Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 60.

Шрифт
Фон

А калi тая схавалася ў палатцы, ён аслупянела запынiўся i амаль хвiлiну пазiраў некуды ў цемру.

- Што з табою? - аклiкнуў яго Анатоль.

Той здрыгануўся i моўчкi вярнуўся да вогнiшча. Праз хвiлiну ў стане паказаўся Алесь. Гайва ажывiлася, пачала жартаваць.

- Пацалуй мяне перад хлопцамi! - шапнула яму на вуха. - Апошнi iспыт. Тады паверу, што кахаеш!

Алесь упарта маўчаў.

- Можа, спаць пойдзем? - спытаў у хлопцаў Мiкола. - Туман над рэчкаю, да сну хiлiць...

- А вось калi Алесiк пацалуе мяне, тады i пойдзем! - засмяялася Гайва i падставiла хлопцу шчаку. Але той не пацалаваў. Гайва надзьмула вусны i ўскочыла з бярвенца.

- Пайшлi, Маруся, дадому! - паклiкала яна.

Дзяўчаты развiталiся. Алесь i Анатоль узялiся правесцi iх дахаты. Калi яны адышлiся на некалькi метраў ад лагера, пачулi страшэнны крык Мiколы, хлопец крычаў не сваiм голасам. Яны кiнулiся назад. Збялелы, перапалоханы Мiкола сядзеў на каленях ля Галiнай палаткi, а дзяўчына сонна лыпала вачыма, пацiраючы шыю.

- Вось у гэтае месца! - паказваў на Галiну шыю Мiкола.

Рукi ў яго трэслiся.

- Скура не пракушана, - шаптаў ён. - Яна ў Галi так энергiю забiрала - як вампiр кроў смокча. Прыцiснулася вуснамi да шыi - i забiрала энергiю. Яна ў лесе стаяла за дрэвамi, пакуль мы сядзелi ля вогнiшча. Чакала. Я бачыў яе ў падзямеллi...

- Хто гэта быў? - спытаў Антось. - Жанчына? Ты яе ведаеш?

- Соф'я... - трасучыся, вымавiў Мiкола. - Аленчына мацi...

- Казкi ўсё гэта! - працягнуў Анатоль.

- Не казкi! - перабiў яго Антось. - Соф'я - энергетычны вампiр. Яе астральнае цела выходзiць у час сну i забiрае ў людзей энергiю. Калi Соф'я памрэ, цела яе застанецца ружовым у труне, бо астрал будзе падтрымлiваць яго, сiлкаваць энергiяй. Трэба забiць асiнавы кол на яе магiле, калi памрэ, iнакш яна доўгi час будзе мучыць людзей i мёртвая...

Маруся здрыганулася. Усе баялiся заставацца ў лагеры. Мiкола прапанаваў пайсцi начаваць да ягонага бацькi.

- Нам трэба ўсю ноч малiцца, - прамовiў Антось.

I яны рушылi ў бок вёскi.

Ля хаты дзядзькi Адася Маруся развiталася i пайшла спаць.

Галя прапанавала Анатолю пайсцi да яе.

- Людзi смяюцца, што я то ў палатцы начую, то ў Адася, - сказала яна. Хопiць дзьмуцца на мяне. Я табе дарую тое, што ты з Марусяй абдымаўся...

- Я з ёю не абдымаўся! - раўнуў на яе Анатоль. - Мне раўнiвая жонка не патрэбна!

I скiраваў у двор.

Гайва стаяла памiж Мiколам i Алесем i смяялася.

- Галя, пойдзем начаваць да дзядзькi? - жартавала яна.

Тая, развiтаўшыся, пайшла дахаты адна.

- Ну што ж, - Гайва горда ўзняла галаву, - iдзiце, хлопцы, сабе спiце! А я пагуляю... Адна... Вось Алесiк не пацалаваў мяне, значыць, не кахае...

Мiкола тым часам цмокнуў дзяўчыну ў шчаку. Яна засмяялася.

- Да пабачэння! - скрывiўшы вусны, прамовiў Алесь i пайшоў ад iх.

Гайва сцiхла. Ёй стала крыўдна i адначасова сорамна. Яна памкнулася была пабегчы за Алесем, але не рашылася.

- Хлопцы, iдзiце ў хату! - загадаў Антось. - Я правяду Гайву, мне трэба з ёю пагаварыць...

Анатоль стомлена паплёўся за Мiколам да дзвярэй.

Калi падышлi да хаты дзеда Ўладыморыка, Антось стаў насупраць Гайвы i прамовiў:

- Памятай, у цябе брат вялiкi чалавек, князь, дырэктар фiрмы, а ты пустая i дурная... Цябе нiколi не пакахае нiводзiн хлопец, бо ты кiдаешся iмi, зневажаеш. Табе здаецца, што ты - каралева, а на самай справе - дзяўчынка на ноч... Так, хто першы пацалуе!..

Гайва з размаху стукнула яго па твары.

- Дзякуй, - пацёр шчаку Антось. - Можа, паразумнееш! Другi табе праўду нiколi не скажа, а выкарыстае тваё глупства ў сваiх мэтах... Хлопцы любяць дурненькiх, без гонару, пустых, як збанок той, што валяецца ў дзеда Ўладыморыка ля сабачай будкi...

* * *

Горкiмi здавалiся першыя яблыкi, горкiмi былi малiны i ўвесь свет для Зоськi, асаблiва калi яна падыходзiла да люстэрка. Увесь яе твар быў пабiты прышчамi.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги