Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 46.

Шрифт
Фон

I болей уначы нiхто не блындаецца, нават закаханыя!..

Ён глянуў сабе пад ногi, схiлiўся над барвiнкам i ўсмiхнуўся:

- А Галя праўду казала: барвiнак! Значыць, тут могiлкi...

Усе ўсхапiлiся, пачалi разглядацца.

- Уяўляеце, ён расце тут аж з васемнаццатага стагоддзя! - раскрыла задуменныя вочы Аленка. - Уяўляеце? Сам размнажаецца, расце, а тых, хто пасадзiў яго, ужо няма... Барвiнак, пасланец з мiнулага!..

Прайшоўшы крыху ўперад, Мiкола натрапiў на яму. Над ёй навiсала куча плiт-камянёў. Ён апусцiўся на каленi ля адной з плiт i прачытаў услых:

- Анэля Ёдка. 1850-1873. Мацi Якуба...

- Фамiльны склеп разбураны ўшчэнт, - прашаптала Аленка.

- Золата шукалi... - пахмурна сказаў Антось. - А вось адзiн добры чалавек недзе тут захоўвае плiту з магiлы Якуба, каб марадзёры не забралi...

Ён сарваў сiнюю кветачку барвiнку i паклаў на Анэлiн камень.

- Калi разбураюць магiлы, надыходзiць крах цывiлiзацыi, - сумна заключыў Анатоль. - А каму тут займацца помнiкамi даўнiны? Вясковыя людзi былi цёмныя ў васемнаццатым стагоддзi, такiя i цяпер. На ахову сродкаў няма, дык хоць бы не абыходзiлiся так па-варварску з помнiкамi архiтэктуры!

Iрэна адцягнула Аленку ўбок i прашаптала:

- Мы са Сцяпанам лiняем адсюль!

- Гэта куды? - здзiвiлася сяброўка.

- На хутар да яго едзем. Прывiтанне ўсiм! Пакуль!

- Ды што ж гэта вы! - паспрабавала затрымаць яе Аленка. - Хутка да Вiшанькi дойдзем, а там - маёнтак, падзямелле, Блакiтны пакойчык... А да Сцяпанавага хутара гэта ж так далёка!

- Нiчога, аўтастопам заедзем - Нёман ад Заходняй Дзвiны недалёка. Затое рамантычна! I пажэнiмся там адразу! Абрыдла мне ўсё: горад мой, каханне, мой бацька, якi кiдаецца памiж жонкай i маладухай. Менчанкай я болей не хачу быць, бо менчанак ловяць, каб ажанiцца па разлiку! Памятаеш, як мы на танцы хадзiлi? Першае, пра што хлопец пытаецца, калi запросiць: "Вы менчанка?" Казлы iнтэрнатаўскiя на кручок нас ловяць! А на iнтэлiгентнага, на гарадскога мне не шанцуе! Яны ганяюцца за такiмi, як Галя!

- Ты занадта ўтрыруеш, Iрэна! Апамятайся! - роспачна пачала Аленка. - Са Сцяпанам у вас няма духоўнай еднасцi, iнтарэсаў. Ведаеш, як ён казаў пра сваю будучую жонку? Маўляў, такую сабе хачу, каб грады выпалала хутчэй за ўсiх баб i каб нi травiнкi! Каб сем кароў выдаiла хутчэй, чым бабы трох падояць! Ён не ведае, як гаварыць камплiменты, як трымацца за сталом. Як ты пражывеш там без культуры?

- Затое ён мне здраджваць не будзе!

- Ты ж яго не кахаеш...

- А што мне дало тое каханне? Дрыжала пры кожным званку тэлефона, бегла на кожны званок у дзверы... Хадзiла як апантаная за iм следам... А цяпер Дуброўскi! Ён нават не захацеў майго цела!.. Я нiкому не патрэбна, нiкому...

- Чым табе спадабаўся Дуброўскi? - здзiвiлася Аленка.

- А хiба ты сляпая? - усклiкнула Iрэна. - Адна толькi ты сляпая, бо ў свайго дурня Мiколу закахалася! Дуброўскi - мужчына з шармам, старэйшы за мяне, а значыць, мудры, спагадлiвы, разумны! Хiба твой летуценнiк Мiкола раўня яму?

- Лепшага за Мiколу нiкога няма, - адказала Аленка. - Ён прыгожы, рослы, вясёлы... А як iграе на гiтары, складае вершы!..

- Не для цябе ён, Аленка! Ён - пусты, павер мне, пусты! Не вер бутафорыi, знешнасцi, згадай паэта: "Так что же есть такое красота и для чего ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?" А Дуброўскi - агонь!..

- Навошта ж табе тады Сцяпан, гэты бугай калгасны? Прага да цела пройдзе, i вы застаняцеся чужымi. Самае страшнае - пражыць свой век з чужым чалавекам! Ты адна там будзеш, як сасна на Поўначы, сасна, якая любiць сонца... Табе патрэбна залатая аправа, Iрэначка!..

Але сяброўка ўпарта скрывiла вусны, цмокнула Аленку ў шчаку на развiтанне i пабегла да Сцяпана, якi чакаў яе на ўзлеску, трымаючы ў руцэ два заплечнiкi.

IV

Марусi снiўся гэты сон ужо не першы раз.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги