Пражыла Фёкла чыстаю ў пустынi, лячыла людзей ад хвароб, а калi стала старою, то вырашылi хлопцы наглумiцца над ёю. Фёкла бегла ад iх i прасiла Бога выратаваць яе. Тады скала расступiлася - i праглынула Фёклу, абаранiла чысцiню яе. Гэтая гара зрабiлася магiлай бязгрэшнага цела яе. Цяпер яна ў вечным жыццi праслаўляе Бога...
Матушка ўздыхнула.
- Выбiрай сама шлях свой да Госпада, - сказала яна Аленцы.
Вясковыя людзi адмовiлiся хаваць Соф'ю - яны баялiся нават наблiзiцца да яе. У горадзе муж Соф'i па стану здароўя не мог арганiзаваць пахаванне. Ягоная дачка даглядала яго i ў страху малiлася штодзённа i кожную ноч. Прыняць цела мацi яна адмовiлася. Так i ляжала Соф'я ў раённай трупернi каля двух тыдняў, пакуль раённыя ўлады не пахавалi яе, захутаўшы ў тканiну, без труны. Закапалi за могiлкамi, у раўчуку. Вось тады i пачалося: кожную ноч нешта скавытала на магiле, кружылi вялiкiя птушкi, непадалёку ад таго месца траплялi ў аварыю машыны. Да ўсяго яшчэ ў прыдатак многiя, хто бачыў ноччу жанчыну ў ружовым халаце, пачыналi адчуваць млявасць, слабелi рукi i ногi не маглi хадзiць. Выклiкалi бацюшку, але той адмовiўся i наблiжацца да магiлы. Трэба было ноччу, апоўначы, забiць асiнавы кол у магiлу, але ўсе баялiся. А больш за ўсiх Зоська.
Сёння яна мыла на рэчцы бялiзну i ўспамiнала, як хадзiла вечарам да турысцкага вогнiшча. Прыгажун Мiкола трымаў у руцэ жалезны кубак з накрыўкай i расказваў паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ён сказаў, што знiшчыў Чорную здань, i цяпер кожная дзяўчына можа быць спакойнай - яе не напаткае сляпое каханне, прага да цела.
Сляпое цi не сляпое каханне ў яе да Алеся, дзяўчына не ведала. Але тое, што ён учора не звяртаў увагi на Гайву, якая ўвесь вечар лезла да яго, як лiса, песцiлася... Зоська падслухала iхнюю размову ля дуба. Гайва малiлася, каб Алесь за нешта не крыўдаваў на яе, але той быў непахiсны... Можа, ён закахаўся ў iншую?..
- Гэй, ты мне ўсю рыбу разагнала! - крыкнуў нехта з моста.
Зоська падняла галаву. Алесь! Чырвань залiла яе твар. Хлопец спусцiўся ўнiз, падышоў да яе.
- А хто ж гэта на мелкаводдзi рыбу вудзiць? - засмяялася Зоська. - Тут толькi бялiзну палошчуць!
- Я пажартаваў, - прысеў на траву Алесь. - А ты так на беразе i сушыш бялiзну?
- А каб часу марна не трацiць! - гарэзлiва адказала Зоська. - Давай i тваю кашулю памыю!
Алесь зняў i падаў Зосьцы. Пакуль тая мыла, нарваў ёй букецiк незабудак. Падаў.
- Дзякую, - прашаптала Зоська, не верачы свайму шчасцю.
- Яны на твае вочы падобныя! - засмяяўся Алесь.
Нейкi час ён моўчкi сядзеў на беразе, потым спытаў:
- Ты чаму на танцы перастала хадзiць? Соф'i баiшся? А можа, сходзiм удваiх на яе магiлу?..
- Спатканне там назначаеш? - засмяялася Зоська, аж прысела. - Ой, не магу! Рамантычная прапанова! Каму сказаць - жываты палопаюцца!
- А што? - у тон ёй адказаў Алесiк. - Затое не банальна! Спатканне на магiле вампiра... Ды з такою дзяўчынаю, як ты, не толькi ў разведку, але i на магiлу Соф'i iсцi не страшна - не падвядзеш, надзейная!
- Адкуль ты ведаеш, што я надзейная?
- А што? Збяжыш пры першых цяжкасцях? Палахлiвая?
Алесь загадкава ўсмiхнуўся:
- Ты, мусiць, i жонка была б надзейная...
- Вядома! - скрывiла вусны Зоська. - Не збягу, як Гайва-прыгажуня, бо хто на такую паквапiцца! Ты добра ўсё разлiчыў - выдатная рабочая сiла: мыць, шыць, грады палоць!
Зоська адкiнула ўбок мокрую хустку, якую мыла.
- Думаеш, мне замуж ваш патрэбен? - горда сказала яна. - Адной у сто разоў лепей! Нiхто нервы не матае. Бяры сваю кашулю - высахла ўжо, i iдзi адсюль, не перашкаджай!
Алесь усмiхнуўся, падышоў да Зоськi i нечакана пацалаваў. Дзяўчына адпiхнула яго, i той бразнуўся ў ваду. Выйшаў мокры, злы.
- Праўду кажаш - не патрэбен табе той замуж! - насмешлiва кiнуў ёй. - Хто з табою, дзiкаркаю, ужывецца!
I пайшоў.
...Вечарам Зоська, як заўсёды, баялася нават зiрнуць на тое месца, дзе раней вiсела вялiкае люстэрка, - ёй здавалася, што там стаiць Соф'я.