Тады чалавек стаў слабы i няшчасны - ён увесь час шукаў сваю палавiнку, iншы раз i за ўсё сваё жыццё не знаходзiў. Вось i я шукаю... Усе мы шукаем, таму так шмат пакут ад кахання, бо часта хапаем не сваю палавiнку...
- Таму, што верым у гэтую казку! - строга сказаў Антось. - Яе выдумаў д'ябал, як выдумаў каханне. Такога няма ў Бiблii. Мы ўсе - душы жывыя, палоннiкi цела свайго. Душа не мае полу: нi жаночага, нi мужчынскага. Калi нараджаецца дзiця, Бог пасылае яму душу. Душа - бясполая! Запомнiце гэта! I чаму мы менавiта шукаем сваю роднасную душу сярод супрацьлеглага полу? А можа, яна, тая наша роднасная душа, знаходзiцца ў тваiм сябры, сяброўцы, у тваiм дзiцяцi? Падумайце пра гэта! Успомнiце, колькi на зямлi няшчасных людзей, тых, якiя не знайшлi шчасця ў каханнi, шлюбе? Толькi адзiн шлюб на тысячу шчаслiвы. Астатнiя дзеля прылiку, каб людзi не смяялiся, альбо дзеля дзяцей жывуць! Паглядзiце, у гэтай вёсцы ёсць шчаслiвыя сем'i? Не, iх няма. Сем'i iнтэлiгенцыi вясковай - бутафорыя, на людзях быццам бы i добра, а глыбей зiрнеш - здрады, спрэчкi. Няўжо ж так цяжка адшукаць гэтыя палавiнкi? Ды проста нiякiх палавiнак няма! Ёсць любоў боская, яе вы знойдзеце ў манастыры! Паглядзiце, якая любоў там сярод братоў i сясцёр! Вось гэта i ёсць сапраўдная любоў! На зямлi няма нiчога вечнага! Iсус гэта ведаў, калi д'ябал у пустынi прапаноўваў яму стаць царом свету гэтага. Хто ж тады з'яўляецца царом свету гэтага? Калi б д'ябал не з'яўляўся царом свету гэтага, ён не прапаноўваў бы яго Iсусу! Значыць, мы жывём у iлюзорным свеце, у свеце сваiх фантазiй, у падмане д'ябла! Нам трэба адмовiцца ад гэтага свету i дбаць пра свет вечны...
- А я веру ў каханне! - запярэчыў Мiкола. - Петрарка i Лаура... Неферцiцi i Эханатон... Рамэа i Джульета...
- Сцiхнi! - Антось адкiнуў убок галiнку. - Петрарка нiколi не падыходзiў да Лауры, ён кахаў сваё каханне, сваю фантазiю. Рамэа i Джульета - думка, хаця такое i можа здарыцца ў час закаханасцi. Але што ж потым? Неферцiцi? Так, яна сiмвал не толькi прыгажосцi, але i мудрасцi, дапамагала мужу ў рэформах. У iх было шасцёра дачок. Неферцiцi прыхiльна сустрэла рэлiгiйную рэформу Эханатона. Кажуць, да пары збан ваду носiць. Праз дваццаць гадоў сямейнай iдылii фараон закахаўся ў жанчыну маладую, у Кiю. Неферцiцi пакiнула мужа i замкнулася ў палацы, якi ён раней пабудаваў ёй. Кiя была авантурысткай, але аслеплены фараон не бачыў гэтага. Яго напаткала д'ябальскае каханне, прага да цела. Замест любовi боскай, якая была памiж iм i Неферцiцi, любовi, сяброўства, ён выбраў д'ябальскае. Немалады i хворы фараон пад прымусам Кii выжыў Неферцiцi з яе палаца, сцёр яе адлюстраваннi са сцен i намаляваў Кiю. Палюбоўнiца дамаглася афiцыйнага тытула фараона - суправiцельнiцы. Ёй пры жыццi была зроблена залатая труна. Але з вышынi сваёй Кiя бразнулася нiц. Падрабязнасцяў гэтага вучоныя пакуль не ведаюць. У Кii адабралi палацы i аддалi iх дочкам Неферцiцi. Яе iмя пасаскрабалi са сцен i сасудаў. Адабралi i труну. Час смерцi Кii i далейшы лёс фараона невядомы. Але дакладна вядома, што Неферцiцi перажыла iх абодвух. Яна выдала замуж дачок, але так i не дачакалася ўнукаў. Дочкi былi бясплоднымi. Напэўна, так пакараў Бог род фараона. Малодшая дачка Неферцiцi выйшла замуж за фараона Тутанхамона. Неферцiцi памерла на чацвёртым годзе яго кiравання. Але i ён доўга не пражыў. У ягонай пахавальнi ў шкатулцы захавалiся дзве малюсенькiя мумii мёртванароджаных ягоных дзяцей. Удава Тутанхамона болей замуж не выйшла. Так на дачцэ Неферцiцi Анхесенпаатон i скончылася васемнаццатая дынастыя егiпецкiх фараонаў, сышла з гiстарычнай арэны калiсь вялiкая i дружная сям'я Эханатона i Неферцiцi. А ўсяму вiною блуд фараона...
Усе моўчкi глядзелi на вогнiшча. Галя паднялася i пайшла спаць у палатку. Мiкола пайшоў правесцi яе, аб нечым размаўляў з дзяўчынай.