- А калi ж я паспела награшыць, што мне з маленства на хлопцаў не шанцуе? Якая-небудзь кракадзiлiха, глядзiш, па горадзе iдзе з прыгажуном, а тут!..
- За грахi нашы з мiнулага жыцця, - паправiла Аленка. - Вiдаць, ты ў ранейшым жыццi была злая, нiкога не любiла, вось i вярнулася на зямлю, каб выправiцца. Не спяшайся, пачакай, i сустрэнеш свайго хлопца, з якiм будзеце роднасныя душы...
- Ну, нi фiга! Каб мяне ўсялякiя калгаснiцы абскоквалi! Я ўпярод за цябе i за Галю выйду, абяцаю! Пасля паходу!
I яна скiравала да палаткi хлопцаў. Паклiкала Сцяпана. Той нехаця вылез, пацiраючы сонныя вочы.
- Чаго ў такую рань? - працягнуў, пазяхаючы.
- Мяне адзiн сноб пакрыўдзiў, будзеш абараняць! Пайшлi, пагуляем яму на зайздрасць, няхай ведае, якi ў мяне абаронца ёсць!
- Ой! - крэкнуў, пацягнуўся i нехаця прысеў Сцяпан, пачаў нацягваць красоўкi. - А што такое "сноб", га?
- Снобамi называлi ў Францыi дзяцей дробных чыноўнiкаў цi сялян, якiя паступалi вучыцца ў вышэйшыя ўстановы i ва ўсiм старалiся вонкава быць падобнымi на свецкiх сеньёраў, не клапоцячыся пра духоўны стан, iнтэлект, ветлiвасць, манеры, паводзiны. Вельмi моднiчалi... Гэткi сноб намалёваны ў кнiжцы: стаiць ля бочкi, сам у кiрзачах, штаны вiсяць складкамi... Кiдае ўбок белыя пальчаткi, а яны ў бочку - плясь!
- А-а! - абняў Iрэну Сцяпан. - Iнтэлект, iнтэлiгент... А чым адрознiваюцца гэтыя словы?
- Дык ты ж iнстытут у гэтым годзе скончыў, на эканамiста вучыўся i не ведаеш такiх слоў? - абурылася Iрэна. - Кожны iнтэлiгент павiнен быць iнтэлектуальным...
- Ай, масла масленае! - махнуў рукою Сцяпан. - Давай лепш цалавацца!
За сядзiбай, у лясным гушчары, так разраслiся кусты дзiкай шыпшыны, што нельга было прайсцi - драпалi твар, рукi, чаплялiся за вопратку. Нечакана трапiлася пад ногi нязвыклая для лесу раслiна - барвiнак.
- Глядзiце, глядзiце! - усклiкнула Галя i прысела ля раслiны.
- Ды што ты крычыш як апантаная, - пацягнуў яе за рукаў Анатоль. - Не ўмееш паводзiць сябе на людзях. Ну, барвiнак, ну i што? Нiколi не бачыла?
- Як яна хоча, так няхай i выказвае свае пачуццi! - заступiўся Антось. Што ты ўвесь час з яе дурнiцу робiш? Дуброўскi не па табе, а паважае яе, нават сябраваў з ёю. Яму падабаецца яе непасрэднасць. Не ўсiм жа людзям быць аднолькавымi...
- Так! - насупiўся Анатоль. - Трэба разборку рабiць! Дзякуй богу, Дуброўскi паехаў ранкам...
- Ён паехаў на сустрэчу са сваiмi сябрамi спелеолагамi! - зазначыла Галя. - Ведаеце, хто такiя спелеолагi? Альпiнiсты ў горы падымаюцца, а спелеолагi спускаюцца пад зямлю...
Анатоль незадаволена паморшчыўся i загадаў усiм сесцi на пагорку.
- У паходзе сапсавалася дысцыплiна! - заявiў Анатоль, сурова аглядваючы падарожнiкаў. - Сорам! Дзяўчаты з глузду з'ехалi, як убачылi гэтага франта Дуброўскага на iншамарцы!
Ён кiнуў калючы позiрк на Сцяпана i Iрэну i сказаў:
- А вам, закаханыя, няма чаго бадзяцца ўначы па лесе! Турыст павiнен спаць i рыхтавацца да заўтрашняга кiламетражу! Секс i спартовы паход несумяшчальныя! Калi яшчэ раз паўторыцца такое - здымаю з маршруту! Можаце адпраўляцца хоць цяпер! Аўтастопам - i на твой хутар, Сцяпан!
Iрэна незадаволена ўскочыла, глянула на Сцяпана - той моўчкi грыз сцяблiнку.
- Сядзь! - тузанула яе за калашыну Аленка. - Шалянiца! I Галю пакрыўдзiла нi за што...
Анатоль затрымаў позiрк на Аленцы.
- А ты дзе была? Мiкола хроп без заднiх ног, а ты дзе валачылася? У якой вы ўсе форме зараз? Паглядзiце на сябе! Кругi пад вачыма, сонныя, як мухi! Каханне замучыла? Перад паходам усе свае "охi", "ахi" пакiдайце дома!
- Бярыце прыклад з Галi i Анатоля! - засмяяўся Мiкола. - Яны вось жэняцца пасля паходу, а трымаюцца як чужыя! Сапраўдныя турысты!
- Галя таксама "добрая"! - не зразумеўшы Мiколкавых кпiнаў, буркнуў Анатоль. - Мяне беспадстаўна раўнуе, а сама на шыю Дуброўскаму вешалася!
- Добра, хлопцы! - падняўся Антось. - Ён жа ўжо паехаў! Iнцыдэнт вычэрпваецца. Даруем нашым дзяўчатам гэткi запал.