, хто заб'е бабра, таму не будзе дабра, - успомнiла прыказку Зоська.
Бабёр старанна выцiраў вочкi, прысядаў, зноў станавiўся на заднiя лапкi, умольна пазiраў чорнымi вочкамi, пакуль Алесь з дзяўчынай не адышлi ўбок. Тады звярок падскочыў ад радасцi i заспяшаўся да рэчкi, плюхнуўся ў ваду i знiк.
Нечакана Алесь абняў Зоську i пацалаваў. Дзяўчына вырвалася ад яго i пабегла дахаты праз зелянеючыя агароды.
- Мне трэба жонка не толькi прыгожая, але i разумная! - буркнуў Анатоль, скручваючы палатку.