- Там нiчога няма! - закрычаў ён Гайве, якая ўжо спускала яму вяровачную лесвiцу.
- I мары твае, i словы, i каханне - усё гэта дутае, вось такое, як кубак гэты прыгожы! - засмяялася Гайва. - Усярэдзiне ў iм - пустата!
Мiкола пачаў падымацца. Кiнуў позiрк унiз, i яму падалося, што там стаяла i пазiрала на яго жанчына ў ружовым халаце...
Аўдоцця, папраўляючы белую ў крапiнкi хустку, уляцела ў двор дзеда Ўладыморыка. Той корпаўся ў агародзе.
- А бяроз ля цябе насаджана, ай колькi! Мусiць, поўны пограб квасу! сакатала маладзiца i дакранулася рукою да ствала дрэва. - Ай, спёка якая, а бяроза халодная як лёд!
- Белы колер бярозы не для прыгажосцi, - пасмiхнуўся дзед. - Бачыла, як вясною беляць дрэвы? Гэта робяць, каб зберагчы дрэва ад сонечных апёкаў... Вось i бярозе Гасподзь даў белы ствол, каб сонечныя промнi не шкодзiлi.
- А дуб як жа тады? - пераступiла з нагi на нагу маладзiца.
- А ў таго кара тоўстая... Малады - гэты велiкан кволы, не любiць марозу, ветру, сонца, таму прарасцi i жыць першыя два-тры гады ён можа толькi пад апекаю iншых дрэў i кустоў. Ты, напэўна, бачыла на лясных палянках адзiнокiя магутныя дубы? I пыталася ў сябе: чаму яны не загiнулi i растуць тут, калi больш дрэваў наўкола няма! Адказ просты: тут некалi былi дрэвы i кусты, якiя дапамаглi дубу вырасцi. А iх гадаванец перажыў сваiх апекуноў!
Аўдоцця заўважыла, што з гаража выйшаў Вайдаш Дуброўскi, i загаварыла мацней:
- Ай, а мая ж Галечка збiралася замуж за Анатоля, дык гэтая ж Маруся, што ў твайго Вайдаша ў маёнтку працуе, адбiла яго!
Дуброўскi зiрнуў на жанчыну. Яна перахапiла позiрк i дадала:
- Дрэнных кадраў сабе падбiраеце, Вайдаш! Учора Маруся ў лесе з Анатолем стаяла! Як дождж iшоў.
Той уздыхнуў i адвярнуўся ад яе.
- А мая ж Галечка плача i плача! - не сунiмалася Аўдоцця.
Дзед Уладыморык махнуў на яе рукою, падняў вядро i пайшоў у хлеў.
Аўдоцця крыху пастаяла i падалася да другога двара. Тут жыў Рыгор. Мужчына гарадскi, купiў нядаўна ў Вiшаньцы хату. Дзецi ў яго дарослыя, пажанiлiся ўжо. Пакiнуў жонцы кватэру, а сам прыехаў сюды.
Рыгор стаяў на ганку ў джынсах, без майкi.
- Ты, як манах, жывеш! - крыкнула яму праз плот Аўдоцця. - Бабу сабе не хочаш?
- У сваты прыйшла? - засмяяўся Рыгор.
- Бессаромнiк, накiнь што на плечы! - махнула на яго рукою Аўдоцця. Навошта ты мне патрэбны?! Памрэш, дык прыедуць твае дзецi ды хату тваю на чатыры часткi падзеляць, а мне пятая застанецца - бяры бярвеннi ды цягнi пятую частку! Ведаю я законы, дарагi! На цябе iшач, а тады ўсё дзецям застанецца!
- А я на жонку хату перапiшу! - адказаў Рыгор. - Пойдзеш тады?
- На халеру ты мне! - плюнула Аўдоцця. - Галю маю лепш бяры, маладую!
- Прыводзь! - засмяяўся зноў Рыгор i прысеў на ганак.
- А я ж чула, што ў цябе палюбоўнiца ў горадзе была, якую ты замуж не ўзяў! - вышчарылася Аўдоцця. - Колькi з жонкаю жыў, столькi табе i помсцiла! А вось, глядзi, i сюды дабярэцца!
- Тфу на цябе! - плюнуў Рыгор. - Не накаркай!
Аўдоцця скрывiлася i пайшла да сваёй хаты.
Аленка доўга чакала на прыпынку аўтобус. Павiнна была прыехаць мацi. Нарэшце падкацiла легкавая машина, i адтуль, незадаволена буркаючы, вылезла Соф'я ў кароткай спаднiцы i маладзёжнай майцы.
- Ты ўжо зусiм з глузду з'ехала! - не стрымалася Аленка. - Бабы ў вёсцы засмяюць!
- Пляваць мне на тваiх баб! - кiнула ёй у рукi сваю дарожную сумку Соф'я. - Я дзеля шчасця свайго прыехала!
Яна паправiла прычоску:
- Бабка твая памерла.
- Што, бабка? Ты хiба з Жыровiч? Чаму ж тэлеграму не дала на пахаванне прыехаць?
- Надта шмат пытанняў задаеш! - пайшла паперадзе Соф'я, горда трымаючы галаву.