Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 56.

Шрифт
Фон

Збан, аб якi не адна дурнiца разаб'е галаву!

Мiкола збялеў.

- Добра, не крыўдуй! - прымiрэнча дакранулася да ягонай рукi Гайва. - Гэта ў мяне з дзяцiнства. Люблю казаць, што думаю. Яшчэ люблю мучыць хлопцаў, асаблiва тых, якiя мяне кахаюць. А вось закахалася сама, у Алесiка, але нiзашто не прызнаюся! I буду яго мучыць... Люблю сцэны, як у фiльмах пра сярэднявечча: рыцар на каленях прызнаецца ў каханнi...

Яна засмяялася:

- Алесiка ўжо так два разы мучыла. Адзiн раз загадала ў рэчцы халоднай пакупацца, мне кветак з таго берага прынесцi, а другi раз - каб залез на вежу i напiсаў там маё iмя.

- Трэцяга разу не будзе! - пасмiхнуўся Мiкола.

- Што я скажу, тое i будзе! - упарта адказала Гайва. - Каралевы заўсёды ставiлi перад кавалерамi iспыты,каб тыя маглi даказаць сваю адданасць, сваё каханне. Вось калi Алесiк выканае маё трэцяе заданне, апошняе, тады згаджуся быць ягонай жонкай.

- Ты не кахаеш яго...

Гайва засмяялася i пабегла да склепа разбуранай царквы, спусцiлася туды, адчынiла таемныя дзверцы i крыкнула:

- Вось табе даказваю, што кахаю!

I палезла ў падзямелле.

Яны iщлi па цёмным калiдоры, выкладзеным брукаванкай. Пахла сырасцю i плесняй. Мiкола падняў лiхтарык угору. Роўная, пакрытая зялёным налётам столь.

- Калi дзверцы так лёгка адчыняюцца, тады мы не першыя тут, - зрабiў выснову хлопец.

- Тут былi спелеолагi, - паведамiла Гайва. - Такiя лабiрынты прайшлi, розныя пасткi тут, нечаканасцi, тупiковыя калiдоры, карацей, адны загадкi... Таму мне брат i забаранiў лазiць сюды...

- А Блакiтны пакойчык знайшлi? - пацiкавiўся Мiкола. - Кубак жалезны...

- Пакойчык знайшлi, а кубка - не... Пайшлi пакажу, дзе той пакойчык, пацягнула яго за руку Гайва.

Неўзабаве ад галоўнага ходу аддзялiўся ў правы бок другi ход, вузейшы. Яны звярнулi туды, але хутка натыкнулiся на сцяну.

- Завяла! - расчаравана прамовiў Мiкола i прытулiўся да халоднай сцяны. Раптам заўважыў збоку вывалены камень, пасвяцiў туды лiхтарыкам. - Гэй! Ды там жа, пад намi, яшчэ адзiн калiдор! Глядзi!

Гайва прасунула ў шчылiну галаву i сапраўды ўбачыла ў цьмяным святле лiхтарыка каменную падлогу...

- Можа, там якi пакойчык? - шапнула яна. - Але мы, сябра, не туды прыйшлi! Трэба вярнуцца назад, да галоўнага калiдора, прайсцi далей, там будзе паварот налева, я пераблытала - Блакiтны пакойчык знаходзiцца далей. Трэба доўга iсцi, а потым налева звярнуць, там, дзе чырвоным адзначана - крыжык спелеолагi паставiлi...

- Усё роўна ж кубка там не знайшлi, - адмахнуўся Мiкола. - Стой тут, а я скокну - гляну, што там!

I знiк у прагалiне.

...Мiкола стаяў у пакойчыку сярод халодных сцен, выкладзеных камянямi, палова з якiх вывалiлася са сцяны i ляжала пад нагамi. Хлопец асвятлiў пакойчык лiхтарыкам, крыкнуў нешта ўгару Гайве i накiраваўся ў адтулiну, што была раней дзвярыма. Прайшоў яе i апынуўся ў шырокiм калiдоры. Доўга iшоў па iм, калi раптам з-за вугла паказалася нейкая постаць. Мiкола асвятлiў яе. Жанчына ў ружовым халаце, з сабранымi ў пук валасамi нават не адрэагавала на святло. Яна цiха наблiжалася да яго. Калi параўнялася, запынiлася i глянула на яго. "Цётка Соф'я? - здзiвiўся Мiкола. - Аленчына мацi! Як яна сюды трапiла?"

Жанчына пайшла далей i знiкла за паваротам. Мiкола пайшоў у той бок, з якога iшла яна, але хутка натыкнуўся на сцяну. Нейкi страх пракраўся ў душу. Мiкола подбежкам вярнуўся ў пакойчык, пасвяцiў угару i ўбачыў вясёлы тварык Гайвы.

- Ну што, знайшоў кубак? - засмяялася яна.

- Пашукай дзе вяроўку, - папрасiў ён. - Я хачу выбрацца адсюль!

Гайва пабегла, а Мiкола прысеў на выступ у сцяне, адштурхнуў нагою невялiчкi камень. Той адкацiўся, але, як здалося Мiколу, з металiчным грукатам. Хлопец пасвяцiў уперад i ўбачыў на падлозе... кубак! Схапiў яго i пачаў разглядваць. Зялёны ад сырасцi i цвiлi жалезны кубак сапраўды быў з вечкам. Мiкола адкрыў яго, заглянуў усярэдзiну. Ён быў пусты...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги